Пошук

06.01.2017 00:00  

Рэальнасць цярпення заўсёды з’яўлялася праблемай любой рэлігіі. Канешне, мы б хацелі, каб Бог знішчыў усе пакуты. Але якім коштам? Ці будзе гэта азначаць канец таго створанага свету, які мы ведаем?

О, Эммануэль

Антыфона
О, Эммануэль, наш валадар і заканадаўца,
спадзяванне народаў і іх Збаўца,
прыйдзі, каб вызваліць нас,
Пане наш, Божа
.

У якасці шляху да супакою выкарыстай сёння сваё дыханне. Пачні з увагі да таго, як ты дыхаеш: пачуй гук свайго дыхання, ягоны рытм. Няма патрэбы змяняць хуткасць… Адзнач, як паветра ўваходзіць у тваё цела, напаўняе лёгкія, падтрымлівае тваё жыццё і потым выходзіць...  Удых-выдых... Удыхні любоў Бога да цябе… і выдыхні ўсё, чым хочаш падзяліцца з Богам, або — адпусці ўсё і аддай Богу… дыхай пры гэтым глыбока…  зрабі так тройчы.

Рэальнасць цярпення заўсёды з’яўлялася праблемай любой рэлігіі. Канешне, мы б хацелі, каб Бог знішчыў усе пакуты. Але якім коштам? Ці будзе гэта азначаць канец таго створанага свету, які мы ведаем? Спыненне праекта «Чалавек»... Было б прасцей ніколі і не пачынаць яго.

Стваральны працэс заўсёды прыцягвае да сябе цярпенне. Стварэнне разумных істот азначае таксама рэальнасць зла. Калі Бог вырашыў удыхнуць жыццё ў істоты, якія Ён стварыў, Ён адважыўся на праблемы. Не магло быць іначай. Аднак, калі Бог увайшоў у стварэнне і таксама стаў чалавекам, усё змянілася. Прынамсі, мы ўжо не павінны адчуваць сябе самотнымі. І, магчыма, нават усведамлення гэтага факту нам будзе дастаткова. Пакуты і зло будуць па-ранейшаму існаваць, але Бог будзе з намі. Бог ёсць з намі. Эммануэль.

Ці здольны ты выйсці на арэну, дзе пакутуе чалавецтва сёння? Такім месцам можа быць твой уласны боль ці цярпенні іншых людзей… Дзе Бог у гэтых пакутах? Дзе Ён жадае быць?

Роналд Сцюарт Томас уявіў момант, калі Святая Тройца прымае рашэнне аб Уцелаўленні, і выразіў гэта ў сваёй паэме «Прыйсце» (The Coming)

Маленькі шар трымаў Бог у руцэ.
«Глядзі», — сказаў.
І Сын зірнуў. Далёка,
як скрозь ваду, убачыў Ён
пякучы колер спаленай зямлі.
Агонь палаў паўсюль;
скарынкі спечаных будынкаў
адкідвалі цені;
як бліскучы змей, рака вілася,
зіхоткая ад слізі.
Аголенае дрэва на пустым узгорку скардзілася небу.
І людзі да яго цягнулі свае худыя рукі,
ў чаканні зніклага даўно красавіка,
які нібыта вернецца
да скрыжаваных тых галінаў.
Сын назіраў за імі.
«Дазволь, пайду туды», — прамовіў.

Як ты ўяўляеш сабе гэтую сцэну? Чалавецтва ў стане пакінутасці. Святая Тройца пазірае на свет. Езус просіць, каб Яго паслалі на зямлю, што б гэта не значыла і чаго б не каштавала. Паглядзі, як Ён звяртаецца да Айца са сваёй просьбай: «Дазволь, пайду туды».

О, Эммануэль. Бог з намі.

Пагавары з Ім зараз. Выкажы ўсё, што маеш на сэрцы.

ф Адвэнтавыя рэкалекцыі падрыхтаваны айцамі езуітамі для шматмоўнага сайта «Прастора малітвы» (facebook.com). Пераклад на беларускую мову і апрацоўка тэкстаў — Тэрэса Клімовіч.

Гл. таксама: Адвэнт на Catholic.by: рэкалекцыі з ігнацыянскімі разважаннямі.

Абноўлена 05.06.2017 13:44
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця