Пошук

08.07.2017 20:48   Catholic.by

7 і 8 ліпеня ў санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі ў Тракелях прайшлі ўрачыстасці ў гонар Маці Божай Каралевы Нашых Сем’яў. Сёлетні фэст быў прысвечаны 100-годдзю аб’яўленняў Маці Божай у Фаціме.

Фота Вольгі Сяліцкай, grodnensis.by

Як адзначае grodnensis.by, у якасці госця ва ўрачыстасцях прымаў удзел Мітрапаліт Рыжскі арцыбіскуп Збігнеў Станкевіч, які цэлебраваў Імшу апоўначы.

Завяршыліся ўрачыстасці цэнтральнай св. Імшой 8 ліпеня, якую ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Напрыканцы гэтай св. Імшы быў зачытаны акт аддання Гродзенскай дыяцэзіі ў апеку Божай Маці.

Фота Вольгі Сяліцкай, grodnensis.by

У сваёй гаміліі Мітрапаліт Кандрусевіч распавёў пра падзеі 100-гадовай даўніны ў Фаціме, калі Марыя аб’явілася тром сялянскім пастушкам.

«Мэтай аб'яўленняў было перасцерагчы свет ад пагрозы, якую нёс атэізм, з касмічнай хуткасцю распаўсюджваючыся ва Усходняй Еўропе», — адзначыў іерарх.

Без Бога не да парога

Арцыбіскуп згадаў выказванне першага канцлера Германскай Імперыі Ота фон Бісмарка, які казаў, што з дапамогай славутага казання Хрыста на гары, у якім Збаўца прадставіў восем благаслаўленняў як маральны кодэкс чалавека, не збудуецца міру.

«У будове “новага свету” палітык аддаваў перавагу не Богу, але зброі. Але такая палітыка паказала, што “без Бога не да парога”, бо прайгралі не толькі вялікія дзяржавы таго часу, але прайграла таксама і чалавецтва, якое апынулася на краю бездані, асабліва маральнай», — падкрэсліў арцыпастыр.

Тэкст гаміліі цалкам тут››

Мітрапаліт Кандрусеві нагадаў, што ў тыя часы Першай сусветнай вайны Марыя звярнулася  да чалавецтва з заклікам да малітвы і навяртання.

Фота Вольгі Сяліцкай, grodnensis.by

«Як лек ад магчымых фізічных і духоўных бедаў яна праз фацімскіх дзяцей Люцыю, Францішка і Жасінту пакінула нам лек — малітву і навяртанне. Гэтым самым яна быццам паўтарыла словы Езуса, які заклікаў да няспыннай малітвы і пакаяння», — дадаў іерарх.

Прыгадваючы словы, якія Езус сказаў апосталу Пятру: «Ты – Пётр, скала, і на гэтай скале я пабудую Касцёл Мой, і брамы пякельныя не перамогуць яго» (Мц,16:18), арцыбіскуп сказаў:

«Гэтыя словы Збаўцы разам з Фацімскім пасланнем Марыі сталі надзеяй для народаў свету, у тым ліку і для Беларусі. Яны сталі святлом у цёмнай начы атэізму і ганенняў на веру, якая працягвалася тры доўгія пакаленні».

Паводле слоў іерарха,  у тыя часы веруючы быў чалавекам «другога гатунку»: яму цяжка было паступіць ва ўніверсітэт, заняць добрую пасаду, быць лідарам.

Фота Вольгі Сяліцкай, grodnensis.by

«Фацімскае пасланне насамрэч было Божым святлом у цемры атэізму і надзеяй на выйсце з яе», — падкрэсліў арцыпастыр.

Робячы праекцыю на сучасны свет і страту маральных каштоўнасцей у маладога пакалення, арцыбіскуп Кандрусевіч перасцярог не лічыць сябе багамі, якія «замест веры ў Бога, вераць толькі ў сябе»: «Сучасны свет перажывае мноства розных крызісаў і ліхаманкава шукае з іх выйсця. Але калі трэскаюцца сцены дома, то недастаткова толькі затынкаваць шчыліны. Неабходна ўмацоўваць фундамент», — заключыў Мітрапаліт.

Фота Вольгі Сяліцкай, grodnensis.by

На завяршэнне гаміліі іерарх нагадаў, што праз 100 гадоў Фацімскае пасланне не страціла сваю актуальнасць, бо «цемра атэізму трансфарміравалася ў цемру секулярызму і маральнага рэлятывізму».

«Сутнасць Фацімскага паслання заключаецца ў словах Марыі: “Калі будзем маліцца і навяртацца, то ўсё будзе добра, калі не, то нас чакае кара”», — дадаў арцыбіскуп.

«Марыя, ты і сёння з Тракелькага санктуарыя паказваеш нам шлях да шчасця і збаўлення, — звярнуўся да Маці Божай іерарх. — Дапамажы нам крочыць, каб мы не прадавалі нашай хрысціянскай годнасці на кірмашы сумніўнага прагрэсу, а мужна баранілі веру, без якой няма збаўлення».

(cath)

Абноўлена 10.07.2017 14:31
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.