Пошук

02.08.2017 13:05   Эла Дзвінская / krynica.info / Фота: Эла Дзвінская

Пра гэта ўзгадалі родныя Ігната Дамейкі 31 ліпеня ў Чырвоным касцёле, дзе цэлебравалася св. Імша з нагоды 215-годдзя ўраджэнца Беларусі.

Ініцыятарам распачацця працэсу аб бэатыфікацыі Ігната Дамейкі быў Франсіско-Хаўер Эрасурыс Осса папярэдні арцыбіскуп архідыяцэзіі Сант'яга-дэ-Чылі. Падрыхтоўчыя працы да распачацця працэсу ідуць з 1996 года.  

Дамейка — даследчык-геолаг, мінеролаг, нацыянальны герой Чылі. Ён нарадзіўся 31 ліпеня 1802 года, у дзень успаміну святога Ігнацыя Лаёлы ў мястэчку Вялікая Мядведка Наваградскага павета.

З 1812 года разам з братам Адамам вучыўся ў школе ордэна піяраў у Шчучыне. Пасля паступіў у Віленскі ўніверсітэт, дзе далучыўся да дзейнасці Таварыства філаматаў і філарэтаў. У 1830 годзе ён выехаў у Літву, а потым у Польшчу і Германію.

У 1834 годзе Ігнат Дамейка паступіў у Горную школу ў Парыжы. У 1837 годзе ён склаў геалагічную, гідраграфічную і гаспадарчую мапы былой Рэчы Паспалітай. У 1837 годзе навуковец прыняў прапанову чылійскага ўраду і падпісаў кантракт на пасаду выкладчыка горнай школы Ля Сэрэна ў горадзе Какімба.

Члены сям’і Ігната Дамейкі прыехалі ў Беларусь для ўдзелу ў навуковай канферэнцыі «Геалогія і мінеральныя рэсурсы Захада Усходне-Еўрапейскай платформы», прысвечанай юбілею Ігната Дамейкі, у Акадэміі навук Беларусі.

«Мне вельмі прыемна бачыць партрэт Ігната Дамейкі ў касцёле і абраз Божай Маці, перад якім ён маліўся. Дон Ігнацыё быў добрым мужам і сем’янінам, таму ў яго ў Чылі шмат нашчадкаў, сям’я даволі вялікая, — распавядае праўнучка Дамейкі сен’ёра Паз.

Апошнія 20 гадоў я прысвяціла даследванню жыцця майго прадзеда. Пра яго я напісала кнігу на іспанскай мове, якая была выдадзеная ў Чылі і перавыдадзена па-англійску ў Аўстраліі, дзе я жыву.

Презентацыя кнігі адбудзецца гэтымі днямі ў Мінску. У кнізе я імкнулася паказаць паўнату яго асобы. Ён быў рамантыкам і адначасова рэлігійнай асобай, навукоўцам, добрым бацькам. Таму ў Чылі і ў іншых кутках свету жывуць шмат яго праўнукаў».

Памяць у Чылі

У Чылі вельмі шануюць памяць пра Ігната Дамейку. Яго імем названы вулканічны ланцуг гор у Андах, мінэрал дамейкіт,  фіялкавая кветка (віёла дамейкона, Viola domeykana),  шэраг аб’ектаў тапанімікі і грамадскіх установаў па ўсім свеце.

У Чылі ёсць невялікае мястэчка Дамейка ў адміністрацыйным рэгіёне Атакама, паміж гарадамі Ла-Сэрэна і Вальенар, у якім жыве каля тысячы жыхароў. У гонар Дамейкі названыя вуліцы ў Санцьяга дэ Чылі, Вальпараіса і яшчэ ў васьмі гарадах Чылі, а таксама ў Вільні, Мінску і Навагрудку.

Абноўлена 04.08.2017 12:58
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа