Пошук

30.07.2017 11:21   Catholic.by
Фота:pixabay.com

30 ліпеня па запрашэнні Шаўляйскага біскупа Яўгена Бартуліса Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч прыняў удзел ва ўрачыстасцях і прамовіў гамілію падчас святой Імшы на славутай Гары крыжоў пад Шаўляем у Літве. Святая Імша трансліравацца ў прамым эфіры тэлебачання ЛРТ.

У гаміліі на літоўскай мове беларускі іерарх успомніў гісторыю, якая адбылася ў 1993 г. падчас візіту папы Яна Паўла ІІ у балтыйскія краіны, у тым ліку і ў Літву на Гару крыжоў. У той час там не было адпаведнай сахрыстыі.

У Калінінградзе касцёл меў адмысловую капліцу на колах — яна была ўладкавана ў прыцэпе мікрааўтобуса. Тады Каталіцкі Касцёл у Літве папрасіў пазычыць гэту капліцу, каб у ёй абсталяваць папскую сахрыстыю. Такім чынам малы Касцёл у Расіі дапамог вялікаму ў Літве.

«На славутай Гары крыжоў, якую ў савецкія часы атэісты бурылі, а людзі адбудоўвалі, мы накіроўваем свой позірк на крыж, які, дзякуючы смерці Езуса на ім, з інструмента жудасных цярпенняў стаў знакам збаўлення», — адзначыў арцыбіскуп.

 

Вядома, што падчас выйсця з егіпецкага рабства ў зямлю абяцаную Бог пакраў габрэяў за іх нявернасць і паслаў на іх ядавітых змеяў. Тады па просьбе Майсея Бог наказаў зрабіць меднага змея, каб той, хто паглядзіць на яго, не памёр ад укусаў ядавітага змея. Бог не знішчыў змея, але паслаў «антыдот» ад змяінага яда, якім стаў медны змей. Такім чынам ён адарыў чалавека гаючай моцай і міласэрнасцю, якія мацнейшыя за яд змяі.

Паводле слоў беларускага іерарха, медны змей у пустыні — гэта прароцтва пра крыж Хрыста, дзякуючы якому чалавецтва было збаўлена з палону грахоўнай атруты. Арцыбіскуп падкрэсліў, што крыж Езуса не пусты, бо такі не можа збавіць.

«Наш крыж — гэта не крыж, на якім штодзённа рымляне укрыжоўвалі злачынцаў. Наш крыж — гэта крыж з Укрыжаваным Езусам. Бо толькі такі з’яўляецца знакам нашага збаўлення», — дадаў арцыбіскуп.

У рымскія часы людзі, бачачы моцна змучанага чалавека, казалі на лацінскай мове Ex cruce, што азначае «Зняты з крыжа». Такім чынам яны хацелі падкрэсліць, што няма нічога больш страшнага за крыж.

Нягледзячы на гэта крыж знаходзіцца ў цэнтры жыцця хрысціяніна і Касцёла. «Мы распачынаем малітву знакам крыжа. Крыж ідзе наперадзе працэсіі, знаходзіцца ў нашых памяшканнях. Яго мы носім на шыі. Ён заклікае нас з любоўю прыняць штодзённыя цяжкасці. Касцёл заклікае заўсёды заставацца вернымі крыжу, бо гэта месца трыумфу Езуса», — падкрэсліў іерарх.

«Крыж Езуса не толькі вызваляе з граху, але таксама вядзе ў новае поўнае Божай ласкі, святла, свабоды і благаслаўлення жыццё ў Хрысце», — сказаў Мітрапаліт.

Такім чынам крыж, як дрэва жыцця, сведчыць пра боскую моц, якая ператварае грэшнае жыццё ў жыццё ў Божай ласцы: «Таму крыж Езуса з’яўляецца Божым дарам  людзям. Нягледзячы на нашу нявернасць Богу і слабую веру, Ён не перастае нас любіць», — нагадаў іерарх.

Паводле арцыбіскупа, крыж складаецца з дзвюх частак — вертыкальнай і гарызантальнай. Вертыкальная сімвалізуе адносіны чалавека з Богам, а гарызантальная — самога чалавека. Без вертыкальнай гарызантальная падае.

Іерарх дадаў, што падобнае адбываецца і ў духоўным жыцці: без Божай дапамогі мы падаем у грахоўнае балота, а Божая дапамога прыходзіць з крыжа.

Лацінскае выслоўе кажа: Orbs volvitur, bet Chrux stat  — «Зямля круціцца, а крыж стаіць». Гэта азначае, што, не гледзячы на змены, якія адбываюцца ў свеце, крыж заўсёды застаецца тым самым. Святы Аўгусцін кажа, што на дрэве крыжа Езус сказаў толькі некалькі слоў, але Яго крыжовае пасланне ва ўсёй паўнаце выказала тое, чаму Ён вучыў і што рабіў.

Як дадаў арцыбіскуп, прыбіты да крыжа, Хрыстус не мог дзейнічаць, як дзейнічаў перад гэтым, але адначасова Ён абвясціў Добрую Навіну, якая заклікае верыць у Бога, заахвяраваць яму ўсё, бо ён знішчыць моц смерці ў нас саміх.

Беларускі іерарх заклікаў прысутных не адмаўляцца крыжа ў новых умовах секулярызму, заставацца вернымі Богу з мэтай быць фарпостам рэлігійнага жыцця і духоўнага святла ў сучасным свеце.

Абноўлена 02.08.2017 11:01
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.