Пошук


Алена Вежнавец і Алена Татур – сёлетнія выпускніцы Мінскага тэалагічнага каледжа імя св. Яна Хрысціцеля. Жанчыны скончылі вучобу з высокім сярэднім балам (4,98 і 4,94 адпаведна) і сталі аднымі з лепшых выпускніц на курсе.

Журналіст Catholic.by пагутарыў з дзвюмя Аленамі пра вучобу і эмоцыі ў дзень вупуску.

— Найперш дазвольце павіншаваць вас з атрыманнем дыпломаў! Тры гады за плячыма. А якой была матывацыя пры паступленні?

Алена Татур, парафія Св. Язафата Кунцэвіча ў Канстанцінаве (Віцебская дыяцэзія):

— Я заўсёды марыла стаць катэхетам, але гэтаму заўжды нешта перашкаджала. Чатыры гады я прыглядалася да каледжа ў Баранавічах, думала паступаць туды. Але неяк усё не складвалася: то захварэю, то нейкія цяжкасці ў сям’і. Было не да вучобы. Але на ўсё Божы провід.


Дырэктар каледжа кс. Ян Крэміс уручае дыплом Алене Татур

Да нас у парафію накіравалі маладога святара. Неяк мы разгаварыліся і я расказала, што мару атрымаць адукацыю катэхета. Святар параіў мне ісці ў Тэалагічны каледж імя св. Яна Хрысціцеля ў Мінску. Пасля нават дапамог сабраць неабходныя дакументы. І ў той жа год я паступіла.

Алена Вежнавец, парафія Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Бабруйску (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія):

— А я не так даўно толькі сама прыйшла ў Касцёл. Пяць гадоў таму я прыняла сваю Першую Камунію. Таму паступленне ў каледж было для мяне прагай да яшчэ большага спазнання Бога. Мне ўсё было цікава.

Алена Вежнавец сярод сёлетніх выпускнікоў атрымала дыплом з найвышэйшым сярэднім балам 

Першы год, калі ўбачыла аб’яву пра прыём дакументаў у Тэалагічны каледж у Мінску, не адважвалася паступаць. Хоць нават даведку медыцынскую зрабіла (усміхаецца – заўв. аўт.). І толькі налета ўсё ж рашылася падаць дакументы.

— Чым Вы ўзбагаціліся падчас навучання тут?

А. Т.:

— Я пачала разумець сябе, навучылася, лічу, галоўнаму, — бачыць у чалавеку не толькі яго асобу, але найперш Хрыста. У бліжнім таксама дзейнічае Пан Бог і прысутнічае Божая ласка. Я навучылася хрысціянскай мудрасці.

А.В.:

— Я здабыла найперш веды. Стала лепш разбірацца ў пытаннях веры. Зараз, калі часам разбіраю свае запісы ў канспектах з першага курса, разумею, якая ж была тады яшчэ недасведчаная (усміхаецца — заўв.аўт.). Але я радая, што так адбылося



А.В. і А.Т.:

— А яшчэ ў нас вельмі дружная група. На першым курсе нас было 26 чалавек. І калі на другі курс перайшлі не ўсе, мы вельмі за іх перажывалі. Нягледзячы на тое, што ва ўсіх вельмі розны ўзрост — ад 18 да 64 гадоў (нядаўна нашай аднагрупніцы споўнілася 64 гады), мы былі зладжанай камандай і сумавалі па тых, хто вымушаны быў пакінуць вучобу, або сысці ў акадэмічны адпачынак.

— Ці даводзілася ўжо як-небудзь выкарыстаць веды, здабытыя ў Тэалагічным каледжы?

А.В.:

— У нас у парафіі працуюць тры манахіні, таму катэхезу ёсць каму праводзіць. Але нядаўна адна з сясцёр захварэла і мне прапанавалі летам, калі будзе летнік, правесці катэхезу для дзяцей. Звычайна я ездзіла ў такія летнікі, як кухар, і гэтым разам таксама паеду ў гэтай якасці, але радуе, што ўжо магу быць карыснай і ў іншым.

Канешне, вучоба ў Тэалагічным каледжы паўплывала на тое, што магу дапамагчы з парадай духоўнага плана сябрам і родным. Ці майму сыну, якому хутка споўніцца 19... Ды не проста выказаць сваё меркаванне, а штосьці падказаць, напрыклад, з кананічнага права, або што пра гэта гаворыць Біблія.

Таксама па тэме:

Яшчэ ў парафіі ў мяне ёсць сяброўка, з якою мы час ад часу гутарым на духоўныя тэмы. Разам можам і Святое Пісанне абмеркаваць, і зараз я ўжо лепш магу патлумачыць нейкія месцы з Бібліі.

Для мяне было вялікім шчасцем вучыцца ў каледжы. Слухаць святароў і размаўляць з імі на тэмы вучобы — гэта сапраўднае шчасце, якое напаўняла радасцю.

А.Т.:

— Я з дазволу пробашча ўжо два гады вяду катэхезу ў дзяцей нашай парафіі. І сёння магу параўнаць сябе з сабой два гады таму. Вельмі дапамагалі катэхетычныя заняткі з с. Чаславай Навіцкай USJK, пасля якіх я ўжо лепш разумела, як будзе пабудаваны мой урок. Ды і Святое Пісанне адкрыла для сябе наноў. Раней я чытала яго, але, відаць, не ўмела адкрыць сваё сэрца на Божае слова. Цяпер ужо разумею, як дзейнічае праз Біблію Бог і як прамаўляе праз яе.



Як прымяняю свае веды? Стараюся дапамагаць з парадай, калі ёсць такая патрэба, не толькі дзецям, але і дарослым. Я працую закрыстыянкай у касцёле, часта здараецца, што людзі ў мяне нешта пытаюць.

Заўсёды стараюся шукаць адказы ў Бібліі: як бы на гэту сітуацыю паглядзеў Езус і што б адказаў. Але, як было згадана падчас уручэння дыпломаў, нашы веды, атрыманыя ў каледжы, гэта толькі маленькая частка. Трэба яшчэ развівацца.

— Па якіх прадметах будзеце сумаваць?

А.Т.:

— Мне будзе не хапаць заняткаў па Святым Пісанні. Чытаць яшчэ не перачытаць (усміхаецца – заўв. рэд.).

А.В.:

— А яшчэ будзе не хапаць заняткаў па маральнай тэалогіі. Цікавыя заняткі былі па біяэтыцы з кс. Аляксандрам Уласам. Ды й лекцыі кс. Станіслава Вашкевіча пра «Касцёл і сучасны свет» шмат чаго далі, найперш у разуменні, што Касцёл і свецкі свет — не дзве асобныя арганізацыі, паміж імі павінна быць гармонія.

— Што б вы пажадалі каледжу, яго выкладчыкам і студэнтам?

А.Т.:

— Каледжу найперш маладых, энергічных, цікавых і зацікаўленых студэнтаў, а таксама далейшага развіцця. Выкладчыкам — цярплівасці і мудрасці. Каб на першым курсе была не адна, а дзве групы!



А.В.:

— Я цалкам згодная з Аленай. А каб яшчэ і будынак свой быў, наогул было б цудоўна. Мы вельмі ўдзячныя пробашчу парафіі свв. Сымона і Алены за гасціннасць на працягу ўсяго гэтага часу, за смачныя абеды, якія рупліва для нас гатавалі жанчынкі, занятыя пры касцёле. Няхай добры Бог вам усім адудзячыць!

Гутарыў Ілья Лапато,
фота Аляксандры Шчыглінскай

Абноўлена 05.06.2017 13:34
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.