Пошук

06.02.2017 09:50  

4 лютага ў Браслаўскім музеі традыцыйнай культуры біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч адкрыў выставу жывапісу Друйскага мастацкага пленэру 2016 года. На выставе прадстаўлена 38 маляўнічых палоцен. Калекцыя ўяўляе сабою збор твораў у розных мастацкіх накірунках і стылях. Акрамя алейных прац на палатне прадстаўлена таксама некалькі акварэляў.

Пленэр, што ладзіцца пры пабернардынскім кляштары ў Друі, за апошнія гады набыў вядомасць і папулярнасць у мастацкіх колах нашай айчыны, стаў прывабным і запатрабаваным сярод вядомых мэтраў і творцаў Беларусі, мастацкіх крытыкаў і гледачоў.

Асноўная мэта пленэру ў старажытных мурах — дыялог рэлігіі і мастацтва, будаўніцтва мастоў і вядзенне дыялогу паміж культурай і рэлігіяй. Менавіта на гэтым засяродзіўся іерарх падчас сваёй прамовы на адкрыцці выставы. Рэлігія і мастацтва маюць агульныя пачаткі, суплёт прагненняў да прыгожага наскрозь прасяквае і першы, і другі тып мыслення. Мы пазнаём Бога праз створаны Ім свет. Мастацтва, дзякуючы таленту творцы, можа гэтыя Божыя задумы раскрыць, паглыбіць і падкрэсліць.

«Не самае галоўнае тое, наколькі запатрабаваныя творы новых, маладых мастакоў сёння, наколькі поўныя гледачамі залы. Гэта праца і для нашчадкаў, для якіх мастакі ствараюць абразкі навакольнага свету, захоўваючы традыцыі нацыянальнага мастацтва», — падкрэсліў біскуп Віцебскі падчас адкрыцця пленэру.

Біскуп Буткевіч выказаў радасць, што ў Касцёле ёсць месца дыялогу з людзьмі культуры найшай краіны, што гэты дыялог вядзецца і прыносіць свае плёны ў выглядзе выставаў і сустрэчаў з творчай інтэлігенцыяй, дзе падкэсліваецца такскама рэлігійны складнік такіх паняццяў як талент, натхненне і прызначэнне творцы і твору. Іерарх выказаў сваю падтрымку і благаслаўленне. Біскуп спадзяецца, што гэтая праца, распачатая кс. Сяргеем Сурыновічам у Друі,  будзе працягвацца і далей.

У гэтым годзе Друя з 22 па 30 ліпеня чакае мастакоў на чарговы пленэр, прысвечаны 500-годдзю першай друкаванай кнігі Францыска Скарыны, які ўжо набыў сваю адметную назву — «скарынэр». У кляштыры будзе ўсталявана копія друкарскага станка Гутэнберга, а таксама інсталяцыі, прысвечаныя Бібліі Скарыны.

Чакаюцца сустрэчы з дакладамі навукоўцаў і біблеістаў, музычныя вечары, што надасць пленэру характэрную атмасферу, засяродзіць творцаў на тэматыцы Бібліі і яе значэнні для нашай нацыі.

Біскуп Алег Буткевіч сустрэўся з супрацоўнікамі музея, якія падарылі яму вышываную кашулю, створаную рукамі майстрыхі Марыі Дворскай, і тканы пояс працы Наталлі Парахневіч. Іерарх падзякаваў працаўнікам музея за іх працу па захаванні беларускай народнай спадчыны, за адданасць браслаўскай зямлі і папулярызацыю яе культурных здабыткаў.

(VGr)
Фота Ганны Базарэвіч

Фотарэпартаж >>>

Абноўлена 05.06.2017 13:40
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця