Пошук

08.05.2017 00:00   Тэкст і фота: Кс. Кірыл Бардонаў / Catholic.by

6–8 мая пры парафіі Святога Міхала Арханёла ў Навагрудку праходзяць Дні моладзі Гродзенскай дыяцэзіі (ДДМ), у якіх прымае ўдзел каля 1400 чалавек. 

Пра свае чаканні і ўражанні ўдзельнікі дыяцэзіяльных дзён моладзі распавялі Catholic.by.

«Людзям перадаецца наша радасць»

Вераніка Талкун і Вольга Язерская з парафіі Перамянення Пана ў Вялікай Бераставіцы прызнаюцца, што на Дні моладзі ехалі па радасную атмасферу, сустрэчы з сябрамі і новыя знаёмствы.

«Гэтыя нашы спадзяванні апраўдаліся на ўсе 100 працэнтаў, — падкрэсліваюць дзяўчаты. — Мы пачулі тут шмат важных думак, якія спатрэбяцца ў будучыні».

Вераніка ўражана гасціннасцю жыхароў горада, а адзінай праблемай сталі раннія пад’ёмы, прадугледжаныя праграмай. «Яшчэ было б добра, каб была магчымасць паразмаўляць пра набалелыя тэмы ў невялікіх групах, каб не саромеецца, што скажаш штосьці не так», — дадае Вераніка.

Раману Кухнаўцу 16 гадоў, ён прыехаў у Навагрудак з Гродна з групай моладзі катэдральнай парафіі. Для Ромы гэта першыя Дні моладзі і сюды ён прыехаў «каб стаць бліжэй да Бога і адчуць адзінства каталіцкай моладзі, калі ўсё збіраюцца разам і праслаўляюць Бога».

Рома кажа, што мясцовыя жыхары «добра прымаюць» моладзь, некаторыя глядзяць са здзіўленнем, але «людзям перадаецца нашая радаць».

«Сустрэчы дзейнічаюць як духоўны дэфібрылятар»

Арганізатарам Дзён моладзі дапамагаюць скаўты з розных мясцін Беларусі. Валянціна Лямбовіч з івянецкай парафіі Міхала Арханёла вучыцца ў медыцынскім калежды. За яе плячыма — вопыт удзелу ў Міждыяцэзіяльных днях моладзі і Музычнай майстэрні ў Івянцы, а таксама ў Сусветных днях моладзі  ў  Кракаве.

«Я не магу не ездзіць туды, дзе збіраецца моладзь, — дзеліцца Валя. — Калі сяджу дома, у сэрцы нібы затухае агеньчык, а калі прыязджаю на такія сустрэчы, яны дзейнічаюць на мяне як духоўны дэфібрылятар».

Для Алесі Сегень ўдзел у Днях моладзі Гродзенскай дыяцэзіі ўжо трэці па ліку. Да апошняй хвіліны Алеся, аднак, не была ўпэўнена, што трапіць у Навагрудак.

«Спачатку не хацелася, потым запісалася, але захварэла. Для сябе вырашыла, што калі Бог хоча, то я буду ў Навагрудку, і вось я тут», — усміхаецца дзяўчына.

Алеся прызнаецца, што раней прыязджала на Дні моладзі «за кампанію», а сёлета удзельнічае з канкрэтнай інтэнцыяй: «Прашу, каб Бог натхніў мяне. У наступным годзе я заканчваю школу і буду паступаць у ВНУ, малюся, каб у мяне ўсё атрымалася. Малюся за сваіх бацькоў, за тых, хто хацеў тут быць, але не змог. Сёлета я больш адкрыта на Святога Духа».

Моладзь і вера

Яшчэ адна ўдзельніца — Наталля Мазец — працуе выхавальніцай у дзіцячым садку. «Не адчуваю дыскамфорт ад таго, што большасць удзельнікаў ДДМ школьнікі, але я належу да працуючай моладзі. Ад Дзён моладзі чакаю таго, што больш паверу ў сябе. Тут уся моладзь прагне больш паверыць у сябе, у свае магчымасці», — дзеліцца сваімі думкамі Наталля.

Студэнткі Гродзенскага медуніверсітэта Чынаса Аконква і Эні Эсіяд, разам са сваімі нігерыйскімі суачыннікамі, на Днях моладзі не ўпершыню.

Дні моладзі ў Навагрудку падаліся ім напоўненымі жыццём. Сем’і, якія іх прынялі, вельмі гасцінныя. «Мы не адчуваем мяжы паміж намі і іншымі ўдзельнікамі, размаўляем з усімі, а яны — з намі. Гэта ўмацоўвае нас у веры — быць з тымі, хто не баіцца выражаць сваю веру», — заўважыла Эні.

Параўноўваючы Касцёл у Беларусі і Нігерыі, яна звяртае ўвагу, што ўражана колькасцю і актыўнасцю моладзі ў беларускіх касцёлах.

Кс. Кірыл Бардонаў,
Фота  кс.Кірыла Бардонава і Югрыты Прахарэвіч

Фотарэпартаж >>>

Абноўлена 11.07.2017 15:16
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця