Пошук

18.01.2017 21:03  

18 студзеня ў магілёўскай парафіі Св. Антонія Падуанскага прайшла пастырская сустрэча святароў і законных сясцёр Магілёўскага рэгіёна.

Сустрэчу ўзначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і біскуп вікарый для г. Магілёва і Магілёўскай вобласці Аляксандр Яшэўскі SDB.

Святой Імшы папярэднічаў адмысловы даклад, які для духавенства падрыхтаваў доктар біблійнай тэалогіі, выкладчык Міждыяцэзіяльнай духоўнай семінарыі ў Пінску Уладзіслаў Валаховіч, вядомы руплівай дзейнасцю ў дабрачынным фондзе «Адкрытыя Сэрцы», прысвечаным абароне зачатага жыцця і сям’і.


У сваім дакладзе Уладзіслаў Валаховіч правёў паралель паміж жыццём у цэлібаце святароў (абяцанні чысціні манаскіх асобаў) з жыццём у вернасці сужэнскіх пар. Прыводзячы ў прыклад Біблію і постаці Божых мужоў, дакладчык паказаў значэнне жыцця ў чысціні тых, хто служыць Богу, і прыгажосць святога жыцця сужэнцаў.

«Жыццё ў цэлібаце святара, у чысціні манаскай асобы і ў вернасці мужа і жонкі павінна спалучацца з радасцю свядома і дабравольна прынятага абавязку», — падкрэсліў Уладзіслаў Валаховіч. «Мэтай нашай супольнай дарогі з’яўляецца Божае Валадарства, якое не без цяжкасці дасягаецца святаром — у цэлібаце, манаскай асобай — у абяцанні чысціні, свецкай асобай — у сужэнстве», — завяршыў дакладчык.

Пасля дакладу адбылася адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, падчас якой была магчымасць прыступіць да сакрамэнту пакаяння. Святую Імшу ўзначаліў біскуп Аляксандр Яшэўскі SDВ, які ў сваёй гаміліі працягнуў разважанні дакладчыка, закранаючы плён Святога Духа, якім з’яўляецца ўстрыманне.

Калі няма ўстрымання — няма і абароны

«Устрыманне — з грэчаскай мовы азначае “мець поўны кантроль над сваімі жаданнямі і дзеяннямі”. А для нас, духоўных асобаў, устрыманне азначае правільнае стаўленне перамененага Богам духа да сваёй плоці і да яе цялесных жаданняў.



Іншымі словамі ўстрыманне для духоўнай асобы — гэта ўтрымліванне сябе ад выканання тых сваіх жаданняў, якія не адпавядаюць Божай волі, не даюць карысці душы, не ўзбагачаюць яе духоўна, не служаць здабыванню ёй скарбаў ў Валадарстве Нябесным».

Іерарх падкрэсліў, што без устрымання ад розных памкненняў усе дары, атрыманыя ад Святога Духа, будуць «задушаны» нашым целам.

«Калі ў нашым духоўным жыцці няма ўстрымання, то няма і абароны вакол нас. Устрыманне — гэта як ключ, каб вораг не ўвайшоў да нашага нутра і не загубіў нашае жыццё і збаўленне душы», — адзначыў біскуп.
Асаблівую ўвагу біскуп Яшэўскі звярнуў на тры кірункі жыцця ў радасным устрыманні. «Першае — прысвяціць сваё святарскае і манаскае жыццё нястомнаму ўзрастанню ў святасці. ”Усё мне можна, але не ўсё карысна. Усё мне можна, але нічым не дам сябе зняволіць” (1 Кар 6, 12).

Другое — прысвяціць сваё святарскае і манаскае жыццё нястомнаму ўзрастанню ў духоўным жыцці, каб быць сапраўднымі, аўтэнтычнымі духоўнымі асобамі. «Бо якая будзе карысць чалавеку, калі ён здабудзе ўвесь свет, а душы сваёй пашкодзіць? Або што дасць чалавек узамен за душу сваю» (Мц 16, 26). Трэцяе — прысвяціць сваё святарскае і манаскае жыццё таму, каб Божая слава ўзрастала ў нашым жыцці і ў жыцці тых, да каго мы пасланыя. “Ці ясцё, ці п’яце, ці нешта робіце — усё рабіце на Божую хвалу”» (пар. 1 Кар 10, 31).

Дысцыпліна — краевугольны камень устрымання

«Як практычна навучыцца ўстрыманню? Настаўнікі духоўнага жыцця даюць вельмі простую і паспяховую параду. Кожны павінен прытрымлівацца сваёй уласнай дысцыпліны. Дысцыпліны думак, дысцыпліны пачуццяў, дысцыпліны жаданняў, дысцыпліны слоў і дзеянняў. А гэта значыць мець устрыманне ў ежы, у набыцці рэчаў, устрыманне ў задавальненнях і ў прыманні розный інфармацыі».



«Хачу пажадаць кожнаму з вас, а таксама і сабе, цаніць прыгожы плён Святога Духа, якім з’яўляецца ўстрыманне. Практыкаваць яго кожны дзень нашага духоўнага жыцця. Прымаць яго не як пакуту ці цяжар, а з радасцю, бо мы выбралі духоўны стан дабравольна і з ахвотай», — заключыў іерарх.

У заключэнне біскуп нагадаў, наколькі важна ў барацьбе са спакусамі шанаваць вопыт духоўных асобаў, якія жылі раней. «Кожны дзень варта рабіць рахунак сумлення, нястомна выхоўваючы і фармуючы сябе на дарозе да святасці», — сказаў іерарх.

Ян Багдановіч
Фота кс. Дзяніса Бразінскага

Фотарэпартаж >>>

Абноўлена 05.06.2017 13:34
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця