Пошук

13.08.2016 00:00   Тэкст і фота: Ілья Лапато / Catholic.by

Карэспандэнт Catholic.by наведаў парафію Св. Міхала Арханёла ў Івянцы, дзе з 8 па 14 жніўня працуе «Музычная майстэрня». 

Рыхтуючыся да выніковага канцэрта, які пройдзе 13 жніўня, моладзь праганяе яшчэ раз харавыя партыі, музычную частку і цыркавыя элементы, развучаныя за гэты час.

Кіраўнік «Музычнай майстэрні» Ян Паспяшальскі, які не першы год прыязджае ў Івянец з Польшчы, каб падзяліцца сваім музычным досведам, вельмі рады прагрэсу ўдзельнікаў.

«Я і сам вучуся ад іх многаму. Найперш — іх заангажаванасці і імкненню ўдасканальвацца, — адзначае музыка. — Найлепшая ж узнагарода для мяне — гэта бачыць нераскрытыя таленты, якія праз удзел у нашых "Майстэрнях" развіваюць дадзены ім ад Бога дар».

Як дасягаюць мэтаў

Іра Пілясава з парафіі Св. Андрэя ў Слоніме прыехала ў Івянец разам са старэйшай сястрой Вікторыяй. Дзяўчаты не толькі спяваюць, але і іграюць на барабанах.

Тры гады Іра адкладвала грошы, каб набыць уласны «джэмбе» — заходнеафрыканскі барабан, асабліва папулярны ў беларускіх пілігрымках.



«Упершыню я пабачыла джэмбе ў адной з будслаўскіх пілігрымак, — прыгадвае дзяўчына. — Мяне тады трохі навучылі на ім іграць, і я загарэлася ідэяй займець калі-небудзь свой. Тры гады збірала на яго, а зараз удасканальваю на ім сваё музычнае майстэрства — "Майстэрня" ў гэтым плане вельмі дапамагае».

Выбіраць інструмент для сястры дапамагала Вікторыя Пілясава. У слонімскай парафіі дзяўчына працуе арганісткай, а падчас заняткаў у Івянцы іграе на сінтэзатары і вучыцца імправізаваць.

На фота: Яўгенія Турук і Вікторыя Пілясава са Слоніма

Любоў да ігры на музычных інструментах раздзяляе і іх сяброўка Яўгенія Турук, якая спрабуе сябе на джэмбе і маракасах. Дзяўчына ўпершыню на «Майстэрні» і прызнаецца, што вельмі задаволеная.

Пётр Краўчык на «Музычную майстэрню» ў Івянец прыехаў з Кракава, дзе быў валанцёрам на Сусветных днях моладзі. Разам са сваімі кракаўскімі сябрамі Агнешкай і Сымонам на «Майстэрні» хлопец адказвае за тэатральную і цыркавую частку і вучыць беларускую моладзь пэўным цыркавым трукам.

«З мінулага года "Музычная майстэрня" — гэта не толькі спеў і музыка, але яшчэ і акрабатыка, і фаер-шоў. Цыркавыя элементы, як паказвае практыка, таксама знаходзяць тут сваіх прыхільнікаў», — адзначае хлопец.

«Тут неверагодны дух»

Для магіляўчанкі Яны Шумскай сёлетні ўдзел у «Майстэрні» — ўжо пяты па ліку. Аднак упершыню такі «незвычайны» — ад напружання ў дзяўчыны сеў голас...

«У першыя дні я зашмат напружвала голас і... згубіла яго, — распавядае Яна. — Але дзякую Богу за іншыя шляхі служэння, якія Ён адкрывае для мяне тут».

На думку Яны, «асноўная на "Майстэрні" нават не музыка, а малітва, якая дакранаецца да цябе праз музыку»:

«Тут неверагодны дух! — заўважае дзяўчына. — Люблю "Майстэрню" за таленавітых людзей, якія вельмі натуральна дзеляцца тым талентам, які маюць. І калі бачыш прыклад веры, калі людзі сапраўды жывуць тым, у што вераць, гэта вельмі натхняе».

Яна Шумская — адна з дзясяткаў беларускіх удзельнікаў, якія дзякуючы дапамозе Яна Паспяшальскага ў якасці «музычных валанцёраў» прымалі ўдзел у Сусветных днях моладзі ў Кракаве.

Усяго пад апекай кіраўніка «Музычнай майстэрні» ў Кракаў сёлета паехаў 41 беларус. Амаль усе з іх прыехалі і ў Івянец — у тым ліку і мінчанкі Таццяна Грамыка, Яна Шаціла і Наталля Ярашэвіч.

«Атмасфера Івянца падчас "Майстэрні" не адрозніваецца з году ў год: тут пастаянна ідуць рэпетыцыі, — прыкмячае Яна Шаціла. — А яшчэ тут глыбока адчуваеш сілу малітвы: калі амаль кожны падчас Імшы — удзельнік хору, ты адчуваеш моц, якую нясе з сабою музыка падчас літургіі».

«А я толькі нядаўна далучылася да касцёльнага хору ў парафіі, — расказвае Таццяна Грамыка. — Таму хачу папоўніць веды ў музыцы, набрацца вопыту ў дасведчаных педагогаў і паглыбіць сваю веру. Гэта мой першы раз на "Майстэрні", хоць знаёмыя вельмі шмат расказвалі пра яе».

Наталля Ярашэвіч, для якой «Майстэрня» ў Івянцы таксама дэбютная, прызнаецца, што раней, хоць і хадзіла ў касцёл рэгулярна, не адчувала Божай прысутнасці ў сваім сэрцы:

«Год назад мне пашчасціла быць у Польшчы на рэкалекцыях. Той малітоўны дух і спевы перамянілі мяне — і я зразумела, што Бог разам са мной. Колькі ўсяго я прапусціла ў сваім жыцці! Пілігрымкі, сустрэчы моладзі, "Музычныя майстэрні"... Сёння я тут, каб яшчэ больш наблізіцца да Бога».

Малітва і спеў

Для юнай Уладзіславы Чэкман з парафіі Божага Цела ў Нясвіжы удзел у «Майстэрні» — шанец не толькі паглыбіць свае адносіны з Богам, але і ўдасканаліць вакальнае і музычнае майстэрства.

«Тут я хачу яшчэ лепш навучыцца спяваць і іграць на гітары, — дадае Уладзіслава. — Свае веды імкнуся выкарыстоўваць і па-за "Майстэрняй" — падчас пілігрымак і ў роднай парафіі. На "Майстэрні" вельмі добрыя і адкрытыя людзі. Яшчэ мне падабаецца капліца з няспыннай адарацыяй — вельмі ціхае і ўтульнае месца».

На фота: Аляксандра Жылінская і Уладзіслава Чэкман (злева направа)

«На "Майстэрні" мы ўвесь час нечым занятыя і нешта робім, — дзеліцца ўражаннямі і Анастасія Жылінская з мінскай парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі (Сухарава). — І гэта цудоўна: падчас заняткаў я не толькі спяваю, але і магу ўдасканаліць сваю ігру на гітары, каб пазней яшчэ лепш іграць падчас святых Імшаў у маёй парафіі ў Мінску».

Ганна Гурская з парафіі Св. Антонія ў Мар’інай Горцы адзначае, што для яе «Майстэрня» — разам з тым духоўны адпачынак: «Мы спяваем прыгожыя песні, трываем на малітве і праз гэта яшчэ больш адкрываемся на Бога».

«Майстэрня» і сяброўства

Удзельнікі «Музычнай майстэрні» як адзін прызнаюцца, што яна збліжае і родніць. Учора яшчэ незнаёмыя паміж сабой хлопцы і дзяўчаты, а сёння — сябры ў Хрысце.

Андрэй Уласенка (Светлагорск), Аляксандр Лазіцкі (Пінск), Крысціна Цыганкова (Светлагорск), Аляксандра Шуцько (Стаўбцы), Давід Гвоздзеў (Гомель)

Рэкардсменам па колькасці ўдзелу ў «Майстэрнях» сярод сяброў з’яўляецца Давід. На сёлетняй «Майстэрні» ён ужо сёмы раз. А Аляксандр у Івянцы ўпершыню.

«Шмат эмоцый, вельмі добры настрой, — апісвае ён уражанні. — У Пінску я дапамагаю пры алтары як міністрант, але тут пачаў спяваць у хоры – магчыма, далей працягну гэту справу».

Аляксандры Шуцько акрамя заняткаў музыкай Івянец запомніцца малітоўным духам і праслаўленнем Бога песняй. Андрэю — досведам маўчання падчас малітвы ў духу Тэзэ, Крысціне — магчымасцю пабыць сам-насам з Богам, давяраючы Яму ўсе свае думкі...

На фота: Ян Паспяшальскі і парафіянкі касцёла св. Міхала Арханёла ў Івянцы. Спецыяльна для мэтра жанчыны заспяваюць традыцыйныя парафіяльныя спевы

***

«Моладзі ўдзел у "Майстэрні" дае зразумець, што літургія ў Касцёле можа быць упрыгожана дзякуючы яе працы. Кожнага з нас Бог адорвае талентам — спеў і ігра на музычным інструменце не толькі ўпрыгожваюць святую Імшу, але і могуць праз музыку дастукацца да сэрцаў тых, хто аддаліўся ад Яго», — дадае Ян Паспяшальскі.

Ілья Лапато, фота аўтара

Фотарэпартаж >>>

Абноўлена 18.07.2017 08:48
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця