Пошук

15.07.2024 12:29   Паводле: Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі / Фота: Grodnensis.by / Catholic.by

З 12 па 14 ліпеня ў санктуарыі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях (Гродзенская дыяцэзія, Радунскі дэканат) праходзілі дыяцэзіяльныя адпустовыя ўрачыстасці.

Як адзначае Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, сёлетні фэст у Тракелях адбываўся пад дэвізам «Марыя — наша Каралева». 15 гадоў таму, 5 ліпеня 2009 года, кардынал Казімір Свёнтэк усклаў на цудадзейны абраз Маці Божай Тракельскай папскія кароны.

У першы дзень урачыстасцяў апоўдні ў санктуарыйпачалі прыбываць пешыя пілігрымкі. Сярод іх самая вялікая была з Гродна, у складзе якой 300 чалавек за шэсць дзён пераадолелі больш за 150 кіламетраў. Прыйшлі ў пешых пілігрымках таксама вернікі з парафій Івейскага дэканату, пілігрымы з Воранава, Германішак, Дзятлава, Ліды, Навагрудка i іншых мясцін.

Вітаючы пілігрымаў, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч адзначыў, што сціплая тракельская святыня — дом Маці Божай, таму кожны адчувае сябе тут добра, як ва ўласным доме.

«Бо дом маці — гэта таксама заўсёды дом яе дзяцей: гасцінны, утульны, цёплы, бяспечны, проста найцудоўнейшы ў свеце», — дадаў іерарх.

У санктуарыі адбылася святая Імша для пілігрымаў, цэлебрацыю якой узначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Разам з ім на літургіі маліліся арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч, каад’ютар Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Уладзімір Гуляй, біскуп Казімір Велікаселец з Гомеля (Пінская дыяцэзія), дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі, дапаможны біскуп архідыяцэзіі Маці Божай у Маскве Мікалай Дубінін, а таксама шмат святароў, многія з якіх прыбылі на ўрачыстасці разам з пілігрымамі.

Біскуп Буткевіч у гаміліі адзначыў, што калі хрысціянін пазбаўляецца ў сабе ад старога чалавека і становіццая новым, ён адчувае радасць сэрца.

«Мы прыходзім да Маці Божай, каб убачыць, як павінен выглядаць гэты новы чалавек», — сказаў іерарах. Па яго словах, Найсвяцейшая Панна Марыя, поўнасцю чыстая і прыгожая, здольная служыць бліжняму і заўсёды адкрытая на Божую волю, акурат паказвае прыклад такога новага чалавека і вучыць, як ім стаць.

Удзельнікі Эўхарыстыі аднавілі абяцанні, дадзеныя пры хросце. Гэта было зроблена ў знак удзячнасці Богу за дар жыцця і ласку святога хросту.

У межах святкавання Тракельскага фэсту арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч выступіў з дакладам, сугучным з тэмай урачыстасці: «Марыя — наша Каралева».

У дакладзе заслужаны іерарх нагадаў пра атрыманне тракельскім касцёлам статусу санктуарыя Каралевы нашых сем’яў, што адбылося 30 гадоў таму, і каранаванне цудадзейнага абраза Маці Божай Тракельскай, з часу якога сёлета адзначаецца 15 гадоў.

Арцыбіскуп Кандрусевіч падкрэсліў, што дзякуючы гэтым гістарычным падзеям асаблівым чынам быў ушанаваны цудадзейны абраз Божай Маці, які наш народ праслаўляе ў гэтым месцы больш за 400 гадоў.

Па словах іерарха, пасля каранавання абраза Маці Божай Тракельскай распачаўся новы этап дзейнасці гэтага санктуарыя, куды спяшаюцца пілігрымы з Беларусі і замежжа. Тут праходзяць адмысловыя рэкалекцыі і конкурсы, сюды прыязджаюць розныя малітоўныя групы, дарослыя, моладзь, дзеці. Спрыяе гэтаму і хараство тэрыторыі вакол санктуарыя, якая становіцца прыгажэйшай з кожным годам і прыцягвае да сябе людзей: веруючых і няверуючых, многія з якіх тут знаходзяць шлях да веры.

Уначы 13 ліпеня ў санктуарыі ў Тракелях адбылася Імша, цэлебрацыю якой узначаліў дапаможны біскуп архідыяцэзіі Маці Божай у Маскве Мікалай Дубінін. Іерарх прыбыў на ўрачыстасці з групай пілігрымаў з розных месцаў Расіі, каб памаліцца разам з беларускімі католікамі.

Літургія традыцыйна пачалася працэсіяй па Тракелях. Удзельнікі працэсіі неслі свечкі і копію абраза Маці Божай Тракельскай, спяваючы ў гонар Багародзіцы i молячыся Ружанец.

На Імшы сабралося шмат святароў з усіх дыяцэзій Касцёла на Беларусі, законныя сёстры, свецкія вернікі з нашай краіны і з-за мяжы. У Эўхарыстыі ўдзельнічалі арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, каад’ютар Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Уладзімір Гуляй, дапаможны біскуп Казімір Велікаселец з Гомеля (Пінская дыяцэзія), дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі.

Перад пачаткам Імшы біскуп Кашкевіч сардэчна прывітаў усіх прысутных. «Мы хочам разам дзякаваць Марыі за Яе нястомную апеку над нашымі сем’ямі і нашай краінай, а таксама прасіць Яе працягваць абараняць нас ад усяго, што падзяляе нас», — сказаў пастыр Касцёла на Гродзеншчыне, заахвоціўшы ўсіх прысутных да супольнай малітвы, «каб сапраўды адчуць моц Божай ласкі, якая сыходзіць на нас праз рукі Марыі, Каралевы нашых сем’яў».

Біскуп Дубінін у прамоўленай гаміліі заўважыў, што ўсе ўдзельнікі гэтых урачыстасцяў прыбываюць у Тракелі «як адна вялікая сям’я», каб «напаўняць свае сэрцы радасцю ў Богу, калі нашы справы і сумневы становяцца маленькімі, адыходзяць на другі план».

Біскуп з Масквы звярнуў увагу на дэвіз сёлетніх тракельскіх урачыстасцяў, мэта якога ў тым, каб дапамагчы ўсвядоміць, што Найсвяцейшая Панна Марыя — Каралева ўсіх людзей.

«Гэта важны напамін нам.

У кожнага з нас ёсць каралеўская годнасць. У нас на галовах няма каронаў і не павінна быць, як не было і ў Марыі, бо ў Яе сэрцы была пакора перад Божай веліччу», — сказаў іерарх, дадаўшы, што Маці Божая «вучыць быць пакорнымі і чыстымі, як была Яна сама».

Напрыканцы гаміліі біскуп Мікалай Дубінін заклікаў імкнуцца быць міратворцамі, адзначыўшы, што гэтаму вучыць Панна Марыя, якая рада кожнаму чалавеку, не зважаючы на яго нацыянальную прыналежнасць і на тое, што ўсе людзі розныя.

Удзельнікі Імшы маліліся асаблівым чынам за ўсе сем’і, аб тым, каб у кожным доме валадарылі Езус Хрыстус і Яго Маці, Каралева ўсіх людзей, і каб хрысціянскія каштоўнасці перадаваліся наступным пакаленням.

Таксама маліліся аб новых пакліканнях да служэння ў Касцёле і аб жаданым для ўсяго свету міры.

Раніцай 13 ліпеня ў Тракелях адбылася святая Імша, на якой сабраліся святары і законныя сёстры, якія сёлета адзначаюць юбілей з часу прэзбітэрскага пасвячэння ці прынясення манаскіх абяцанняў.

Літургію ўзначаліў каад’ютар Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Уладзімір Гуляй, які сёлета таксама адзначае 25-годдзе з часу прэзбітэрскага пасвячэння.

Разам з іншымі юбілярамі іерарх меў магчымасць яшчэ раз выказаць Богу праслаўленне і падзяку за дары святарства і манаскага жыцця, за гады прабывання на дарозе служэння ў Касцёле.

У гаміліі біскуп засяродзіўся на тэме прысвячэння свайго жыцця іншым у таямніцы святарскага і манаскага пакліканняў.

«Сёння перад тронам Маці Божай Тракельскай, нашай Каралевы, Маці святароў, мы хочам сказаць і засведчыць, што працягваем стаяць на гэтым шляху прыпадабнення да Яе Сына, а нашага Пана, Найвышэйшага Святара Езуса Хрыста», — сказаў іерарх.

Біскуп Гуляй звярнуў увагу святароў і кансэкраваных асобаў на тое, што сёння ім трэба «зноў угледзецца ў Езуса», «сказаць пра свой давер Яму і ўзнавіць сваю поўную адданасць». Біскуп падкрэсліў, як важна святарам быць «клапатлівымі пастырамі, слугамі, без рэшты адданымі служэнню, „Божымі вар’ятамі“, здольнымі адкрыта і радасна прапаведваць і несці добрую навіну ўбогім».

«Веру, што мы і далей будзем ісці шляхам, на які нас паклікаў Хрыстус», – сцвердзіў іерарх, падзякаваўшы ўсім свецкім вернікам за малітву ў інтэнцыі святароў і кансэкраваных асобаў, а таксама папрасіўшы працягваць падтрымліваць іх гэтай малітвай і спадарожнічаць іх жыццю.

У межах Тракельскага фэсту адбылося аднаўленне сужэнскіх абяцанняў, якое тут стала ўжо традыцыяй. На сёлетніх урачыстасцях у санктуарыі сабралося шмат сужэнцаў з розных парафій Гродзенскай дыяцэзіі і іншых месцаў.

Аднавілі абяцанні любові і вернасці больш за 200 сужэнскіх пар з розным стажам сямейнага жыцця. Сярод іх былі і юбіляры, якія адзначаюць 50-годдзе шлюбу.

Сужэнцаў благаславіў генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі.

Іерарх падкрэсліў, што сёння, калі хрысціянскія каштоўнасці адкідаюцца, трэба мець асабліва трывалы фундамент, якім павінен быць Пан Бог.

Біскуп Касабуцкі заклікаў сужэнцаў даваць штодзённае сведчанне сапраўднага хрысціянскага жыцця сваім дзецям і ўнукам.

Пасля аднаўлення абяцанняў іерарх заахвоціў мужоў запрасіць сваіх жонак на танец. Такім чынам сужэнцы маглі ўспомніць, як калісьці танцавалі першы раз.

Потым біскуп і сужэнцы, якія адзначаюць юбілей сумеснага жыцця, выпусцілі ў неба белых галубоў — сімвал любові, вернасці, сужэнскай сумленнасці і жадання быць разам усё жыццё. Напрыканцы біскуп удзяліў прысутным пастырскае благаслаўленне, пажадаўшы міру кожнай сям’і.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа