Пошук


Жыць духам Евангелля і дзякаваць Марыі за пройдзены шлях заахвоціў пілігрымаў у Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.

Адмысловая Імша для пілігрымаў у 18.00 прайшла ў санктуарыі 30 чэрвеня. У ёй прынялі ўдзел шматлікія пешыя пілігрымы, а таксама кіраўнікі пілігрымак і біскупы. Імшу ўзначаліў ардынарый Віцебскай дыяцэзіі.

Напачатку св. Імшы да пілігрымаў звярнуўся Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Арцыбіскуп падзякаваў усім пілігрымам за іх прысутнасць і дадаў, што найкарацейшы шлях да Езуса — праз Марыю.

«Пілігрымаванне вучыць нас прыслухоўвацца да бліжняга»

Гамілію да прысутных скіраваў біскуп Алег Буткевіч. Асаблівую ўвагу іерарх звярнуў на давер да Маці Божай і ўменне слухаць Бога і людзей.

«Мы прыходзім да Маці Божай Будслаўскай, але што нас сюды цягне? Што прыводзіць нас? — спытаў біскуп пілігрымаў. — Пілігрымаванне вучыць нас слухаць іншага чалавека, слухаць Марыю і слухаць Бога».

«Мы ў Будславе — мы чакалі гэтага ўвесь год і вось мы тут. Нашае заданне — праслаўляць Бога ў малітве і аднавіць адбітак Божага аблічча ў нас на душы», — заклікаў біскуп.

Іерарх нагадаў словы папы Францішка падчас Сусветных дзён моладзі ў Кракаве, які заахвочваў «устаць з канапы і дзейнічаць».
«Чым з’яўляецца пілігрымка? Гэта магчымасць выйсці з таго месца, дзе мы жывём і адасобіцца ад тых абавязкаў, якімі займаемся штодня, каб прыйсці да Бога», — сказаў біскуп.

Ардынарый Віцебскі прыгадаў падзеі 100-гадовай даўніны ў Фаціме, калі Маці Божая аб’явілася тром пастушкам.

«Марыя прасіла маліцца аб навяртанні. Але свет яе не паслухаў. Мы павінны вучыцца ў Марыі слухаць іншага чалавека, — зазначыў іерарх. — Маці слухае нас і просіць нас аб тым жа. Наколькі лепшым было б паразуменне паміж людзьмі, каб мы прыслухоўваліся адно да аднаго».

Як падкрэсліў біскуп, куды больш важным з’яўляецца таксама ўменне слухаць Бога.

«Калі ведаю, што Бог са мной, куды прасцей становіцца прыслухвацца да сябе і бліжняга. Калі мы гэтаму навучымся, свет пераменіцца і стане іншым», — дадаў біскуп Віцебскі.

Завяршаючы гамілію, іерарх звярнуўся да пілігрымаў: «Няхай Езус Хрыстус учыніць нас здольнымі пачуць іншага чалавека і Божае слова, якое здольнае змяніць свет».

Напрыканцы Імшы былі пералічаныя пешыя пілігрымкі, якія прыйшлі ў санктуарый і іх колькасць. Сёлетнія святкаванні ў Будславе прысвечаныя 100-годдзю фацімскіх аб’яўленняў і праходзяць пад дэвізам «Фацімскае пасланне Марыі — шлях да навяртання».

Ілья Лапато, фота Аляксандры Шчыглінскай

Фотарэпартаж >>>

Абноўлена 10.07.2017 16:08
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця