Пошук

09.01.2017 17:28  

У ноч з 4 на 5 студзеня ў парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Бабруйску прайшло начное чуванне для моладзі Магілёўшчыны. Пра плён малітвы падчас чування разважаюць яго ўдзельнікі з Магілёва і Бабруйска.

 h

Юля Пасынкава, парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, г. Магілёў:

«Я ўпершыню была на начным чуванні. Па-мойму, гэта добрая ідэя — арганізаваць яго пасля святаў Божага Нараджэння. Плюсы менавіта начнога чування ў тым, што ноччу ніхто нікуды не спяшаецца і ты можаш цалкам акунуцца ў малітву, спакойна паразмаўляць з Панам. Яшчэ ў чуванні ёсць нешта цудоўнае: я адчула ў сабе новыя сілы і сустрэлася з цікавымі людзьмі.

Пасля гэтай сустрэчы я зразумела, што трэба ўзрастаць не толькі інтэлектуальна, але і дбаць аб сваім духоўным ўзрастанні. Я ведала пра гэта і раней, але дзяленне Божым словам падштурхнула мяне на некаторыя канкрэтныя дзеянні. Я зразумела, што адна матывацыя нічога ня зменіць і трэба пачынаць дзейнічаць — пачынаць змяняцца, а не планаваць змены. Яшчэ мне спадабалая сама праграма чування, асабліва крэатыўныя заданні».

Алеся Новікава, парафія Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, г. Бабруйск:

«На мой погляд, начное чуванне патрэбнае для ўмацавання асабістых узаемаадносінаў з Богам. Праз гэта мы становімся здольнымі пачуць у душы голас Пана і адчуць, як Ён кожную секунду спрабуе дастукацца да нашых сэрцаў. Гэтая сустрэча дала мне новыя цікавыя знаёмствы і магчымасць прысвяціць Богу столькі часу, колькі я нярэдка не магу прысвяціць Яму ў штодзённым жыцці».

Юлія Алейнікава, парафія Св. Казіміра і св. Ядзвігі, г. Магілёў:

«Моладзевае начное чуванне — гэта добры спосаб сабрацца разам на малiтве. Тым больш, тут ёсць і ўласная ахвяра: ты магла б спаць, але ўсё ж прыязджаеш сюды ўвечары i разам з астатнiмi молiшся ўсю ноч. Такiм чынам мы набываем "золата, ачышчанае агнём". Яшчэ гэта магчымасць пазнаёмiцца з новымi людзьмi, быць у супольнасцi каталiцкай моладзi.

Я ўпершыню ўдзельнiчала ў начным чуваннi, таму атрымала шмат ўражанняў. Ахвяравалася правесці ноч без сну, памалiлася ў такiх незвычайных абставiнах, знайшла новых знаёмых i пэўны час была побач з Богам».

Аляксандр Ляўшоў, парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, г. Магілёў:

«Такія сустрэчы патрэбныя, каб мы, каталіцкая моладзь, знаёміліся адно з адным, дзяліліся сваімі перажыванням і нейкім духоўным вопытам, каб бачыць, што ёсць тыя, хто адчувае тое ж самае, што і ты, што мы можам крочыць разам, імкнуцца быць бліжэй да Езуса. Гэтая сустрэча дала мне новых сяброў і ўзмацніла старыя сяброўствы, бо мы разам разважалі і стараліся зразумець, што значыць быць “дзецьмі святла”».

Ніна Надтачаева, парафія Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, г. Бабруйск:

«Удзел у начным чуванні — мая асабістая ахвяра Богу. Сустрэча дала мне разуменне, што толькі тады нашае жыццё набывае сэнс, калі мы адкрываемся на Божую любоў. Толькі тады мы адчуваем прагненне і здольнасць ісці наперад і несці святло і дабрыню ў гэты свет».

Яна Козыр, парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, г. Магілёў:

«Я разумею начное чуванне як асаблівы від духоўнай практыкі, маленькую ахвяру для Езуса. Гэта шанец паказаць Яму, што мы можам прамяняць сон на сустрэчу з Ім і што мы памятаем: Ён можа прыйсці ў любы момант і таму мы хочам быць падрыхтаванымі да гэтага моманту.

Начное чуванне мае своеасаблівую атмасферу спакою, можа нават крыху меланхалічную і рамантычную. У такой атмасферы прасцей засяродзіцца на сваіх думках і пачуццях. А яшчэ чуванне — выдатны спосаб падзяліцца з сябрамі-хрысціянамі ўласнымі думкамі.


Як сказаў папа Францішак, ніхто з нас не з’яўляецца хрысціянінам выпадкова. Таму, калі мы хрысціяне, мы павінны несці Крыж з Езусам да самай Галгофы, інакш сусвет згасне і патоне ў цемры».

Яна Шумская, фота Мар'ям Лавал

Фотарэпартаж >>>

Абноўлена 05.06.2017 13:34
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.