Пошук

16.07.2024 12:12   Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі / Фота: Grodnensis.by

Штогадовы фэст у гонар Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі ў Тракелях (Радунскі дэканат) завяршыўся 13 ліпеня ўрачыстай Імшой з удзелам іерархаў і некалькіх тысяч вернікаў.

Як паведаміла Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, узначаліў цэлебрацыю Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі. Імшу канцэлебравалі арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, каад’ютар Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Уладзімір Гуляй, біскуп Казімір Велікаселец з Гомеля (Пінская дыяцэзія), Генеральный вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі.

Таксама ў Эўхарыстыі ўдзельнічалі святары з розных мясцін і прадстаўнік Апостальскага адміністратарa для католікаў візантыйскага абраду ў Беларусі архімандрытa Сяргея Гаека айцец Андрэй Крот разам з пілігрымамі. Прысутнічалі прадстаўнікі раённай улады на чале з членам Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, старшынёй Воранаўскага райвыканкама Дзмітрыем Захарчуком.

Біскуп Кашкевіч прывітаў усіх, хто прыбыў у гэтае незвычайнае месца, каб перад славутай ласкамі выявай Найсвяцейшай Маці перажываць сваю асабістую сустрэчу з Ёю.

Узгадваючы пра 15-ю гадавіну з часу каранацыі цудадзейнага Тракельскага абраза, якая святкуецца сёлета, пастыр Касцёла на Гродзеншчыне падкрэсліў, што санктуарый за гэты час стаў для многіх пілігрымаў месцам індывідуальнай і супольнай малітвы.

«Сюды заўсёды можна прыйсці са сваёй асабістай гісторыяй і сваімі праблемамі. Сюды заўсёды можна прынесці свае поспехі і няўдачы, перамогі і паражэнні, гонар і сорам. Тут усіх заўсёды гасцінна прымае і абдымае кожнага сэрцам наша найлепшая Маці і Каралева», — сказаў іерарх.

Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі ў гаміліі падкрэсліў, як важна запрашаць Маці Божую ў сваё жыццё. Па яго словах, «узяць Марыю ў свой дом» азначае перш за ўсё браць з Яе прыклад у стаўленні да Божага слова, якое Яна прымала і ажыццяўляла, а таксама ў сціпласці і пакоры. Акрамя таго, гэта азначае «набрацца адвагі для штодзённай духоўнай барацьбы, якой з’яўляецца звычайнае чалавечае жыццё».

Арцыпастыр адзначыў, што даручыць сябе Панне Марыі заахвочваюць таксама пілігрымкі ў беларускія санктуарыі, прысвечаныя Божай Маці. Іерарх назваў пілігрымкі «прыгожым і правераным спосабам, дзякуючы якому мы набліжаемся да Марыі».

«Калі Яна стане бліжэй да нас, мы зможам асабіста шчыра сказаць Ёй: „Марыя, мая Маці і Каралева, заступіся за нас“», — дадаў арцыбіскуп Станеўскі.

Ён заахвоціў прысутных даверыць Богу праз заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі лёс нашай Бацькаўшчыны і прасіць мудрасці, каб якасна будаваць сённяшні дзень і будучыню на хрысціянскіх каштоўнасцях.

Напрыканцы Імшы біскуп Аляксандр Кашкевіч уручыў старшыні Воранаўскага райвыканкама Дзмітрыю Захарчуку дыплом падзякі за падтрымку і дапамогу, якая аказваецца тракельскаму санктуарыю ў рэалізацыі разнастайных праектаў, дзякуючы чаму гэтае месца становіцца ўсё прыгажэйшым.

У сваю чаргу старшыня райвыканкама павіншаваў прысутных са святам Маці Божай Тракельскай, адзначыўшы, што яно мае важнае значэнне не толькі для вернікаў, але і для ўсіх, каму дарагая гісторыя нашай краіны, хто шануе яе духоўныя традыцыі.

Прадстаўнік улады дадаў, што тракельскі абраз «нясе спрадвечную праўду дабра, міласэрнасці і любові, дапамагае аб’ядноўваць прадстаўнікоў розных пакаленняў», а свята Маці Божай Тракельскай «з’яўляецца сапраўднай праявай веры, якая натхняе нас на раскрыццё лепшых душэўных якасцяў, на стваральную працу дзеля будучыні кожнай сям’і і Айчыны».

Дзмітрый Захарчук пажадаў прысутным, каб цудадзейны тракельскі абраз дапамагаў кожнаму з іх, аберагаў Воранаўшчыну і ўсю краіну, спрыяў духоўнаму адраджэнню і трыумфу спрадвечных каштоўнасцей.

Кусташ санктуарыя ксёндз канонік Юрый Бяганскі выказаў падзяку ўсім удзельнікам фэсту і тым, хто садзейнічаў яго правядзенню на высокім узроўні.

 

Абноўлена 18.07.2024 14:51
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа