Пошук

18.10.2022 10:43   Тэкст: Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі / Фота: Баляслаў Гавецкі / Grodnensis.by

З 13 па 16 кастрычніка ў парафіі Маці Божай Анёльскай у Гродне адзначалі 100-ю гадавіну з часу прыбыцця святога Максімільяна Марыі Кольбэ ў гродзенскі францішканскі кляштар.

Як нагдвае Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, у горад над Нёманам айцец Максімільян Кольбэ прыбыў у 1922 годзе па распараджэнні кіраўнікоў супольнасці францішканаў і служыў у парафіі Маці Божай Анёльскай на працягу пяці гадоў. У францішканскіх архівах захоўваецца яго ліст да маці, напісаны адразу пасля прыезду сюды, дзе апісваецца жыццё ў кляштары і мясцовы касцёл.

У Гродне малады святар займаўся звычайнай душпастырскай дзейнасцю: дапамагаў пры парафіі, спавядаў вернікаў, прамаўляў казанні, катэхізаваў дзяцей. Паводле сведчанняў парафіянаў, ён быў ветлівы і цярплівы, заўсёды адкрыта і сардэчна размаўляў з маленькімі вернікамі.

Менавіта ў гродзенскім кляштары ён заснаваў выдавецтва, дзе друкаваўся часопіс «Рыцар Беззаганнай».

Айцец Кольбэ самастойна ўладкоўваў фінансавыя справы, рыхтаваў змест і графічнае афармленне часопіса, шукаў аўтараў, разам з іншымі францішканамі насіў пачкі часопіса на чыгунку, каб адправіць чытачам. Святар пісаў: «Маці Беззаганная правяла свайго „Рыцара“ праз самыя крытычныя хвіліны. Аднак ён не толькі не ўпаў, але нават апрануўся ў каляровую вокладку і адшукаў новых чытачоў».

Айцец Максімільян клапаціўся пра тое, каб часопіс быў даступны для самых бедных, што атрымлівалася дзякуючы ахвяраванням заможных людзей, сярод якіх былі не толькі католікі, але таксама праваслаўныя і юдэі. Яго справа развівалася, бо ён гарэў сваёй ідэяй, валодаў харызмай, дарам яднання паплечнікаў, дакладна ўсведамляў, чаго ад яго хоча Бог, і таму ўпэўнена ішоў дарогай свайго паклікання.

Сваёй выдавецкай дзейнасцю айцец Максімільян аказваў таксама ўплыў на маладых людзей. Мясцовыя юнакі прыходзілі ў кляштар, каб дапамагчы айцам друкаваць і сшываць часопіс, і бачылі, што манаскае жыццё — гэта не заўсёды нешта састарэлае і закрытае, што яно можа быць звязана з сучаснасцю. Працуючы ў друкарні, кандыдаты ў ордэн пазнавалі францішканскую харызму і спраўджвалі сваё пакліканне.

У дні юбілейных урачыстасцяў у гродзенскай фрацішканскай парафіі прайшлі адмыслова падрыхтаваныя мерапрыемствы.

Вернікі слухалі казанні пра святога Максімільяна, якія прамаўляў дэлегат Варшаўскага правінцыяла на Беларусі айцец Павел Раманчук OFMConv, адбыўся паказ фільма «Дзве кароны» на падставе біяграфіі святога, тэматычны спектакль і канцэрт інструментальна-вакальнай музыкі Mater.

Цэлебрацыю святой Імшы на заканчэнне ўрачыстасцяў узначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. На ёй сабраліся шматлікія жыхары горада над Нёманам і госці, прадстаўнікі ўсіх беларускіх парафій, дзе служаць францішкане: з Івянца (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія), Удзела (Віцебская дыяцэзія), Свіслачы (Гродзенская дыяцэзія). Шматлікай была прысутнасць прадстаўнікоў Францішканскага ордэну свецкіх на чале з нацыянальным настаяцелем Марыяй Этоль.

На пачатку Эўхарыстыі біскуп Кашкевіч адзначыў, што лёс святога Максімільяна звязаны з гэтым горадам, мясцовым кляштарам і парафіяй, а яго прабыванне тут прынесла багаты плён апостальства. Іерарх падкрэсліў: «Мы ўдзячныя Пану Богу за вялікае духоўнае дабро, якім святы Максімільян узбагаціў паўсюдны Касцёл».

«Мы радыя, што на яго асабістым жыццёвым шляху да святасці апынуўся таксама наш горад. Верым, што сёння ён апякуецца з неба нашым Касцёлам на Гродзеншчыне, просячы для ўсіх нас патрэбныя дары і ласкі», — дадаў біскуп Кашкевіч.

Гамілію прамовіў генеральны настаяцель канвентуальных францішканаў айцец Карлас Альбэрто Траварэллі OFMConv, які прыехаў на юбілейныя ўрачыстасці з Рыма.

«Святы Максімільян шмат дзе бываў пры жыцці. Я наведаў усе месцы, куды ездзіў гэты святы, і цяпер урэшце наведаў Беларусь, чым вельмі цешуся», — заўважыў настаяцель.

Айцец Траварэллі падкрэсліў, што святы Максімільян з’яўляецца прыкладам для ўсіх, і заахвоціў «вучыцца ад яго мець погляд, поўны надзеі».

Генеральны настаяцель нагадаў, што менавіта ў Гродне святы пачаў друкаваць «Рыцара Беззаганнай» і выдаваў яго, каб падтрымаць дух веры, хацеў навяртання тых, хто адвярнуўся ад Касцёла, а яго мэтай было збаўленне ўсіх людзей. Таксама айцец Траварэллі прывёў словы Папы Яна Паўла ІІ з гаміліі 16 кастрычніка 1982 года, што айцец Кольбэ не памёр — ён аддаў сваё жыццё для іншых.

«Святы Максімільян быў кананізаваны як мучанік любові. Ён запрашае нас сваім жыццём трымацца полымя праўдзівай любові», — дадаў францішканін.

На заканчэнне Эўхарыстыі пробашч парафіі айцец Сяргей Мігун OFMConv падзякаваў усім прысутным вернікам, якія ўшаноўваюць гэтага святога, і гасцям урачыстасцяў, a дзеці і прадстаўнікі Францішканскага ордэну свецкіх уручылі гасцям кветкі і падарункі.

 

Абноўлена 18.10.2022 10:44
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа