3 верасня, ва ўспамін св. Грыгорыя Вялікага, навучэнцы і выкладчыкі Мінскага тэалагічнага каледжа імя св. Яна Хрысціцеля распачалі новы навучальны год. Студэнтаў благаславіў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
Зайшоўшы ў мінскі касцёл свв. Сымона і Алены суботнім ранкам, я адразу адчула светлую, цёплую атмасферу. І гэта нездарма, таму што тут адкрываўся новы навучальны год для студэнтаў Мінскага тэалагічнага каледжа імя св. Яна Хрысціцеля.
«Як я па ўсіх вас сумавала», — пачула я радасны вокліч за спіной. Гэта адна са студэнтак каледжа вітала сваю аднакурсніцу. З левага боку ад алтара ўжо стаяла група моладзі і людзей сталага ўзросту з адмысловымі блакітнымі хустачкамі, на якіх віднеўся лагатып каледжа. Яны рэпеціравалі песні, «распяваліся».
Тым часам распачалася святая Імша, якую цэлебраваў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, а канцэлебравалі шматлікія святары – выкладчыкі і сябры каледжа.
Не баяцца евангелізаваць
У гаміліі падчас Імшы іерарх узгадаў асобу св. Грыгорыя Вялікага, які «шмат увагі прысвячаў абароне і распаўсюджванню веры», а таксама заахвоціў прысутных браць прыклад са святога і не баяцца евангелізаваць.
«Касцёл па сваёй прыродзе місійны, і такім ён павінен быць у наш час, калі галоўным яго заданнем з’яўляецца новая евангелізацыя. Місійнасць Касцёла павінна праяўляцца не толькі як місія "Ad gentes" — гэта азначае там, дзе Евангелле яшчэ не абвяшчалася, — але і народам з вялікай хрысціянскай традыцыяй, якія, аднак, страцілі веру і з’яўляюцца толькі намінальнымі, а не сапраўднымі хрысціянамі», — падкрэсліў арцыбіскуп.
Менавіта з мэтай евангелізацыі, па словах Мітрапаліта, і адчыняўся каледж. «Сёння ён паспяхова пачынае пісаць новую старонку сваёй гісторыі, а менавіта сёмы навучальны год», — сказаў іерарх.
«Няхай тры гады навучання і фармацыі спрыяюць таму, каб вы сталі тымі, хто па прыкладу і з моцаю апекуна каледжа св. Яна Хрысціцеля і апекуна сённяшняга дня св. Грыгорыя Вялікага, Папы і доктара Касцёла, будзе абвяшчаць вечную праўду Евангелля і прыкладам свайго жыцця панясе яе ў сучасны свет, каб ён пазнаў, што Хрыстус ёсць дарога, праўда і жыццё і ніхто не прыходзіць да Нябеснага Айца, як толькі праз Яго», — пажадаў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.
Пасля святой Імшы распачалася другая частка адкрыцця навучальнага года, вядучым якой быў кс. Юрый Санько.
Пра важнасць вывучэння Святога Пісання распавёў у сваім дакладзе студэнтам каледжа кс. Аляксандр Фаміных, затым кс. Дзмітрый Пухальскі зачытаў дыкрэты аб прызначэннях кіраўнікоў і выкладчыкаў каледжа.
На сёння ў Мінскім тэалагічным каледжы вучыцца каля 70 студэнтаў, а сваімі ведамі з навучэнцамі дзеляцца 22 выкладчыкі. Пра гэта на адкрыцці каледжа паведаміў дырэктар гэтай установы кс. Ян Крэміс.
«Адчуваю заданне прыводзіць людзей да Бога»
«Я асабіста лічу, што гэта вельмі важна – дзяліцца тымі ведамі, якія ты маеш. Магу сказаць шчыра, што не лічу сябе вельмі вялікім выкладчыкам, таму што таксама і я вучуся выкладаць, аднак цешуся, што хоць часцінку ведаў магу перадаць маім братам і сёстрам. Да ўсяго, гэта таксама вернікі, дзеля якіх я на сённяшні дзень пастаўлены як пастыр, які павінен таксама і навучаць. І скажу шчыра, раблю гэта з вялікай радасцю», — падзяліўся думкамі з Catholic.by дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB. Іерарх адгукнуўся на прапанову Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча і таксама будзе выкладаць у каледжы.
Сёмы навучальны год стаў першым для 14 першакурснікаў, якія ў гэты дзень атрымалі заліковыя кніжкі, а таксама падзяліліся з Catholic.by мэтамі, якіх хочуць дасягнуць.
«Я зразумела, што мне чагосьці не хапае ў жыцці, што патрэбна неяк развівацца, расці, патрэбны нейкія больш сур’ёзныя лекцыі. Падумала, што вучоба ў каледжы для мяне будзе цікавай. Спадзяюся, што ў перспектыве гэта яшчэ і карысна. Магчыма, я захачу нават стаць катэхеткай. Але больш гэта для сябе, для евангелізацыі сярод сваіх знаёмых і незнаёмых людзей. А яшчэ я вельмі люблю вучыцца», — распавяла першакурсніца Іна Рыкуніна.
Падобныя мэты мае і стараста першага курса Кацярына Фільмановіч:
«Мне хочацца несці сведчанне людзям. Але не хапае ведаў. Бывае, што мне людзі задаюць пытанні, напрыклад, аднакурснікі ва ўніверсітэце пытаюцца, а я не магу адказаць».
Павел Герасімовіч з Вішнева таксама паступіў, каб мець веды для евангелізацыі:
«Я адчуваю заданне прыводзіць людзей да Бога. Не толькі да Касцёла. Калі людзі па веравызнанні праваслаўныя або пратэстанты, то патрэбна, каб яны хоць бы вызнавалі сваю веру. Таму ёсць патрэба ў свецкіх асобах, якія будуць прыводзіць людзей да Бога. Менавіта з гэтай мэтай я тут».
Такім чынам, першакурснікаў чакаюць тры гады вучобы. Тры гады тут будуць падрыхтоўваць «хрысціянскія кадры», пакліканыя да новай евангелізацыі, так важнай асабліва сёння, калі ў звычайнай хрысціянскай краіне ў адным доме можа вісець крыж, а побач — падкова, «лавец сноў», будысцкія сланы або яшчэ штосьці «на шчасце»… На шчасце, не ўсё згублена...
Марына Валасар
Фота Аляксандры Шчыглінскай