Пошук

23.10.2016 17:59  

«Пакора дапамагае належным чынам ацаніць саміх сябе, каб мы не ганарыліся сваім паходжаннем, прыгажосцю, пазіцыяй, якую займаем, і атрыманай ласкай, бо ўсё ад Бога», — адзначыў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч на святой Імшы ў ХХХ Звычайную нядзелю, 23 кастрычніка, якую цэлебраваў у мінскім архікатэдральным касцёле.

У гаміліі іерарх засяродзіў увагу на евангельскім аповедзе, прадстаўленым у літургічным чытанні гэтага дня, пра двух яўрэйскіх вернікаў: фарысея і мытніка. Мітрапаліт адзначыў той факт, што «абодва вераць у Бога, абодва належаць да адной рэлігіі і абодва прыйшлі памаліцца ў адну сінагогу», «аднак выйшлі з яе рознымі: мытнік, якога людзі не любілі, пайшоў дадому апраўданым, фарысей жа, які быў духоўным настаўнікам, не атрымаў такой ласкі».

Арцыбіскуп нагадаў, што «мытнікі, ці зборшчыкі падаткаў, разглядаліся як людзі вельмі нізкага маральнага ўзроўню», «іх лічылі жулікамі і грэшнікамі, зямны шлях якіх вядзе ў пекла», «аднак евангельскі мытнік спадзяваўся на выратаванне не паводле сваіх маральных заслуг ці рэлігійных практык, але па бязмежнай Божай міласэрнасці». Фарысеі ж «былі ўпэўнены ў сваёй праведнасці, паважалі толькі добрых і падобных да сябе людзей і з пагардай глядзелі на грэшнікаў і мытнікаў. Менавіта таму ў сінагозе фарысей практычна не маліўся, але толькі хваліўся перад Богам: “Паглядзі, Божа, які я прыкладны…”»

Мытнік, у сваю чаргу, «не спадзяваўся на сябе і свае сілы, але сваю надзею пакладаў у Богу. Стоячы далёка, ён нават не асмельваўся падняць вочы да неба, толькі біў сябе ў грудзі і казаў: “Божа, будзь міласэрны да мяне, грэшнага”».

Мітрапаліт прапанаваў вернікам задаць самім сабе пытанне: «Кім мы з’яўляемся, да каго падобныя — да фарысеяў ці мытнікаў?» «Мы не маем права нікога судзіць. Гэта можа толькі Бог. Мы не ведаем унутранага стану душы іншага чалавека і не ведаем яго намераў і інтэнцый», — падкрэсліў арцыпастыр.

Па словах іерарха, «неабходна прымаць паставу евангельскага мытніка, які даверыўся бязмежнай Божай міласэрнасці, якая большая за самы вялікі грэх і якая абдымае кожнага» і аб якой Папа Францішак вучыць, «што ніхто не выключаны з яе дзеяння, акрамя таго, хто сам адмаўляецца ад яе». Як дадаў Мітрапаліт, трэба «памятаць, што Бог не дыскрымінуе нікога, а наадварот, аднолькава любіць усіх і жадае іх навяртання і асабліва аказвае сваю ласку пакорным».

«Прызнаць сваю грахоўнасць і недасканаласць, як гэта ўчыніў мытнік»; «прыярытэтам жыцця выбіраць пакору, а не ганарлівасць»; «ставіць Бога вышэй за ўсё»; «маліцца і прасіць у Бога дапамогі перамагчы ганарлівасць, каб быць пакорнымі, бо пакора дапамагае належным чынам ацаніць саміх сябе, каб мы не ганарыліся сваім паходжаннем, прыгажосцю, пазіцыяй, якую займаем, і атрыманай ласкай, бо ўсё ад Бога», — да гэтага заахвоціў вернікаў у гаміліі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

(AG)

Абноўлена 05.06.2017 13:34
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа