Урачыстая літургія Пасхальнай вігіліі, якую ўзначаліў увечары 15 красавіка біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, сёлета адбылася ў касцёле святога Антонія Падуанскага ў Віцебску.
Дзякуючы прамой трансляцыі, якую вёў мясцовы тэлеканал, у малітве са сваім ардынарыем маглі з’яднацца ўсе тыя, хто не мог у гэты вечар прысутнічаць у касцёле.
Разам з біскупам Віцебскім літургію Пасхальнай вігіліі канцэлебравалі святары, якія нясуць служэнне ў касцёле святога Антонія Падуанскага, а таксама ксёндз Аляксандр Амяльчэня — кіраўнік Беларускай секцыі Ватыканскага радыё.
У віцебскім касцёле святога Антонія Падуанскага будучы біскуп служыў на працягу 10 гадоў — з 2003 па 2013 год. У той час, калі ксёндз Алег Буткевіч распачаў тут сваё служэнне, гэта быў будынак былога Дома культуры, які раней належаў Віцебскаму вучэбна-вытворчаму прадпрыемству «Галант», набыты для патрэбаў віцебскіх вернікаў. Ужо ён у свой час распачаў рамонтныя працы ў гэтым будынку, якія завяршыў сённяшні пробашч парафіі кс. Вячаслаў Барок. Роспісы ў ім здзейсніў мастак Уладзімір Кандрусевіч. Меў дачыненне да парафіі Святога Антонія Падуанскага і госць з Ватыкана кс. Аляксандр Амяльчэня, які праходзіў тут дыяканскую практыку.
Пасхальная вігілія распачалася з Літургіі агню. Быў запалены пасхал, які сімвалізуе Хрыста — Святло свету, і сімвалічны пераход ад цемры смерці да святла жыцця. Пасхал ва ўрачыстай прыцэсіі быў унесены ў касцёл, дзе тройчы прагучала «Святло Хрыстова».
У гаміліі біскуп Віцебскі, разважаючы аб уваскрасенні Хрыста, адзначыў, што менавіта з магілы распачаліся падзеі «ў тую надзвычайную ноч, калі здзейснілася самая вялікая перамога ў свеце — перамога над грахом і смерцю». Іерарх падкрэсліў, што такой «выключнай грабніцай» стала магіла Езуса Хрыста — «больш за 2000 гадоў таму гэтае месца стала кропкай адліку новага жыцця».
Падрабязна разглядаючы евангельскія апісанні падзей, калі жанчыны і апосталы знаходзяць пустую магілу Хрыста, біскуп Віцебскі засяродзіўся на постаці Анёла, які сядзеў на камені, адкінутым ад магілы. «Сутнасць місіі Анёла», як падкрэсліў, заключалася нібы ў тым, каб сказаць: «Не бойцеся зазірнуць у грабніцу, там нікога няма». Гэта як напамін для нас: не бойцеся, бо «праз гэтую чорную дзіру нашых ведаў, страхаў і праблем Хрыстус прайшоў і выйшаў пераможцам».
«Калі прачнемся, вонкава ў нашым жыцці нічога не зменіцца: не пераменіцца нашае кіраўніцтва або нашыя дзеці, і мы самі не станем адразу святымі. Але вось што павінна адбыцца ў гэтую ноч: мы павінны паспрабаваць стаць крыху больш падобнымі да ўваскрослага Хрыста ў любові, якая аддае сябе дарэшты. Падобнымі ў той любові, уласцівым разуменнем якой з’яўляецца служэнне — шуканне ўкрыжаванага Хрыста і гатоўнасць аддаць сябе дарэшты», — адзначыў іерарх.
На заканчэнне гаміліі біскуп Віцебскі нагадаў, што праз дванаццаць апосталаў Хрыстус змяніў увесь тагачасны свет. «Ён здолее зрабіць гэта і сёння, калі сярод нас знойдзе апосталаў, гатовых да аднаго — любіць і служыць, каб у іх і нашым жыцці таксама здзейснілася Пасха».
Пасля Пасхальнай вігіліі адбылася рэзурэкцыйная працэсія каля касцёла.
Кацярына Лаўрыненка (VGr)
Фота аўтара