Пошук

05.08.2017 14:00   Catholic.by

5 жніўня ўдзельнікі Душпастырства чыгуначнікаў пры парафіі Маці Божай Ларэтанскай у Сокале здзейснілі аўтобусную пілігрымку ў Нацыянальны санктуарый Маці Божай у Будславе.

Святую Імшу ў санктуарыі для пілігрымаў цэлебраваў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Звяртаючыся да прысутных падчас гаміліі, іерарх прыгадаў гісторыю Беларускай чыгункі. Першыя чыгуначная дарога ў Беларусі з’явілася 155 гадоў таму, калі ў эксплуатацыю быў уведзены ўчастак чыгуначнай дарогі з Санкт-Пецярбурга ў Варшаву.

Першай чыгуначнай лініяй на Беларусі стала частка вышэй згаданай чыгункі з Парэчча да Гродна.

«Чыгуначныя лініі — адна з найбольш развітых галін нашай эканомікі і інфраструктуры. Гэтым самым Беларуская чыгунка ўносіць вялікі ўклад у гаспадарчую дзейнасць краіны», — заўважыў арцыбіскуп.

Іерарх заахвоціў згадаць у малітве усіх канструктараў, навукоўцаў, будаўнікоў, інжынераў і саміх чыгуначнікаў; «якія твораць веліч Беларускай чыгункі». Звяртаючы ўвагу на абраз Маці Божай Будслаўскай, арцыбіскуп адзначыў паставу Марыі, далонь якой указвае на Езуса, быццам кажучы: «Вось тая дарога, якой вы павінны ісці».

«Вы, працаўнікі Беларускай чыгункі, з’яўляецеся людзьмі ў пастаяннай дарозе і вам не трэба тлумачыць, што азначае трымацца адпаведнага напрамку руху, — адзначыў іерарх. — Змена накірунку руху цягніка вядзе да катастрофы і нават чалавечых ахвяр, таму ён павінен ехаць паводле зададзенай трасы».

Арцыбіскуп дадаў, што Марыя на Будслаўскім абразе паказвае на Езуса, каб «мы Яго слухалі, бо Ён з’яўляецца дарогай, праўдай і жыццём».

Поўны тэкст гаміліі іерарха ТУТ››

«Не трэба вам гаварыць аб тым, што чалавек павінен ведаць мэту сваёй жыццёвай дарогі і паслядоўна імкнуцца да яе. На гэтай дарозе не можа не быць Езуса з Яго Евангеллем, якое заклікае да малітвы і навяртання», — сказаў Мітрапаліт.

Паводле яго слоў, найчасцей навяртанне ўспрымаецца як змена мыслення, перапрашэнне ў Бога і разрыў з грахом.

«Кожны з нас грэшны і таму патрабуе змены мыслення і напрамку дзеяння. Патрабуе гэтага і грамадства, бо кожны дзень прыносіць новыя заданні і выклікі, на якія трэба адказваць. Святое Пісанне успрымае грэх як разыходжанне з мэтай. Таму наш грэх — гэта не толькі супрацьпастаўленне Богу і парушэнне Божага закона. Ён таксама з’яўляецца прычынай таго, што мы пачынаем ісці ў няправільным напрамку, што вядзе да паразы і няўдачы. У гэтым кантэксце навяртанне — перадусім змена кірунку жыцця», — нагадаў іерарх.

На завяршэнне арцыбіскуп заклікаў звярнуцца да Марыі з малітвай у інтэнцыі чыгуначнікаў Беларусі: «Выпрасі ў свайго сына Езуса Хрыста Беларускім чыгуначнікам ласку заўсёды заставацца вернымі свайму хрысціянскаму пакліканню і ніколі не збочваць з дарогі Евангелля», — заключыў ён.

6 жніўня чыгуначнікі адзначаюць прафесійнае свята чыгуначніка.

Абноўлена 06.08.2017 12:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.