Пошук

14.07.2017 16:23   Catholic.by

Дарагія браты і сёстры ў Хрысце Пану!

Мы сёння сабраліся ў месцы, недалёка ад якога ў часы Другой сусветнай вайны знаходзіўся канцэнтрацыйны лагер смерці. У сваіх малітвах мы хочам узгадаць тых, хто там цярпеў і загінуў. Таксама мы просім Бога аб спакоі на зямлі і прымірэнні для ўсіх, хто у наш час у розных кутках свету пакутуе ад гвалту, прычына якога — нянавісць. Лагер смерці ў Калдычаве — гэта вядомае месца не толькі ў нашай краіне, але і за яе межамі. Гэта месца цярпенняў людзей падчас вайны. Тут прабывалі вязні розных нацыянальнасцей і веравызнанняў.

Некалькі гектараў зямлі з гаспадарчымі пабудовамі на ёй абнеслі плотам першыя мучанікі лагера — яўрэі з баранавіцкага гетта. За падвойным плотам з калючага дроту былі збудаваныя першыя баракі. У большасці яны былі пераробленыя з хлявоў і гумнаў. Ад фундамента быў збудаваны трохпавярховы гмах турмы, у падзямеллях якога размяшчалася камера катаванняў і архіў.

Праз год звонку ад агароджы пабудавалі два крэматорыі, у якіх было спалена некалькі соцен цел. Наступную будоўлю, канструкцыйна мадыфікаваную, не скончылі па прычыне надыходу фронту. Лагер дзейнічаў з верасня 1941 года да канца чэрвеня 1944 года, калі акупацыйнымі ўладамі тут была ўтворана беларуская цывільная адміністрацыя пры Генеральным камісарыяце  Беларусі з цэнтрам у Мінску ў межах тагачасных Навагрудскага, Палескага і Заходняга Мінскага ваяводстваў.

Пасля адкрыцця лагера ў Калдычаве тут адразу пачалі размяшчаць вязняў. Лагер мог змясціць некалькі тысяч чалавек. Частку арыштаваных утрымлівалі ў турме ў Баранавічах, Навагрудку і ў перасыльным лагеры ў в. Дзятлава. Паля сістэматычных забойстваў апусцелы лагер напаўняўся новымі вязнямі. Лагер не быў месцам адбывання пакарання за тыя ці іншыя правіны, але месцам забойстваў людзей – пераважна жыхароў навакольных мясцовасцей. Кожны зняволены атрымліваў смяротны прысуд і не было выпадку, каб хтосьці выратаваўся. Арышты мелі характар «хапуна». Маглі арыштаваць нават тых, хто адведваў вязняў. У перыяд з сакавіка 1942 па ліпень 1944 года ў калдычаўскім лагеры смерці было забіта 22 000 мужчын, жанчын, дзяцей, старых людзей рознызх прафесій і паходжання. Сярод іх было 40 каталіцкіх святароў.

Аб гэтым сведчыць кніга «Злачынствы нямецка-фашысцкіх акупантаў на Беларусі», выдадзеная ў Мінску ў 1965 годзе. Публікацыя падае звесткі, узятыя з матэрыялаў савецкіх судова-следчых камісій. Недалёка ад лагера эксперты выявілі 24 агульныя магілы памерамі 40х5х3 метры, запоўненыя аголенымі целамі забітых людзей са звязанымі за спіной рукамі. У адной яме на тэрыторыі лагера знайшлі больш за тысячу трупаў.

Пятнаццаць ям было адкрыта ва ўрочышчы Лозы за 2 км ад Калдычэва. 8 ям — у бярэзніку Арабаўшчына (таксама за 2 км ад лагера).

Пасля вайны людзям дазволілі перазахаваць целы забітых родных і блізкіх на мясцовых могілках. Вось сведчанне адной жанчыны, жыхаркі вёскі Аколава, якая знайшла там сваіх блізкіх:

«У доле, які знаходзіўся на тэрыторыі самога лагера пасля некалькі дзён пошуку ў іншых раскопаных магілах з трупным пахам, я знайшла і вынесла целы маіх бацькоў, сястры, да грудзей якой была прытулена народжаная ў лагеры дачка. Таксама дзядзьку і цётку, якіх затым пахавала на парафіяльных могілках у Гарадзішчы. На целах забітых, за выключэннем дзядзькі, у якога быў прастрэлены жывот, не знайшла слядоў ад куляў. У яме, дзе былі забіты мае бацькі, было мноства драўляных палак, якімі, я лічу іх, забівалі».

Калдычэва — гэта значны этап гісторыі выпрабаванняў людзей падчас Другой сусветнай вайны. Яго запоўнілі вязні з Навагрудчыны, Міншчыны, Палесся. Гэта месца напаўняе нас вялікім сумам, калі мы ўзгадваемусіх, хто загінуў у засценках канцлагера.

