Пошук

05.06.2016 22:29  

У парафіі Беззаганнага Сэрца Марыі ў Оршы перад адпустовай урачыстасцю — успамінам Беззаганнага Сэрца Марыі — на працягу трох дзён адбывалася саракагадзіннае набажэнства. У гэтыя дні людзі з усяго горада мелі магчымасць адараваць Найсвяцейшы Сакрамэнт сорак гадзін.

Традыцыя такой формы падрыхтоўкі да святкавання адпустовай урачыстасці ўзята са старадаўняй гісторыі лакальных традыцый Касцёла на захадзе Беларусі. Галоўным элементам падрыхтоўкі да свята з’яўляецца духоўнае навяртанне.


Падчас сустрэчы вернікаў з Эўхарыстычным Хрыстом праводзіліся канферэнцыі і пакутныя набажэнствы, шмат людзей прыступілі да сакрамэнту пакаяння і паяднання. Духоўным кіраўніком падчас саракагадзіннага набажэнства быў кс. Ян Пугачоў з Германавіч, які звярнуў увагу парафіян на вернасць Хрысту, міласэрнасць Бога і пачуцці адказнасці за Касцёл жывы і касцёл матэрыяльны.


Кульмінацыяй святкавання парафіяльнага фэсту стала Эўхарыстыя, у якой прысутнічалі святары і госці з Лёзна, Талочына, Дуброўна, Лепеля і  Навалукомля.

Таксама ў дзень фэсту парафіяне ўзгадалі 15-ю гадавіну існавання сваёй парафіі. Дэкан Аршанскі кс. Валерый Орсік нагадаў пра святароў, якія тут служылі, і падзеі, якія адбываліся ў жыцці парафіі на працягу гэтага часу.


Кожны святар атрымаў званочак, зроблены рукамі парафіян. «Няхай гэтыя маленькія званочкі будуць сімвалам для кожнага святара — быць званочкам у сваёй парафіі, каб верна служыць Богу і будзіць веру ў людскіх сэрцах, — пажадаў кс. Валерый Орсік. — Няхай Беззаганнае Сэрца Марыі затрыўмфуе ў кожным з нас».

Ягор Сіўцоў

Абноўлена 05.06.2017 13:40
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа