Пошук

14.11.2016 08:31  

З нагоды святкавання 500-годдзя беларускай Бібліі айцы марыяне запрашаюць да штодзённага разважання над тэкстамі літургічных чытанняў. Каментарый да Божага слова будзе з’яўляцца на сайце Сatholicnews.by кожны дзень, пачынаючы з 27 лістапада.

«Ва ўсе часы чалавеку былі неабходныя арыенціры, якія дазваляюць ісці па жыцці ўласцівым шляхам. Мы вольныя самі выбіраць іх, але тут вельмі важна не памыліцца. Бо зямны шлях заўсёды вядзе ў вечнасць, і мы ўжо тут, на зямлі, нясём адказнасць за тое, якой яна для нас будзе. Беспамылковым арыенцірам для нас з’яўляецца Божае слова, дадзенае ў Бібліі. І абавязак Касцёла — данесці яго да кожнага чалавека, захоўваючы нязменным», — каментуе ініцыятыву айцоў марыянаў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.

«Кожная эпоха стварае новыя магчымасці для больш дзейснага прапаведвання Добрай Навіны аб збаўленні. Гэтай мэце паспрыяў у свой час пераклад Святога Пісання на мовы народаў свету. Наша зямля таксама ганарыцца асветнікамі, якія даносілі Божае Слова на роднай мове. Сярод іх асаблівае месца займае Францішак Скарына, які 500 гадоў таму здзейсніў першы пераклад Святога Пісання на беларускую мову», — дадае іерарх.

«Святы Геранім сказаў, што няведанне Бібліі з’яўляецца няведаннем Хрыста, — нагадвае а. Павел Наўмовіч МІС, правінцыял айцоў марыянаў, якія нясуць служэнне ў розных парафіях Беларусі, і заахвочвае да ўдзелу ў штодзённых анлайн разважаннях. — Пан Бог дае нам сёння запрашэнне: не чакай больш, сядай за стол Божага слова, насычайся ім кожны дзень. Жыві ў слове Бога, каб слова Бога жыло ў табе. Бог, якога аб’яўляе Біблія, няхай напоўніць цябе сваёй любоўю і несмяротным жыццём».

Паводле catholicnews.by
(VGr)

Абноўлена 05.06.2017 13:40
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.