У капліцы на Цэнтральным чыгуначным вакзале польскага Уроцлава з 17 па 23 сакавіка праводзяцца велікапосныя рэкалекцыі.
Выбар нетыповага месца для духоўных практыкаванняў — ідэя ксяндза Яна Клешча, капелана чыгуначнікаў Уроцлаўскай архідыяцэзіі.
Рэкалекцыі распачаліся ў нядзелю і праходзяць пад дэвізам Kolej na nawrócenie — «Рэйкі да навяртання».
У вакзальнай капліцы штодзённа можна сустрэць пераважна падарожных і чыгуначнікаў. Як адзначае ксёндз Ян Клешч, «нячаста здараецца так, каб капліца пуставала».
«Так і з’явілася думка паспрабаваць арганізаваць першыя ў гісторыі — бо я не чуў, што такое дзесьці было: калі і так, то дакладна не ва Уроцлаве, — рэкалекцыі на вакзале», — сказаў капелан чыгуначнікаў.
Праводзіць духоўныя практыкаванні ксёндз доктар Аляксандр Радэцкі, тэолаг, рэкалекцыяніст і выкладчык. Святыя Імшы з рэкалекцыйнай навукай адбываюцца штодзённа а 15-й гадзіне.
«Штодзённа а 15-й гадзіне ў капліцы знаходзіцца шмат людзей, якія збіраюцца на Вяночак да Божай Міласэрнасці. Мы хочам паспрабаваць, ці ўдасца затрымаць іх крыху даўжэй за 15–20 хвілін, якія займае Вяночак, скажам, да гадзіны», — сказаў ксёндз Ян Клешч.
Святар таксама наладзіў супрацоўніцтва з каталіцкім тэлебачаннем EWTN, дзякуючы чаму трансляцыя вакзальных рэклекцый вядзецца ў інтэрнэце. Як адзначаецца, гэта не толькі адкрывае рэкалекцыі для ўдзелу ахвотных з усяго свету, але таксама падкрэслівае сучасны падыход да духоўнасці і евангелізацыі.
Выбар Цэнтральнага вакзала ў якасці месца правядзення велікапосных рэкалекцый таксама невыпадковы. Гэта прастора, якую штодзённа наведваюць сотні людзей, што дае ўнікальны шанц данесці пасланне веры тым, хто, магчыма, у іншых абставінах не стаў бы ўдзельнічаць у рэкалекцыях.