Пошук

14.07.2017 17:11   Catholic.by

13 ліпеня ў касцёле Найсвяцейшай Панны Марыі Ружанцовай у Гарадзішчы прайшла св. Імша з нагоды 75 гадавіны пакутніцкай смерці святароў, ахвяраў Калдычэўскага канцлагера. Святую Імшу цэлебраваў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.

У гаміліі іерарх адзначыў, што касцёл у Гарадзішчы знаходзіцца не так далёка ад месца, дзе ў часы Другой сусветнай вайны быў канцэнтрацыйны лагер Калдычэва.

Як адзначыў біскуп, «лагер не быў месцам адбывання пакарання за тыя ці іншыя правіны, гэта было месца забойстваў людзей — пераважна жыхароў навакольных мясцовасцей».

Калдычэва — месца болю і памяці
Канцлагер дзейнічаў у 1942-44 гг. У гэты перыяд тут было забіта 22 тысячы мужчын, жанчын, дзяцей і пажылых людзей рознага паходжання і прафесій. Ахвярамі сталі і 40 каталіцкіх святароў.

Прыводзячы звесткі з адной з кніг, біскуп Пінскі распавёў, што недалёка ад лагера эксперты выявілі 24 агульныя магілы, запоўненыя целамі забітых людзей са звязанымі за спіной рукамі.

«Калдычэва — гэта значны этап гісторыі выпрабаванняў людзей падчас Другой сусветнай вайны. Яго запоўнілі вязні з Навагрудчыны, Міншчыны, Палесся, — адзначыў біскуп. — Гэтае месца напаўняе вялікім сумам, калі ўзгадваем усіх, хто загінуў у засценках канцлагера».

Іерарх дадаў, што ахвяры належалі да розных сацыяльных слаёў і нацыянальнасцей, але ўсіх іх аб’ядналі боль і пакуты.

«Калдычэўскі лагер смерці — месца, дзе секунды, гадзіны, дні, тыдні і гады многіх людзей цягнуліся ў нечалавечых умовах. Там былі і святары, маладыя і старэйшыя, якія служылі ў Пінскай дыяцэзіі. Некаторыя з іх з’яўляліся выпускнікамі Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску».

Тэкст гаміліі цалкам ТУТ››

Біскуп Пінскі зазначыў, што самым балючым была спроба забраць у людзей надзею на Бога: «Святарам нельга было цэлебраваць святую Імшу, маліцца літургію гадзінаў, маліцца супольна і мець пры сабе прадметы рэлігійнага культу. Забаранялася духоўная паслуга для паміраючых вязняў. Пінская дыяцэзія страціла падчас Другой сусветнай вайны адну чвэрць святароў. Большасць з іх — у лагеры смерці ў Калдычэве», — заключыў іерарх.

«Калі чалавек без Бога вырашае, дзе мяжа між дабром і злом, ён можа вырашыць, што хтосьці павінен памерці»
Згадваючы духоўных асобаў, якія загінулі мучаніцкай смерцю ў канцлагерах, біскуп нагадаў, што памяць пра гэтых людзей павінна быць «трывалым напамінам пра мучаніцтва, выразам салідарнасці з іншымі ахвярамі злачынстваў і заклікам да евангельскага прабачэння забойцам».


Прыводзячы выказванне святога Яна Паўла ІІ з кнігі «Памяць і свядомасць», які кажа: «Калі чалавек самастойна без Бога можа вырашаць, што з’яўляецца дабром, а што злом, то ён таксама можа вырашыць, што пэўная група людзей павінна быць зліквідавана» — біскуп зазначыў, што адбываецца так таму, што «адкінуты Бог як Творца, а праз гэта — як крыніца вызначэння таго, што ёсць дабро, а што — зло».

Паводле біскупа, вобраз Калдычэўскага канцлагера і іншых фашысцкіх турмаў паказвае, на якое злачынства здольны чалавек, які працівіцца Богу, ставіць сябе на яго месца і імкнецца авалодаць светам, папіраючы ўсе маральныя нормы.

Тым не менш сённяшняя супольная пілігрымка святароў і вернікаў у Калдычэва з’яўляецца абгрунтаванай. Мы прыбылі сюды, каб выразіць сваю вялікую пашану для тых, хто пакутваў ў лагеры смерці ў часы вайны. Прыбылі, каб прасіць Бога аб спакоі і паяднанні для ўсіх людзей.

Абноўлена 18.07.2017 14:53
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця