Пошук

16.12.2016 18:06  

17 снежня ў касцёле свв. Сымона і Алены (Чырвоны касцёл) у Мінску прайшла аплаткавая сустрэча Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча з навучэнцамі і выкладчыкамі Мінскага тэалагічнага каледжа імя св. Яна Хрысціцеля.

У межах сустрэчы адбылася святая Імша, якую ўзначаліў арцыпастыр. У гаміліі Мітрапаліт засяродзіўся на таямніцы Богаўцелаўлення.

Іерарх адзначыў, што Божае Нараджэнне ўвайшло ў гісторыю чалавецтва як «зваротны яе пункт»: «Людзі, знаходзячыся ў грахоўнай цемры, убачылі святло, якое ззяе і цяпер у вечна жывым і дзейсным Божым слове, і якое з’яўляецца арыенцірам у нашым жыцці. Чалавецтва атрымала новую надзею, нават насуперак надзеі. Перад ім адкрылася новая перспектыва вечнага жыцця».

Іерарх перасцярог прысутных ад успрымання Божага Нараджэння як магічнага свята і заклікаў бачыць у ім найперш Божае пасланне, сутнасць якога ў любові Бога да чалавека, ажно да ахвяравання свайго адзінага Сына.

«Збаўленне чалавека — гэта найперш ініцыятыва Бога, знак Яго бязмежнай любові да грэшнага і нявернага чалавека, — заўважыў Мітрапаліт. — Божая любоў ахінула яго дваццаць стагоддзяў таму і працягвае ахінаць, бо Хрыстус жыве ў сваім Касцёле і прыходзіць да нас у сваім слове, сакрамэнтах, справах міласэрнасці».

Іерарх патлумачыў і сэнс наяўнасці ў Святым Пісанні радавога дрэва Езуса: «Гэты радавод нясе з сабой вельмі важнае пасланне: Хрыстус укаранёны ў гісторыі чалавецтва і з’яўляецца яго часткай. Ён прыйшоў збавіць як сваіх продкаў, так і сучаснага чалавека, і апошняга, які будзе жыць на зямлі».

«Наш абавязак — паказаць Хрыста сучаснаму свету і дапамагчы яму пазнаць Яго, каб свет мог жыць Божай праўдай», — нагадаў прысутным арцыпастыр.

Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з навучэнцамі Мінскага тэалагічнага каледжа імя св. Яна Хрысціцеля ў межах аплаткавай сустрэчы.

«Сучасны свет патрабуе св. Янаў Хрысціцеляў па меры выклікаў ХХI стагоддзя. Патрабуе тых, хто зможа нанова паказаць свету, які тоне ў балоце секулярызму, дарогу, па якой да яго прыйдзе Хрыстус. Гэта заданне не толькі для святароў і кансэкраваных асобаў, а для ўсіх хрысціян. І вядучая роля належыць выкладчыкам і студэнтам тэалагічнага каледжа. Нездарма ён носіць імя св. Яна Хрысціцеля.

Вы, навучэнцы каледжа, як будучыя катэхеты і бліжэйшыя памочнікі святароў у яго сценах павінны набірацца адпаведных ведаў і практыкі, каб быць галасамі, якія клічуць у сучаснай духоўнай пустыні. Вам неабходна будзе несці сучаснаму чалавеку праўду Евангелля, а праз яе — праўду Богаўцелаўлення, якая з’яўляецца сакрамэнтам Нараджэння Хрыста, каб Ён сваёю ласкай нараджаўся ў душах сучасных людзей і яны станавіліся Бэтлеемамі нашага часу», — заключыў Мітрапаліт.

Пасля эўхарыстычнай літургіі пад калядныя спевы прайшло дзяленне аплаткай.

(DN), (VGr)
Фота Аркадзя Абаева

Фотарэпартаж >>>

Абноўлена 05.06.2017 13:34
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.