Пошук

03.08.2017 10:44   Тэкст: waladarka.by / Фота: Святлана Жылевіч / Catholic.by

З 27 па 30 ліпеня ў парафіі Нараджэння Маці Божай праходзілі XIII рэкалекцыі цвярозасці. Арганізатарам выступіла душпастырства цвярозасці Гродзенскай дыяцэзіі ў супрацоўніцтве з кс. Анджэем Бочарам MS.

Беларусы па-ранейшаму застаюцца аднымі з сумных лідараў па колькасці ўжывання спірту на чалавека ад агульнай колькасці насельніцтва. Важную ролю ў дапамозе залежным адыгрываюць групы Ананімных Алкаголікаў. А вось з духоўнай дапамогай прыходзіць Касцёл: пры парафіях ствараюцца душпастырствы цвярозасці, арганізоўваюцца сустрэчы альбо рэкалекцыі, у Бягомлі пры каталіцкай парафіі працуе Цэнтр дапамогі залежным ад алкаголю і наркотыкаў.

Рэкалекцыі ў Браславе — адна са штогадовых ініцыятыў. Два разы на год рэкалекцыі праходзяць у Баранавічах, адзін раз у Гродне, а таксама праводзяцца сямейныя рэкалекцыі ў Далёкіх. Адзін з арганізатараў рэкалекцый у Браславе і Далёкіх — неабыякавы да праблемы кс. Анджэй Бочар MS. Святар уласным прыкладам заклікае вернікаў сваёй парафіі (у вёсцы Далёкія, Браслаўскага р-на) адмовіцца на некаторы час ад ужывання і куплі алкаголю, запісвацца ў так званую «Кнігу цвярозасці», вучыцца жыць і святкаваць без алкаголю, ствараючы тым самым цвярозае грамадства.

«Калі маці ці жонка хоча, каб іх сын ці муж перасталі піць, то перш за ўсё павінны самі перастаць ужываць алкаголь. І ўвогуле не трымаць яго ў сваім доме», — падкрэслівае ксёндз Анджэй.

«Чалавек, які перастаў ужываць алкаголь, павінен нанова вучыцца будаваць ўзаемаадносіны з іншымі. Калі ён злоўжываў алкаголем, то быў, як малое дзіця, за ім даглядалі іншыя, бо сам быў не ў стане пра сябе паклапаціцца. Цяпер жа павінен будаваць жыццё нанова, — дадае святар. — Калі ж чалавек, які перастаў піць, не развіваецца духоўна (самастойна ці, напрыклад, праз такія рэкалекцыі), то ён не можа доўга вытрываць у сваёй пастанове».

Пра важнасць духоўнага развіцця ў цвярозым жыцці кажуць і самі ўдзельнікі рэкалекцый:

«Рэкалекцыі для мяне — гэта час духоўнага ўзрастання, гэта магчымасць адкласці штодзённыя справы і добра падрыхтавацца да споведзі. І, канечне, гэта зносіны. Гэта размова з людзьмі і з Богам, — падзялілася Тамара з Маладзечна. — Нават у 11 кроку ў праграме Ананімных Алкаголікаў гаворыцца: “імкнуцца шляхам малітвы і роздумаў паглыбіць судакрананне з Богам (…)”».

Дні рэкалекцый былі напоўнены малітвай, канферэнцыямі, разнастайнымі набажэнствамі. Было дастаткова часу і на адпачынак на прыродзе, на знаёмствы з іншымі ўдзельнікамі і з Браслаўскім краем.

Абноўлена 03.08.2017 10:44
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.