Пошук

29.12.2016 00:00   Тэкст і фота: Марына Валасар / Catholic.by

«Для мяне фатаграфія — гэта жыццё». Так апісаў сваё захапленне фотамастак і журналіст Віктар Ведзень. 17 снежня ў архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску адкрылася яго фотавыстаўка. 

Выстаўка пад назвай «Дарогі, якімі мы Бога шукаем» — гэта працяг экспазіцыі на тэматыку пілігрымак да Будслава.

На першы погляд гэта звычайныя партрэты і сюжэты з пілігрымкі — дзесьці радасныя, дзесьці задуменныя… Але разгледзеўшы больш падрабязна, разумееш, што сэнс у іх больш глыбокі. Подпісы да фатаграфій у асобных выпадках падабраныя настолькі трапна, што ты быццам акунаешся ў гэтую выяву і ловіш сувязь паміж фота і тэкстам, якія ствараюць гармонію.

Першую частку фотаэкспазіцыі аўтар паказаў на пачатку ліпеня ў касцёле свв. Сымона і Алены ў Мінску, затым прадставіў свае работы на Будслаўскім фэсце. Як аказалася, месцам сённяшняй выстаўкі мінская катэдра стала невыпадкова.

«Калі пасля першай выстаўкі прайшло два месяцы, у мяне з’явілася ўнутранае адчуванне незавершанасці як мінімум у гэтым годзе. І я ўспомніў, што мінская пілігрымка да Будслава распачыналася менавіта з архікатэдры. Таму я падумаў, што абавязаны паказаць сваю выстаўку ў гэтым месцы», — распавёў Catholic.by Віктар Ведзень.

Аўтар упэўнены, што, нягледзячы на тэхнічныя моманты (асвятленне і г.д.), выстаўка на тэму пілігрымкі «нідзе больш не была б на пачатку настолькі актуальная, як у касцёле».

«Мэта гэтай выстаўкі — паказаць значнасць пілігрымкі, актуальнасць у цяперашні час, а таксама паказаць тыя моманты, якія я змог зафіксаваць», — заўважыў фатограф.

«На экспазіцыі прадстаўлены людзі-пілігрымы, якія крочаць да апякункі Беларусі — Маці Божай Будслаўскай. У кожнага пілігрыма свае думкі, просьбы, неверагодныя жыццёвыя гісторыі», — дадаў Віктар Ведзень.

У фотавыстаўку ўвайшлі фатаграфіі, якія ўжо выстаўляліся ў Чырвоным касцёле і падчас фэсту ў Будславе, некаторыя выявы з мінулагодніх пілігрымак, якія раней не былі паказаныя, а таксама шэсць фотаздымкаў з сёлетняй пілігрымкі.

«Гэтая выстава — не вынік — гэта першы крок духоўна-даследчага праекта, які будзе распавядаць гісторыі тых людзей, што ідуць “дарогай” да святыняў па жыцці, і ў каго гэты шлях паўплываў на іх далейшы лёс праз здзяйсненне розных цудаў», — заўважае аўтар у сваёй анатацыі да выстаўкі.

«Мне было заўсёды цікава, чаму людзі здзяйсняюць такія доўгія паходы. І хацелася б убачыць нейкі фідбэк ад людзей. Таму што гэтая выстаўка, наколькі я зразумела, толькі асабістае ўражанне аўтара. Але ў цэлым выстаўка цікавая. Я штосьці такога кшталту і хацела пабачыць», — распавяла Catholic.by наведвальніца выстаўкі Алена.

Дзяўчына не з’яўляецца каталічкай, і не адносіць сябе да нейкай пэўнай канфесіі. А ў касцёл зайшла «проста з-за цікаўнасці», а заадно вось так выпадкова патрапіла на гэтую выстаўку.

«Мне заўсёды цікава пазнаваць светапогляд іншых людзей. Гэта збліжае не толькі ў культурным плане, але ўвогуле. Аўтар напісаў у анатацыі, што ў кожнага з гэтых людзей на фотаздымках ёсць свая гісторыя. Вось мне б хацелася даведацца гэтыя гісторыі», — заўважыла Алена.

Выстаўка «Дарогі, якімі мы Бога шукаем» будзе трываць у архікатэдры да 17 студзеня. Кожны жадаючы можа яе наведаць і разам з аўтарам зноў прайсці дарогай да Будслава, а таксама, магчыма, адкрыць сваю ўласную сцяжынку да Бога.

Фатограф выказвае падзяку за духоўную падтрымку ідэі выстаўкі на пачатковым этапе Мітрапаліту Тадэвушу Кандрусевічу, пробашчу парафіі Святых Сымона і Алены ў Мінску кс. Уладзіславу Завальнюку, а таксама пробашчу архікатэдральнай парафіі кс. Антонію Клімантовічу за падтрымку ў арганізацыі выстаўкі ў катэдры.

Віктар Ведзень — фотажурналіст, студэнт Інстытута Журналістыкі БДУ, супрацоўнічае з рознымі беларускімі і замежнымі выданнямі, у тым ліку з Catholic.by.

Марына Валасар
Фота аўтара і з архіва Віктара Ведзеня

Абноўлена 05.06.2017 13:34
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа