Мінскі касцёл Свв. Сымона і Алены (Чырвоны касцёл) з’яўляецца адным з самых наведваемых у беларускай сталіцы. У нядзелю тут праходзіць восем святых Імшаў.
Сярод усіх каталіцкіх святыняў у Беларусі гэта найбольшы паказчык — столькі ж у нядзелю цэлебруецца толькі ў гродзенскай катэдры. Улічваючы, колькі Касцёл перажыў у савецкі час, гэта інфармацыя не можа не радаваць.
Святар, які праводзіць у такой парафіі рэкалекцыі, прамаўляючы рэкалекцыйныя навукі падчас кожнай Імшы, павінен мець асаблівую духоўную і фізічную моц.
Сёлета рэкалекцыі на Вялікі пост у Чырвоным касцёле праводзіў дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец. За чатыры дні іерарх прамовіў рэкалекцыйныя навукі 28 (!) разоў.
«Праграма рэкалекцый сапраўды насычаная, але я ўдзячны Богу за гэта. Складана не было — я быў падрыхтаваны».
Іерарх дадаў, што падчас рэкалекцый прытрымліваўся пэўнай праграмы ў сваіх прамовах:
«У першы дзень я канцэнтраваўся на тым, каб прывесці як мага больш біблійных доказаў і сведчанняў мучанікаў пра існаванне Бога. Разважанні другога дня былі прысвечаны 10 Божым Запаведзям. У трэці дзень я разважаў пра сакрамэнты, якія дадзены чалавеку для духоўнага ўмацавання».
Ілюстрацыйнае фота
Біскуп прыгадаў, што ў пачатку 90-х, калі святароў было мала, у нядзелю яму даводзілася цэлебраваць Імшы ў пяці парафіях.
«Хто памятае час атэізму, з вялікай пашанай ставіцца сёння да веры»
«Прэзбітэрскае пасвячэнне я атрымаў 3 чэрвеня 1984 года. 30 гадоў таму цяжка было меркаваць, што ў нас будуць касцёлы, пілігрымкі, выдавецтвы, семінарыі... Свабода рэлігіі прыйшла раптоўна. І той, хто памятае час атэізму, з вялікай пашанай ставіцца сёння да веры. Маладому пакаленню вернікаў цяжэй ацаніць тое, што яны маюць. Хацелася б, каб яны цанілі Касцёл і не забываліся пра Бога», — сказаў іерарх.
«Калі фундаментам нашага жыцця з’яўляецца вера — чалавеку нічога не страшна. Бо, як казаў святы Павел, “усё магу ў Хрысце, які мяне ўзмацняе”. Я жадаю ўсім нам, каб мы жылі з Богам».