Пошук

27.04.2026 17:46   Тэкст і фота: Жанна Закрэўская / Паводле: kascelmery.by / Catholic.by

З 18 па 24 красавіка адбылася пілігрымка вернікаў з розных дыяцэзій Беларусі ў Польшчу па слядах святога Максімільяна Марыі Кольбэ, якую арганізавала супольнасць Viam Dei («Божым шляхам»). Пілігрымка не толькі дала магчымасць адысці ад паўсядзённых клопатаў, але найперш паспрыяла духоўнаму ўзрастанню і культурнаму ўзбагачэнню яе ўдзельнікаў.

Супольнасць Viam Dei узнікла ў 2019 годзе пры парафіі Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы ў Мінску пад духоўнай апекай яе пробашча ксяндза каноніка Юрыя Санько. Чальцы суполкі распрацоўваюць і арганізоўваюць тэматычныя пілігрымкі па святых месцах Беларусі і замежжа. Пілігрымка, якая адбылася ў красавіку гэтага года, прайшла па асноўных месцах, звязаных з жыццём і мучаніцтвам святога Максімільяна Марыя Кольбэ.

Цэнтральным момантам пілігрымкі стала святая Імша, якая цэлебравалася штодня, каб, сабраўшыся разам ля стала Пана, вернікі маглі наблізіцца да Уваскрослага Хрыста і атрымаць духоўныя сілы. Падчас гамілій і канферэнцый, прамоўленых у велікодны перыяд, пілігрымы разважалі над цудам Уваскрасення Пана і тымі цудамі, якія здараюцца ў нашым жыцці дзякуючы Божаму провіду.

Менавіта з Божай волі пілігрымы ў першы дзень падарожжа атрымалі магчымасць памаліцца ў малой базыліцы Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Здуньскай Волі, дзе прыняў хрост Раймунд (Максімільян) Кольбэ. Базыліка таксама мае тытул санктуарыя святога Максімільяна Кольбэ.

Перад Імшой пілігрымы наведалі дом-музей, дзе нарадзіўся святы. Падчас экскурсіі вернікі глыбей пазнаёміліся з біяграфіяй і мучаніцкім шляхам Максімільяна Кольбэ, змаглі ўбачыць арыгінальныя рэчы, якія былі звязаныя з жыццём святога, духоўна дакрануліся да атмасферы мінулага.

У санктуарыі адбылася супольная Эўхарыстыя, напрыканцы якой вернікі ўшанавалі рэліквіі святога Максімільяна.

На наступны дзень, пасля Імшы ў касцёле святога Стэфана ў Кракаве, пілігрымы наведалі месца мучаніцкай смерці Максімільяна Кольбэ ў Асвенціме — канцэнтрацыйным лагеры Аўшвіц-Біркенаў, у якім падчас Другой сусветнай вайны было знішчана больш за 1 300 000 чалавек розных нацыянальнасцей, дзевяноста адсоткаў якіх складалі яўрэі. Сярод ахвяр лагера смерці быў і святы Максімільян, які добраахвотна аддаў сваё жыццё за бліжняга.

Па дарозе ў лагер-музей ксёндз канонік Юрый Санько падкрэсліў:

«Важна, каб мы ішлі не толькі паглядзець месца, дзе быў лагер і як тут усё было арганізавана. Мы накіроўваемся сюды, каб папрасіць прабачэння за тое, што адбывалася тут, а таксама на нашых землях. Папрасіць Божага благаслаўлення і навяртання да Бога нашага народа, а таксама ўсіх народаў, каб быў мір на зямлі, — гэта наша асноўная місія, наша мэта.

Максімільян Кольбэ добра адчуваў і разумеў іншых людзей. Сям'я для яго была сапраўднай, найвялікшай каштоўнасцю, таму ён аддаў сваё жыццё за іншага, не задумваючыся над тым, што нешта не паспее зрабіць. Ён добраахвотна пайшоў на смерць, наследуючы Хрыста».

Асвенцім — гэта месца ўмацавання духу, нягледзячы на перажыванні ад убачанага і пачутага. Баракі, камеры, рэчы загінуўшых, печы крэматорыя, жудасныя гісторыі пра нечалавечыя ўмовы ўтрымання зняволеных і эксперыменты над імі — усё гэта пакінула цяжкі адбітак у душы кожнага. Гэтае святое месца, зямля, якая прасякнулася крывёю мучанікаў, заклікае сучаснае пакаленне задумацца над каштоўнасцю жыцця.

Раман Кент пісаў: «Хвіліна ў Аўшвіц была, як цэлы дзень. Дзень, як год, а месяц, як цэлая вечнасць». Гэтыя словы, змешчаныя зараз над уваходам у музейныя экспазіцыі лагера, нагадваюць наведвальнікам пра жудаснае мінулае.

Падчас экскурсіі, прайшоўшы праз баракі, пілігрымы памаліліся ля камеры, у якой знаходзіўся ў зняволенні святы Максімільян Кольбэ.

У трэці дзень пілігрымы наведалі шахту па здабычы каменнай солі ў Вялічцы. Цікавую і змястоўную экскурсію на беларускай мове для пілігрымаў правяла спадарыня Яўгенія Найдовіч — дырэктар беларускага «Радыё Марыя». Вернікі пазнаёміліся з гісторыяй шахты, а таксама яе заламі і гротамі. Уразіла прыгажосць гэтага месца, дзе ўсё выраблена з солі.

Падчас святой Імшы, якая адбылася ў адной са шматлікіх падземных капліц, ксёндз Юрый Санько адзначыў, што ў гэтым месцы мы захапляемся не толькі маляўнічым інтэр'ерам, але таксама адчуваем, колькі працы чалавек прыклаў, каб здабываць соль, каб захаваць гэтае месца для наступных пакаленняў, тым самым праслаўляючы Бога.

«Мы ўсё жыццё шукаем Бога, а Ён заўсёды прысутны падчас кожнай святой Імшы ў святой Камуніі. Бог прысутны ўсюды, у тым ліку пад зямлёй у гэтай шахце. Якая вялікая магчымасць і радасць праслаўляць Яго ў гэтым месцы.

Няхай удзел у святой Імшы будзе знакам нашай ўдзячнасці Богу за Яго прысутнасць»,

— падкрэсліў святар.

У другой палове дня пілігрымаў чакала аглядавая экскурсія па Кракаве, падчас якой вернікі пазнаёміліся з рэлігійнымі і гістарычнымі аб'ектамі Старога горада, наведалі Вавель — архітэктурны замкавы комплекс, знакавае месца не толькі Кракава, але ўсёй Польшчы.

Прабыванне ў Кракаве завяршылася наведваннем санктуарыя Божай Міласэрнасці ў Лагеўніках.

У капліцы Божай Міласэрнасці, на месцы спачыну святой Фаўстыны, адбылася святая Імша. Падчас Эўхарыстыі ксёндз Юрый Санько заўважыў:

«Быць у гэтым месцы і праслаўляць Бога, складаючы ахвяру на алтары, — гэта сапраўдны цуд. Таму адчуйце сапраўдную Божую прысутнасць і тое, як Бог дакранаецца да нашых сэрцаў, каб узмацніць і напоўніць сваёй міласэрнасцю».

Святар адзначыў, што Бог праз святую Фаўстыну асаблівым чынам распавядае ўсяму свету пра сваю міласэрнасць. Нашым заданнем з'яўляецца прымаць гэтую міласэрнасць. Дары аздараўлення, якія чалавек атрымаў тут, — гэта воты, якія мы бачым на сценах святыні. Яны з любоўю прыгожа складзеныя ў маляўнічыя карціны. Кожны абразік, медалік, каменьчык — гэта цуд, які тут адбыўся. За кожным каменьчыкам стаіць канкрэтны чалавек, які атрымаў фізічнае або духоўнае аздараўленне, які тут асаблівым чынам адчуў Божую міласэрнасць.

Сёння мы ўшаноўваем рэліквіі святой, каб праз заступніцтва апосталкі Божай міласэрнасці мы змаглі данесці нашыя малітвы да Божага трона, маглі выпрасіць благаслаўленне для нас, для нашых родных і блізкіх, не зважаючы на нашыя грахі і слабасці.

«Няхай кожная святая Імша стане цэнтрам нашага жыцця, каб мы не толькі разумелі, што адбываецца, але і адчувалі Божую прысутнасць.

Будзьце апосталамі Божай міласэрнасці ў сваім асяроддзі!»,

— заклікаў святар.

Пасля Эўхарыстыі ахвотныя мелі магчымасць ушанаваць рэліквіі святой Фаўстыны і памаліцца праз яе заступніцтва да Божай міласэрнасці.

Апошняй кропкай пілігрымкі стала Імша ў касцёле святога Максімільяна Кольбэ ў Любліне. У гэты дзень у Каталіцкім Касцёле прыпадаў успамін святога Юрыя, а ў Польшчы ўспамін святога Войцеха, аднаго з асноўных апекуноў краіны. Падчас гаміліі ксёндз Юрый Санько падкрэсліў, што мы павінны жыць так, як жылі святыя. Прыклад іх жыцця натхняе нас, каб мы не стамляліся ў развіцці нашай веры, бо наша вера дынамічная. Мы павінны ўзрастаць у мудрасці, каб наша вера развівалася, каб мы заўсёды рабілі хоць невялічкі, але ўпэўнены крок наперад у нашым духоўным развіцці.

Такім крокам наперад стаў для пілігрымаў шлях па слядах святога Максімільяна Кольбэ.

Наведванне святых месцаў, супольная малітва, канферэнцыі — усё гэта паспрыяла духоўнаму ўзрастанню ўдзельнікаў пілігрымкі, якія не толькі ўзбагаціліся падчас падарожжа, пашырылі свой кругагляд, шырэй пазнаёміліся з гісторыяй суседняй краіны, дакрануліся да сусветнай спадчыны, але таксама адчулі моц Божага Провіду і Божую прысутнасць у кожнай справе.

Абноўлена 27.04.2026 18:13
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця