12 матуль і 29 іх дзяцей павіншавалі беларусаў з Божым Нараджэннем у відэароліку калыханкі «Ціхая ноч».
Гэты ролiк стаў першым крокам у рэалізацыі больш маштабнай ідэі — стварэнні CD-альбома калыханак на беларускай мове (народных, аўтарскіх, у перакладзе з іншых моў на беларускую) — сумесным праекце этна-гурта Vuraj і брэндынгавага агенцтва Fabula.
«Ідэя запісаць беларускую версію сусветна вядомай Silent Night узнікла ў мяне гады два таму, калі я ўбачыла пераклад Наталлі Арсенневай і стала спяваць гэтую калядную песню па-беларуску сваім дзецям перад сном менавіта як калыханку — больш павольна, працяжна, свабодна, чым прынята ў большасці варыяцый», — распавядае для rebenok.by аўтар сацыяльнага праекта Вольга Кашкан, крэатыўны дырэктар брэндынгавага агенцтва Fabula.
«Да ўдзелу былі запрошаны звычайныя матулі, не зоркі і не акцёры. Хаця для мяне яны — сапраўдныя зоркі, мае сяброўкі, якіх я вельмі паважаю і маю чаму ў іх павучыцца».
«Нам хацелася паказаць не выдатную акцёрскую гульню і не крутыя рэжысёрскія штукі, а простыя, але шчымлівыя эмоцыі, прыгажосць сямейных традыцый», — адзначае Вольга Кашкан.
«Мне было важна падкрэсліць, што кожная матуля можа спяваць калыханкі. Таму было вырашана, што спяваць буду я — такая ж звычайная мама, без музычнай адукацыі, без спецыяльнай падрыхтоўкі», — дадае аўтар сацыяльнага праекта.
(VGr)