Пошук

24.12.2024 17:31   Catholicnews.by

У вігілію Нараджэння Пана свой віншавальны відэазварот да вернікаў кіруе біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.

ВІНШАВАННЕ
біскупа Алега Буткевіча
на Божае Нараджэнне 2024

Паважаныя браты і сёстры ў Хрысце, шаноўныя суайчыннікі!

«Вочы мае ўбачылі збаўленне Тваё, якое падрыхтаваў Ты перад абліччам усіх народаў» (Лк 2, 30–31).

Словы прарока Сімяона, якому было прадказана ўбачыць Месію, нясуць у сабе адначасова радасць і надзею. Радасць ад спаўнення атрыманага абяцання і надзею, якая ахоплівае не проста асобнага чалавека, але ўвесь свет. Крыніцай гэтай радасці і надзеі з’яўляецца Той, каго мы ўшаноўваем як сапраўднага Бога і сапраўднага Чалавека — Езус Хрыстус, абяцаны гэтаму свету Месія. Той, хто прынёс людзям слова Праўды і моц сваёй ласкі і Любові.

Каб па-сапраўднаму перажыць свята Божага Нараджэння, патрэбная вера. Вера ў тое, што мы не прыходзім у гэты свет выпадкова, што жыццё чалавека мае сэнс, а гэты свет мае сваю разумную Прычыну. Прыняцце гэтай праўды чыніць чалавека здольным будаваць гарманічны і ўпарадкаваны свет, жыць у згодзе з падобнымі сабе людзьмі і прыродай. Больш за тое, дазваляе без страху і роспачы сустракаць жыццёвыя выпрабаванні, як і само заканчэнне жыццёвай вандроўкі ў гэтым свеце. У такім выпадку маленькае Дзіця, пакладзенае ў яслях, упрыгожаныя елкі, святочная ілюмінацыя і падрыхтаваныя падарункі не будуць толькі пустой дэкарацыяй да чарговага свята ці выключнай справай бізнэсу, але знакам адкрытасці нашага сэрца на падараваную гэтаму свету Божую Любоў.

Гэта важна: мець адкрытае сэрца на Божую Любоў! Без яе мы не адчувалі б любові ні сваіх родных і блізкіх, ані сяброў, ані нават сваіх бацькоў — любові, якой так патрабуем, асабліва на пачатку свайго жыцця. Бог прыходзіць у гэты свет як маленькае Дзіця, каб мы не баяліся прыняць гэты Яго вялікі Дар, а прыняўшы, маглі самі дзяліцца ім з іншымі. Таму, перажываючы гэтае свята, паспрабуйма паглядзець на тых, хто побач з намі, праз прызму Божай Любові: на тых, хто, магчыма, нам мала прыемны, але патрабуе дапамогі, падтрымкі, увагі, прабачэння, хвілінкі нашага часу або проста ўсмешкі. Не асуджаючы і не зважаючы на розніцу ў нашых перакананнях, поглядах, паходжанні, статусе ці веры.

Хрыстос прыйшоў да ўсіх! У першую чаргу да тых, «каму патрэбны лекар» (пар. Мц 9, 12). Прыйшоў, каб «заклікаць не праведнікаў, а грэшнікаў» (Мц 9, 13), жадаючы ад нас перадусім «міласэрнасці, а не ахвяры». Няхай Яго Нараджэнне ў нашым жыцці стане крыніцай супакою, згоды, узаемнай павагі і прымірэння! Няхай у кожнае сэрца, кожны дом і ўсёй Беларусі прынясе радасць, духоўнае Святло, здароўе і шчодрае бласлаўленне!

Са святам Божага Нараджэння і шчаслівага Новага, 2025 года!

Алег Буткевіч
Біскуп Віцебскі

Віцебск, Божае Нараджэнне 2024

Абноўлена 24.12.2024 17:32
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа