Дзеянні эколагаў вакол справы будаўніцтва касцёла ў мінскім скверы Котаўка Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч назваў «новым пераследам Касцёла з боку зялёных».
«Ніколі не будзе добрай экалогіі, калі не будзе экалогіі ў душы чалавека», — сцвердзіў на перадкаляднай прэс-канферэнцыі ў Мінску старшыня каталіцкага епіскапату ў Беларусі.
Арцыбіскуп Кандрусевіч патлумачыў, што ў кожнай парафіі павінна быць месца для малітвы — святыня. Месца пад будаўніцтва касцёла, як падкрэсліў іерарх, выдзяляе дзяржава. Атрымаўшы надзел, парафія пачынае вялікую працу, якая папярэджвае само будаўніцтва: збіраецца шэраг дазволаў, распачынаюцца інжынерныя працы.
Усё гэта, як адзначыў Мітрапаліт, патрабуе немалога фінансавання.
У выпадку парафіі ў мінскім мікрараёне Зялёны луг (парафія зарэгістравана ў маі 2007 г.), падрыхтоўчыя працы працягваліся пяць гадоў. Аднак на этапе падрыхтоўкі надзелу (які быў выдзелены дзяржавай у скверы Котаўка) да будаўнічых прац сваю нязгоду на ўзвядзенне святыні выказалі прадстаўнікі «зялёных» і жыхары Сельгаспасёлка. Увыніку фізічнага супрацьстаяння «зялёных» частку дрэваў ссячы не ўдалося.
21 снежня на прэс-канферэнцыі «Пра вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця горада» старшыня Мінгарвыканкама Андрэй Шорац заявіў, што сквер Котаўка ў Сельгаспасёлку вырашана захаваць. Касцёлу ж горад выдзеліць іншы надзел для ўзвядзення святыні.
«Не ведаем, як завершыцца гэтая справа», — адзначыў Мітрапаліт на прэс-канферэнцыі, падкрэсліўшы, што старшыня Мінгарвыканкама «не дае надзеі на працяг будаўніцтва» ў Котаўцы.
«Мы не хочам рэвалюцыі», — дадаў іерарх і ўказаў, што ўсе папярэднія працы былі ўзгоднены з уладамі горада, «усё было зроблена па закону».
На сёння Мітрапаліт Кандрусевіч мае намер працягваць размовы са старшынёй Мінгарвыканкама адносна будаўніцтва святыні ў скверы Котаўка. Вынік гэтых размоваў пакажа далейшы ход падзей вакол Котаўкі.
Валянціна Грамыка
Фота Віталія Палінеўскага