Пошук

22.07.2016 14:20  

У Евангеллях часта гаворыцца пра тое, што Езус увесь час знаходзіцца ў дарозе: ідзе, плыве ў чаўне і пры гэтым вучыць апосталаў, знаходзіцца з імі ўвесь час, пераадольвае цяжкасці — бытавыя і духоўныя. Таму мужчынскі байдарачны паход, сумешчаны з рэкалекцыямі, адпавядае евангельскаму духу.

Пра тое, што яны працуюць па методыцы самога Хрыста, удзельнікі здагадаліся ўжо ў працэсе паходу, а спачатку проста хацелі працягнуць мужчынскія сустрэчы, якія пачаліся пілігрымкай у Пскова-Пячорскі манастыр у лютым 2016 года.

У паходзе на байдарках, які прайшоў 15-18 ліпеня па рацэ Вілія, было і сонца, і дождж, было і горача, і халаднавата. Была сур’ёзная фізічная нагрузка і хвіліны адпачынку ў зусім бязлюдных месцах, куды немагчыма дабрацца на машыне і дзе масляты растуць побач з палаткай. Былі размовы ля вогнішча і духоўная праца, выпрабаванне характару. Былі класічныя макароны па-флоцку і грыбны суп. Была нават лазня, гарачая – як сапраўдная, на беразе ракі, зладжаная з камянёў і тэнта.

Для большасці удзельнікаў – 15 мужчын – байдарачны паход з амаль поўным адрывам ад цывілізацыі быў першым у жыцці. Тым цікавей было гэтае яднанне з прыродай, назіранне за тым, як змяняюцца людзі, пазбаўленыя цывілізацыйных падпорак і ўмоўнасцяў, праверка на трываласць, мужнасць і ўзаемавыручку.

Традыцыйна духоўную частка паходу на сябе ўзяў кс. Віталь Сапега ОР, аднак нечакана група з хрысціян розных канфесій узбагацілася яшчэ адным святаром – кс. Аўгустам Калясінскім, які нядаўна атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне. Удзельнікі мелі магчымасць атрымаць яго прыміцыйнае благаслаўленне.

Арганізатарамі паходу былі дабрачынны фонд «Адкрытыя сэрцы» і душпастырства сем’яў Віцебскай дыяцэзіі, таму элемент пралайфу прысутнічаў і тут. На байдарках удзельнікі замацавалі сцягі з пралайф-лозунгамі, якія дадалі паходу ўрачыстасці і дазволілі звярнуць увагу рыбакоў і адпачываючых на Віліі.

«Правільна спяваў у свой час Высоцкі – для таго, каб зразумець, кім мужчына з'яўляецца на самой справе, трэба ўзяць яго ў горы. У Беларусі гор няма, але водны паход па нашых маляўнічых рэках – таксама выдатная магчымасць усвядоміць сваю сутнасць, адкрыць новыя, часам зусім нечаканыя рысы ў старых сябрах і набыць новых, — гаворыцца на prolife-belarus.org. — Спадзяемся, што такія паходы, разам з больш традыцыйнымі пілігрымкамі і рэкалекцыямі, стануць падмуркам для паўнавартаснага душпастырства мужчын і бацькаў».

Уладзіслаў Валаховіч 
www.prolife-belarus.org

(АлГ), (AG)

Абноўлена 05.06.2017 13:40
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.