Згодна з традыцыяй, апошні тыдзень перад Вялікім постам павінен быць найбольш радасным і багатым рознымі забавамі, прысмакамі. Даўней напярэдадні Папяльцовай серады цымбалы, скрыпку, гармонік прымалі на шафу ці ў іншае месца, каб пасля посту з большай радасцю ізноў танцаваць і спяваць.
У нашы часы адноўлена традыцыя праваслаўнай Масленіцы, а вось католікі Лучая штогод удзельнічаюць у так званым заканчэнні Карнавала: пасля святой Імшы адбываецца імпрэза з удзелам таленавітых артыстаў, паэтаў.
Сёлета па ініцыятыве пробашча лучайскай парафіі кс. Мікалая Ліпскага быў арганізаваны канцэрт з удзелам хрысціянскага гурта Laudans і арт-гурта «Беларусы» з Мінска. Імпрэза ладзілася ў пастаўскім Доме культуры.
Гурт Laudans прадставіў некалькі твораў на словы святога Яна Паўла ІІ і беларускай паэткі Ірыны Багдановіч.
Рэпертуар знакамітага арт-гурта «Беларусы» быў прадстаўлены класічнымі, народнымі і эстраднымі творамі. Кіраўнік і саліст калектыва Валерый Шмат, які з’яўляецца таксама арганістам, каментаваў многія творы, звязваючы іх з гісторыяй хрысціянства і кажучы пра Збаўцу.
Наступная імпрэза ў Лучаі запланавана на нядзелю Божай Міласэрнасці (першая нядзеля пасля Вялікадня) — 23 красавіка.
Алена Клімза-Колтан (VGr)
Фота Міхаіл Тарасёнак