Пошук

21.07.2016 22:17   Тэкст і фота: Марына Валасар / Catholic.by

Вечаровая святая Імша ў мінскім архікатэдральным касцёле 21 ліпеня цэлебравалася ў інтэнцыі спачылага кардынала Казіміра Свёнтка, 5-годдзе з дня смерці якога адзначаецца сёлета. Памаліцца аб вечным супакоі для душы іерарха сабраліся вернікі і кансэкраваныя асобы з розных парафій сталіцы.

Кожны год у Пінску і ў іншых касцёлах Беларусі 21 ліпеня цэлебруюцца святыя Імшы ў гонар кардынала Казіміра Свёнтка. І гэта не выпадкова, бо менавіта ён стаяў ля вытокаў сучаснага Касцёла ў Беларусі, можна сказаць, што «аднаўляў яго з руін».

Біяграфія кардынала Казіміра Свёнтка насычаная шматлікімі выпрабаваннямі. У часы ганенняў і пераследу Касцёла з боку савецкіх уладаў кардынал Казімір Свёнтэк быў некалькі разоў асуджаны і нават прыгавораны да смерці.

Але дзякуючы Божай падтрымцы яму ўдалося пазбегнуць пакарання, і не толькі пазбегнуць, але, перажыўшы шматлікія гады лагераў і катаванняў, застацца чалавечным і адданым свайму пакліканню.

Многія святары ўспамінаюць кардынала як нястомнага і адданага душпастыра і адкрытага чалавека.

Чытайце таксама:

«Ён у кожным чалавеку бачыў надзею»: успаміны пра кардынала Казіміра Свёнтка

За некалькі хвілін да Імшы ў катэдры выстаўленне Найсвяцейшага Сакрамэнту. Цішыня і засяроджанасць. Вернікі паціху збіраюцца ў святыню. Хтосьці моліцца на ружанцы, хтосьці проста сузірае Езуса ў гостыі.

У звычайны будні дзень галоўная святыня Мінска амаль напалову запоўненая вернікамі. Пасля многіх гадоў пераследу і ганьбы Касцёл устаў з кален. І ў гэтым таксама вялікая заслуга спачылага кардынала Казіміра Свёнтка.

Святую Імшу ў гонар спачылага іерарха ўзначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі.

Біскуп таксама непасрэдна ведаў кардынала. У гаміліі іерарх узгадаў біяграфію Казіміра Свёнтка і падкрэсліў самыя трагічныя моманты яго жыцця, звязаныя з арыштамі і высылкай, але ў той жа час адзначыў вялікі аптымізм, з якім кардынал падыходзіў да розных жыццёвых выпрабаванняў і цяжкасцяў.

«Кардынал заўсёды вызначаўся аптымізмам. Памятаю, калі мы, маладыя святары, неаднойчы прасілі яго распавесці пра жыццё ў лагеры. Тады ён заўсёды распавядаў менавіта розныя гумарыстычныя выпадкі з лагернага жыцця. Ён стараўся з гумарам глядзець на кожную сітуацыю, бо ведаў, што Бог заўсёды побач. Мы з вамі сёння таксама павінны, па прыкладзе кардынала, на ўсё глядзець вачыма веры, поўнай аптымізму, каб не паўтараць памылак герояў сённяшняга Евангелля, якія “глядзелі, а не бачылі, слухалі, але не чулі”», — заўважыў у гаміліі біскуп Юрый Касабуцкі.

Іерарх падкрэсліў таксама вялікі ўклад кардынала ў працэс аднаўлення Касцёла ў Беларусі. Па словах біскупа, не толькі пінская катэдра, але і катэдра ў сталіцы краіны аднаўлялася дзякуючы намаганням кардынала Казіміра Свёнтка.

Ішла вечаровая святая Імша ў катэдры. З левага боку стаяў партрэт першага кардынала, нястомнага і таленавітага святара, мужнага духоўнага аптыміста Казіміра Свёнтка, які адраджае Касцёл і зараз, нават праз пяць гадоў пасля сваёй смерці натхняючы вернікаў і духоўных асобаў не баяцца выпрабаванняў і да канца давяраць Богу сваё жыццё.

Марына Валасар,

Фота аўтара

Абноўлена 05.06.2017 13:34
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.