Пошук

09.11.2016 17:18   Тэкст і фота: Кацярына Лаўрыненка / Catholic.by

Малітва за нявінных ахвяраў сталінскага рэжыму на месцы масавых расстрэлаў у 30-я гады ХХ ст. у лесе каля вескі Паляі Віцебскага раёна прайшла 8 лістапада. Увечары моладзь віцебскай парафіі Святога Духа разам з ардынарыем Віцебскай дыяцэзіі Алегам Буткевічам і некалькімі святарамі прыбылі на месца расстрэлаў, каб ушанаваць памяць тых, хто знаўшоў тут апошні спачынак.

Гэтай малітве папярэднічала святая Імша ў касцёле Святога Духа, якую ўзначаліў айцец Сяргей Мацюшонак OFMCap, афіцыял Біскупскага суда Віцебскай дыяцэзіі. Святар нагадаў аб важнасці ведання сваёй гісторыі і шанавання памяці нявінна загінулых ахвяраў сталінскага рэжыму, падкрэсліўшы важнасць малітвы за памерлых.

Пасля набажэнства прысутныя паслухалі кароткі даклад пра наступствы кастрычніцкага перавароту для лёсу Каталіцкага Касцёла ў Беларусі.

У лесе каля в. Паляі, дзе ўсталяваны крыжы ахвярам расстрэлаў, прысутныя на чале з біскупам Алегам Буткевічам, трымаючы ў руках запаленыя знічы, памаліліся ў інтэнцыі загінулых Вяночак да Божай Міласэрнасці. Пасля малітвы знічы былі пастаўлены ля падножжа крыжоў.  

Пра расстрэлы на тэрыторыі лесу каля в. Паляі стала вядома напрыканцы 80-х гадоў ХХ стагоддзя, калі пасля адкрыцця сумнавядомых Курапатаў да віцебскіх актывістаў «Мартыралогу Беларусі» сталі звяртацца мясцовыя жыхары, распавядаючы пра злачынствы каля вёскі пад Віцебскам. Тады ж мясцовыя актывісты пачалі збіраць як дакументы, так і сведчанні яшчэ жывых сведкаў тых падзей.

На ўшанаванне памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій на ўскрайку лесу каля в. Паляі быў усталяваны вялізны драўляны крыж. Крыху пазней у інтэрв’ю мясцовай газеце адзін з тых актывістаў, ужо спачылы Сяргей Цярэнцьеў, распавядаючы пра абставіны ўсталявання крыжа, адзначыў, што выбар матэрыялу быў абумоўлены іх сціплымі  матэрыяльнымі сродкамі.      

Вельмі хутка мясцовыя ўлады тэрмінова «прапанавалі» мясцовым актывістам прыняць той крыж. Калі актывісты не пагадзіліся, падобная прапанова прагучала ў адрас старшыні калгасу, на тэрыторыі якога знаходзіліся Паляі. Аднак мужная жанчына не пагадзілася прыняць крыж. Увыніку, аднойчы ноччу крыж быў па-вандальску знішчаны. «Гэтыя крыжы знішчаліся не аднойчы, — успамінае Барыс Хамайда, жыхар Віцебска, — але мы раз за разам усталёўвалі на гэтым месцы новыя».

Нарэшце, у 2008 годзе ў лесе каля в. Паляі быў усталяваны вялізны металічны крыж. З цягам часу каля яго былі ўсталяваны яшчэ некалькі — меншых.

Зараз адным з тых, хто апякуецца гэтым месцам, з’яўляецца а. Сяргей Мацюшонак OFMCap. Святар распавёў, што, калі прыехаў на службу ў Віцебск два з паловай гады таму, адразу пачаў шукаць падобнае месца, ведаючы, што масавыя расстрэлы ў 1930-я гг. адбываліся каля вялікіх гарадоў. «Там, напэўна, шмат вернікаў Каталіцкага Касцёла», — быў упэўнены святар.

Таксама падчас служэння ў Маладзечне айцец Сяргей разам з моладдзю неаднаразова прыходзіў маліцца за памерлых да помніка патрыётам Беларусі, і гэтую традыцыю ён хацеў бы працягваць і ў Віцебску. «Ушанаванне памяці нявінных ахвяраў і малітва за іх — гэта наш хрысціянскі абавязак», — адзначыў святар.

Кацярына Лаўрыненка (VGr)
Фота аўтара

Фотарэпартаж >>>

Абноўлена 05.06.2017 13:40
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа