Пра гэта стала вядома 2 снежня на аўдыенцыі прэфекта Кангрэгацыі па справах Кананізацыі кардынала Анджэла Амата, падчас якой папа Францішак ухваліў дэкрэты аб прызнанні цуду, мучаніцкай смерці і гераічнасці цнотаў шэрагу Слугаў Божых.
Адзін з іх — арцыбіскуп Матулёніс, служэнне якога было звязана з Беларуссю.
Арцыбіскуп Тэафілюс Матулёніс нарадзіўся ў Літве ў 1873 годзе. Выпускнік Пецярбургскай духоўнай семінарыі. У 1900-1907 гг. працаваў у Варклянах, на Віцебшчыне і Быхаве, на Магілёўшчыне. Значны перыяд свайго жыцця здзяйсняў душпастырскае служэнне ў Пецярбургу.
Жыццё ў савецкай сістэме
У 1923 г. святар быў арыштаваны і асуджаны на тры гады турэмнага зняволення. Пасля вызвалення працягнуў служэнне ў горадзе на Няве.
У 1928 г. прызначаны дапаможным біскупам Магілёўскай архідыяцэзіі, аднак праз два гады быў паўторна арыштаваны і асуджаны на 10 гадоў пазбаўлення волі. Пакаранне адбываў у Салавецкім лагеры асобага прызначэння.
У 1943 г. быў прызначаны біскупам Кайшадорыскай дыяцэзіі ў Літве, але пасля заканчэння Другой сусветнай вайны, у 1946 г., быў арыштаваны ў трэці раз і асуджаны на сем гадоў пазбаўлення волі, якія адбываў у сібірскіх лагерах і ва Уладзіміры. Вызвалены ў 1954 г. і накіраваны ў дом інвалідаў, дзе пражываў пад кантролем органаў дзяржаўнай бяспекі. Праз два гады іерарх змог вярнуцца ў Літву.
Біскупу Матулёнісу было забаронена кіраваць дыяцэзіяй, яго прымушалі жыць у ізаляцыі. У лютым 1962 г. Папа Рымскі Ян ХХІІІ надаў іерарху годнасць арцыбіскупа, але ўжо праз шэсць месяцаў арцыпастыра не стала. Яго беатыфікацыйны працэс працягваўся з 1990 г.