12 лістапада ў мінскім касцёле свв. Сымона і Алены прагучалі лекцыі на тэму «Псіхалогія сямейных адносін». Псіхалогія мужчыны і жанчыны, узаемаадносіны ў сямейным жыцці — такімі былі тэмы дакладаў, з якімі выступіла с. Паўла Бобер MSF, выкладчыца, псіхатэрапеўт са шматгадовай практыкай.
Першае, пра што нагадала с. Паўла слухачам, якіх назбіралася поўная зала ў дольным касцёле, — наколькі чалавек падобны да Бога. Не аднойчы мы чыталі ў Святым Пісанні, што Бог стварыў чалавека на сваё падабенства. Аднак, думаецца, кожны гэтыя словы разумее па-свойму і, ёсць верагоднасць, не заўсёды слушна або не ва ўсёй паўнаце.
Прыводзім некаторыя думкі з даклада с. Паўлы:
Каб стварыць жанчыну, Бог усыпіў Адама
…Усыпіў, каб засяродзіцца над стварэннем той, якая будзе найбольш падобна да Яго.
Бог стварыў жанчыну для абароны мужчыны. Неспадзявана?.. Несумненна і неабвержна: мужчына — абаронца. Ён моцны фізічна, больш устойлівы эмацыйна, разважлівы, ён — апора. Аднак ці магчыма ўсё гэта без жанчыны, створанай з Адамавага рабра, — косці, якая з’яўляецца своеасаблівым шчытом, заслонай для сэрца і лёгкіх, без якіх няма жыцця?
Жанчына створана для абароны сэрца мужчыны, а значыць усяго, што з’яўляецца складнікамі яго жыцця.
Бог уклаў у сэрца жанчыны сваю пяшчоту і прыгажосць і стварыў яе вельмі падобнай да сябе. Настолькі падобнай, што праз сябе яна аб’яўляе Бога — Яго пяшчоту, блізкасць, дабрыню, прабачэнне…
Сутнасць жанчыны — быць той, якая не затрымліваецца і прыходзіць на дапамогу свайму мужу ў час; быць той, якая падтрымлівае мужа, нават калі яго ніхто не падтрымлівае.
У чым жа падабенства жанчыны да Бога? Яна прагне быць адзінай — Стварыцель таксама называе сябе Богам адзіным і хоча, каб чалавек не пакланяўся іншым багам; жанчына любіць, каб яе шукалі, — Бог у Святым Пісанні таксама заклікае, каб Яго шукалі; жанчына прагне прыгажосці, яна не можа яе не заўважаць — і гэта ў ёй таксама ад Бога.
Што сталася з той, якая прыходзіць у час? Што сталася з пярлінай і вянцом Божага стварэння? Першародны грэх сказіў яе прыгожыя рысы і якасці, якімі яна так падобна да свайго Створцы. Побач з імі з’явіліся іншыя рысы — кантраляванне, недавер, эгаізм, дамінаванне… А наступствам усяго гэтага стала напружанне.
Аднак Бог прагне, каб чалавек усцяж аднаўляў сваё падабенства да Яго. У Святым Пісанні чытаем: пазнайце праўду (праўду пра сябе!) — і яна аздаравіць вас.
Асноўнае пытанне мужчыны: ці змагу я?
Ствараючы мужчыну, Бог надзяліў яго абстрактным, аб’ектыўным і лагічным мысленнем. Небеспадстаўна Ён заклаў у мужчыну любоў да самастойнасці і ўлады, а таксама жаданне ўсё браць у свае рукі. А апошняе магчыма толькі ў тым выпадку, калі мужчына добраахвотна і свядома чыніць сябе адказным за тых, каго любіць, і за тое, што любіць. Такая адказнасць сведчыць пра сталасць мужчыны.
У крытычныя моманты ён умее захоўваць спакой, для яго не характэрна паніка. Менавіта таму абарона сям’і больш па сілах мужчыну.
…А сэрца мужчыны абароніць жанчына. Узаемадапаўненне – цудоўная рэч, якую прыдумаў Стварыцель.
Праз адкрыванне ў сабе падабенства да Бога, праз усведамленне ўсёй прыгажосці і дасканаласці ў сабе, чалавек становіцца больш сталым, ён пачынае прымаць і любіць сябе, бо разумее сэнс свайго існавання і паклікання. Разумее таксама, з якой вялікай любоўю ствараў яго Бог.