Пошук


2 снежня ў грэка-каталіцкай парафіі Святых братоў-апосталаў Пятра і Андрэя ў Брэсце прайшоў парафіяльны фэст, на які з душпастырскім візітам прыбыў і Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр.

Падзея была прымеркавана таксама да 500-годдзя выдання Бібліі на беларускай мове і 400-годдзя рэформы базыльянскага ордэна Мітрапалітам Язэпам Руцкім.

Апостальскі Нунцый узначаліў першую ў гісторыі гэтай парафіі архірэйскую Боскую літургію.

У гаміліі нунцый разважаў пра словы з Евангелля — трэцюю частку святарскай малітвы Езуса.

«Першая просьба Езуса за нас з вамі — гэта просьба аб еднасці, — адзначыў іерарх. — У час, калі было напісана Евангелле паводле апостала Яна, ужо існавалі першыя ерасі, якія спараджалі падзелы ў супольнасцях».

Хрысціянскае адзінства зыходзіць з адзінства Айца і Сына

Арцыбіскуп нагадаў, што малітва Езуса аб еднасці асабліва важная сёння:

«Хрыстус моліцца, каб вучні былі з’яднаныя ў вызнаванні адзінага Пана. Затым указвае на крыніцу гэтага адзінства, якою з’яўляецца менавіта адзінства Айца з Сынам. Хрысціянскае адзінства — гэта не проста ўзаемная сімпатыя ці аднолькавае бачанне і нават не агульнае прызнанне аднаго Бога. Яно зыходзіць з адкрыцця адзінства паміж Айцом і Сынам – з адкрыцця, якое змяніла жыццё вучняў».

Еднасць паміж братамі, паводле слоў Апостальскага Нунцыя, з’яўляецца найбольш каштоўнай манетай, якая перадаецца з пакалення ў пакаленне і якую трэба берагчы, як найбольш плённае дабро.

«Смерць Хрыста — як манета, якою Ён дорага заплаціў за наша братэрскае адзінства», — падкрэсліў арцыбіскуп.

Іерарх дадаў, што «калі мы не толькі зразумеем сэнс адзінства, але і дазволім яму кіраваць нашым жыццём, то, так як і ў жыцці святых Андрэя і Пятра, Францішка і Язэпа, у нашым жыцці Евангелле надасць вартасць і цеплыню ўсяму таму, што мы робім, перамяняючы нашае жыццё».

На завяршэнне гаміліі іерарх пажадаў, каб «гэтае разважанне і наша супольная малітва, падчас якой дзякуем Богу за прыклад адзінства», сталі маленькай цаглінкай у справе будавання так жаданага Богам адзінства сярод людзей.

«Просім Цябе, Пане, аб еднасці паміж сужэнцамі, у сем’ях, з роднымі, за еднасць Божага народа ў нашай краіне і нашых парафіях», — заключыў Апостальскі Нунцый.

«Пане, зрабі, каб кожнае з гэтых месцаў сталася рэалізацыяй Евангелля, “даследчай лабараторыяй” на шляху экуменізму, адзінства ўсіх людзей добрай волі і такім чынам адкрывала Цябе для тых, хто яшчэ не ведае Цябе».

Абноўлена 10.01.2018 17:39
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа