Пошук

04.02.2026 13:42   Тэкст: Аляксандр Панчанка / Vaticannews BY
Фота: padrepauloricardo.org

Папа Леў XIV распарадзіўся ўключыць у Агульны рымскі каляндар ўспамін святога Джона Генры Ньюмана, кардынала і Доктара Касцёла.

3 лютага 2026 года Дыкастэрыя Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў абнародавала дэкрэт аб уключэнні неабавязковага ўспаміну святога Джона Генры Ньюмана ў Агульны рымскі каляндар. Ён будзе адзначацца 9 кастрычніка у дзень навяртання гэтага былога святара Англіканскай Царквы, які перайшоў у каталіцтва ў 1845 годзе і быў кананізаваны ў 2019 годзе. У 2025 годзе Леў XIV надаў яму тытул Доктара Касцёла і абвясціў нябесным апекуном усіх, хто ўдзельнічае ў працэсе выхавання.

«Ласкавае святло Божай ласкі, якое прыйшло ў свет, каб асвятліць людзей, прывяло Джона Генры Ньюмана да адшукання супакою ў Каталіцкім Касцёле і настолькі ўмацавала яго, што ён змог сказаць:

"Бог стварыў мяне для таго, каб я мог служыць яму асаблівым чынам. Я частка гэтай вялікай справы; я звяно ў ланцугу, што звязвае людзей. Ён стварыў мяне не проста так".

На працягу свайго доўгага жыцця кардынал Ньюман нястомна выконваў місію, да якой быў пакліканы, здзяйсняючы служэнне праз інтэлектуальны пошук, прапаведаванне і навучанне, а таксама служачы бедным і абяздоленым», гаворыцца ў дэкрэце Апостальскай Сталіцы.

Адзначаецца, што святы Джон Генры Ньюман пакінуў пасля сябе каштоўныя помнікі ў галіне тэалогіі і эклезіялогіі, а таксама паэтычныя і малітоўныя творы, а яго пастаяннае імкненне выйсці з ценю да паўнаты праўды стала прыкладам для кожнага вучня Уваскрослага. Падкрэсліваецца, што святы Джон Генры Ньюман, які прызнаецца ззяючым светачам для ўсяго Касцёла, што пілігрымуе праз гісторыю, можа быць справядліва ўшанаваны разам з іншымі святымі, упісанымі ў Агульны рымскі каляндар.

У сувязі з гэтым «Леў XIV, улічваючы нядаўняе прызнанне Доктарам Касцёла гэтага святога пастыра такога вялікага значэння для ўсёй супольнасці вернікаў, распарадзіўся, каб святы Джон Генры Ньюман, прэзбітэр і Доктар Касцёла, быў уключаны ў Агульны рымскі каляндар, а яго неабавязковы ўспамін адзначаўся ўсімі 9 кастрычніка»,

паведамляецца ў дэкрэце.

У ватыканскім дакуменце гаворыцца таксама, што мясцовым епіскапатам належыць уключыць новы ўспамін ва ўсе календары і літургічныя кнігі для цэлебрацыі святой Імшы і Літургіі гадзін, выкарыстоўваючы тэксты на лацінскай мове, далучаныя да дэкрэту. Яны павінны быць перакладзены і, пасля зацвярджэння Дыкастэрыяй, апублікаваны.

Абноўлена 04.02.2026 15:23
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.