Перад намі — вялікія групы людзей. Яны належалі да розных сацыяльных слаёў і нацыянальнасцей, адрозніваліся светапоглядам, але ўсіх іх аб’ядналі боль і пакуты. З агромнай колькасці вязняў на тым месцы, дзе Бог праз гераізм сваіх сведкаў вызначыў меру злу, перад нашымі вачыма паўстае шмат светлых і благаслаўлёных асобаў.

Калдычэўскі лагер смерці застанецца ў гісторыі як сімвал варварства. Гэта месца, дзе цягнуліся секунды, гадзіны, дні, тыдні і гады многіх людзей у нечалавечых умовах. Там былі і святары, маладыя і старэйшыя, якія служылі ў Пінскай дыяцэзіі. Некаторыя з іх з’яўляліся выпускнікамі Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску.

Яны не паддаваліся роспачы і стараліся падбадзёрваць іншых. Найбольш балючым для чалавека з’яўляецца пазбаўленне яго абсалютна ўсяго. Аб гэтым мы разважаем, калі прыгадваем вобраз Хрыста, якога каты выставілі перад народам без адзення, каб прынізіць і высмеяць. У Калдычэўскім лагеры смерці ў вязняў забіралі ўсё. Аднак акрамя матэрыяльных рэчаў іх пазбаўлялі таксама гонару і чалавечай годнасці. Умовы жыцця вязняў, як таксама і святароў, яскрава сведчылі аб абыякавасці да чалавечай асобы з боку карнікаў. Самай жа балючай была спроба забраць у людзей надзею на Бога. Святарам нельга было цэлебраваць тут Святую Імшу, маліцца на брэвіярыі, маліцца супольна і мець пры сабе прадметы рэлігійнага культу. Забаранялася духоўная паслуга на карысць паміраючых вязняў. Пінская дыяцэзія страціла падчас Другой сусветнай вайны адну чвэрць святароў. Большасць з іх – у лагеры смерці ў Калдычэве.

Прыклад духоўнай сталасці духавенства, манахаў і ўсіх вязняў канцэнтрацыйных лагераў і іншых месцаў гвалту паказалі кананізацыйныя працэсы св. Максімільяна Кольбэ, бл. Ахілеса і Германа, францішканцаў з Пяршаяў, ксяндзоў Мечыслава Багаткевіча, Генрыха Глябовіча, сясцёр назарэтанак з Навагрудка, бл. Мар’яны Бярнацкай і інш. Іх вынясенне на алтары — гэта духоўны помнік, які з’яўляецца трывалым напамінам мучаніцтва, выразам салідарнасці з іншымі ахвярамі злачынстваў і заклікам да евангельскага прабачэння забойцам.

Сённяшняя наша прысутнасць непадалёку ад былога лагера смерці — гэта роздум над таямніцай дзеяння ў свеце зла і бяспраўя (misterium iniquitatis). Аб гэтым пісаў Святы Ян Павел ІІ у кнізе «Памяць і свядомасць»: «Калі чалавек самастойна без Бога можа вырашаць, што з’яўляецца дабром, а што злом, то ён таксама можа вырашыць, што пэўная група людзей павінна быць зліквідавана».

На думку Святога Айца, гаворка ідзе перадусім пра фізічнае знішчэнне. Яно можа быць і маральным, калі асоба пазбаўляецца належных ёй правоў. Ян Павел ІІ задае пытанне: «Чаму так адбываецца? Дзе шукаць корань падобных ідэалогій? Адказ адназначны і просты: адбываецца гэта найперш таму, што адкінуты Бог як Творца, а праз гэта — як крыніца вызначэння таго, што ёсць дабро, а што — зло. Адкінута тое, што найбольш глыбока сведчыць пра чалавечнасць, адкінута паняцце “чалавечай натуры” як “рэальнасці”. Яна заменена “плодам мыслення”, які адвольна фармуецца і адвольна змяняецца паводле абставінаў».

Дарагія браты і сёстры, вобраз Калдычэўскага канцлагера і іншых фашысцкіх турмаў паказвае нам, на якое злачынства здольны чалавек, які працівіцца Богу, ставіць сябе на яго месца і імкнецца авалодаць светам, папіраючы ўсе маральныя нормы.

Звычайна пілігрымка адбываецца да святога, а не да праклятага месца. Да месца, якое адлюстроўвае таямніцу sacrum, а неmisteriuminiquitatis. Мы, аднак, прадпрынялі сёння пілігрымку туды, дзе быў канцлагер.

Тым не менш сённяшняя супольная пілігрымка святароў і вернікаў у Калдычэва з’яўляецца абгрунтаванай. Мы прыбылі сюды, каб выразіць сваю вялікую пашану для тых, хто пакутваў ў лагеры смерці ў часы вайны. Прыбылі, каб прасіць Бога аб спакоі і паяднанні для ўсіх людзей.

Існуе, аднак, мера, вызначаная злу. На першы погляд магло здавацца, што зло, якое мэтанакіравана знішчала прысутнасць крыжа, было мацнейшым. Калі прыгледзецца больш уважліва на гісторыю народаў, якія прайшлі праз выпрабаванне таталітарызмам і пераследу за веру, то мы адкрыем у іх выразную прысутнасць пераможнага крыжа Хрыста. Тое зло, моцнае і, здавалася б, абсалютнае з чыста чалавечага пункту гледжання, здольнае знішчыць усё пад корань і ўвесці чалавека ў стан роспачы, мае свае межы, па-за якімі траціць сілу. Гэтымі межамі ёсць таямніца адкуплення, канчатковая перамога Бога над злом. Перамога, знакам якой з’яўляюцца крыж і ўваскрасенне.

Ці таямніца адкуплення можа быць адказам на зло нашага часу? На зло войнаў, якія разыгрываюцца ў сучасным свеце? На разлікі тых, хто, фактычна, адкінуў Бога, але пры гэтым выкарыстоўвае Яго імя для сваіх злачынстваў?  На механізм зла, якое не ўдасца выкараніць пактамі, дамовамі і кампрамісамі? Сапраўды, немагчыма асягнуць аўтэнтычны спакой без аднясення да праўды пра Бога і чалавека. На фоне драматычных падзей нашага часу для ўсіх, на каго сістэматычна ўздзейнічае зло, няма іншага выйсця, як прыбегчы да Хрыста і яго крыжа – крыніцы духоўнай самаабароны і перамогі.

Гвалт нішчыць тое, што намагаецца абараняць: чалавечую годнасць, жыццё і свабоду. Гвалт — гэта падман, таму што ён пярэчыць праўдзе нашай чалавечнасці (пар. ККК, 496).

Спакой будзе заўсёды ў небяспецы там, дзе чалавек пазбаўляецца таго, што належыць яму па справядлівасці, дзе не шануецца яго годнасць, а міжчалавечыя адносіны не накіраваныя на супольнае дабро. Пастырская канстытуцыя пра Касцёл Gaudiumetspes ІІ Ватыканскага Сабору кажа, што, спакой не з’яўляецца выключна вынікам справядлівасці:
«Для будавання спакою неабходна цвёрдае жаданне паважаць іншых людзей, народы і іх годнасць, а таксама руплівае практыкаванне братэрства. Таму спакой з’яўляецца таксама плёнам любові, якая значна пераўзыходзіць тое, што можа даць справядлівасць» (Gaudiumetspes, 78).

Слушную заўвагу робіць таксама кс. Людвік Буяш, святар і вязень канцлагера Дахаў: «Чалавецтва павінна нарэшце ўбачыць свае памылкі і ўвайсці на шлях спакою, навучыўшыся двум найважнейшым прыказанням — любіць Бога і бліжняга. Без іх практыкавання чалавецтва загіне і дарэмнай будзе праца над спакоем».

Таму, праз заступніцтва ўсіх вязняў канцлагера ў Калдычэве, молімся да Бога аб дары спакою, які кожны дзень павінен узрастаць крок за крокам, захоўваючы ўстаноўлены Богам парадак. Просім аб спакоі ў сваім сэрцы, у сем’ях, у розных формах грамадскага супрацоўніцтва. Ідэал спакою не будзе дасягнуты, пакуль людзі не будуць з даверам і свабодна адорваць адзін аднога скарбамі духа і талентаў (пар. ККК, 495).

Мы молімся сёння ў месцы, якое канчаткова аб’явіла таямніцу міласэрнасці Бога і само ў сабе стала заклікам. Мы ўслухоўваліся ў мову гэтага месца і ў песню жыцця тых, хто ахвяраваў сабою за надзею для нас. Нам хочацца памаўчаць перад гэтым страшным змаганнем.

Мы хочам ушанаваць усіх, хто гіне сёння, становячыся ахвярамі нянавісці і рэлігійнай варожасці. Памятаем пра хрысціянаў і вызнаўцаў іншых рэлігій. Мы хочам сабраць іх галасы і злучыць іх з нашымі ў адным супольным ускліканні, паўтараючы словы святога Яна Паўла ІІ, сказаныя падчас наведвання былога канцлагера ў Асвенцыме ў 1979 г.: «Прашу ўсіх, хто мяне слухае, каб мабілізавалі свае сілы ў клопаце пра чалавека. Тых жа, хто слухае мяне з вераю ў Езуса Хрыста, прашу, каб з’ядналіся ў малітве аб спакоі і паяднанні. Мае дарагія браты і сёстры, мне ужо няма чаго сказаць. На думку прыходзяць толькі словы “Святы Божа, святы Моцны, святы Несмяротны! Ад пажару, голаду і вайны выбаў нас, Пане”».

На заканчэнне ўсклікаем словамі з «Песні сонцу» св. Францішка Асізскага: «Пане, будзь праслаўлены праз тых, хто прабачае ворагам дзеля Тваёй любові і зносіць несправядлівасць і пераслед. Благаслаўлёныя, хто трывае ў спакоі і праўдзе, бо праз Цябе, Найвышэйшы, будуць узнагароджаныя». Амэн.

Абноўлена 18.07.2017 14:57
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця