Пошук

26.04.2025 18:04   Тэкст: Кс. Павел Эйсмант / Стоп-кадр: Youtube-канал «Радыё Марыя Беларусь» / Catholic.by

25 красавіка на Youtube-канале «Радыё Марыя Беларусь» з'явілася інтэрв'ю вядучай Вікторыі Кароль-Маўчанскай з арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам, які падзяліўся з гледачамі сваімі ўспамінамі пра Папу Францішка.

Ганаровы іерарх распавёў пра асабістыя сустрэчы з арцыбіскупам Буэнас-Айрэса кардыналам Хорхэ Марыё Бэргольё, а потым са Святым Айцом Папам Францішкам. Ён таксама паразважаў пра ролю спачылага Пантыфіка ў сучаснай гісторыі Касцёла.

Арцыпастыр падчас інтэрв'ю некалькі разоў прамовіў словы Папы, якія Францішак паўтараў падчас кожнага сіноду: «Маліцеся за мяне». Паводле меркавання арцыбіскупа Кандрусевіча, гэта  навучанне Папы, а яшчэ больш  жыццёвы прыклад пакоры, які ён пакінуў для кожнага католіка: трэба заўсёды памятаць пра штодзённую малітву, каб мець сілы ісці за Хрыстом.

Адметным момантам інтэрв'ю было разважанне іерарха пра этымалагічнае значэнне назвы горада Буэнас-Айрэса, сталіцы Аргентыны, цэнтра архідыцэзіі, ў якой наступнік святога Пятра быў пастырам перад яго выбарам на Святы Пасад. «Буэнас-Айрэс» па-іспанску азначае «новае, свежае паветра». Арцыбіскуп звязаў гэтае значэнне з рэформамі, якія ў Касцёле правёў Папа Францішак.

«Свежы подых духа прыйшоў у Касцёл з яго служэннем, і мы гэта адчулі»,

— сцвердзіў арцыпастыр.

Кажучы пра дзейнасць Папы па ачышчэнні Касцёла ад бруду граху і злачынстваў, якія выклікалі вялікія скандалы ў свеце, арцыбіскуп Кандрусевіч заўважыў:

«Шмат было зроблена ў тым напрамку, каб ачысціць Касцёл, каб гэты новы дух, дух "буэнас-айрэса" ўвайшоў у жыццё Касцёла».

Поўнасцю паглядзець інтэрв'ю з арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам можна ніжэй.

 

Абноўлена 28.04.2025 09:09
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця