Пошук

15.11.2016 00:00  

Лёгкім матыльком ён узлятае па сходах Фарнага касцёла, апярэджваючы няспешных бабуль. Пераадольвае 33 прыступкі ўнутры круглай вежы ў мурах храма — на хоры. Скідае капялюш, паліто і свой адзіны чаравік. Так лягчэй іграць. Адхінае клавішы, і па касцёле разыходзіцца Ave Maria, марш Мендэльсона або «Магутны Божа».


Заняў месца арганіста выпадкова

Лявон Ліс пачынае працоўны дзень а 7 раніцы, заканчвае а 8 вечара. У звычайны дзень з перапынкамі ідзе 6 святых Імшаў, у нядзелю — 8. Лявону 31 год. Мае жонку, сына і… пасаду арганіста ў галоўным гродзенскім касцёле.

Яго музыку і мяккі голас чуў ці не кожны гарадзенец або турыст, які завітаў у катэдру. Аднак убачыць яго знізу немагчыма — хаваецца за балконам. Спадар Лявон працуе ў Фары ўжо сем год. Нягледзячы на паважную пасаду, застаецца сціплым і сарамлівым.

«Трапіў выпадкова, — смяецца ён. — У родным Сапоцкіне быў старэнькі арганіст, ужо не спраўляўся. Пробашч накіраваў мяне вучыцца іграць на аргане пры касцёле ў Гродне да музыкі Яна Падобы. Хадзіў адзін-два разы на тыдзень».

Праз тры гады з’явілася вакансія ў фарным касцёле, бо арганістка з’ехала за мяжу. Па чутках, было мінімум тры чалавекі на месца. Чаму выбралі Лявона, ён дагэтуль не ведае. Можа, мужчынскі голас больш пасуе да аргана?

Інструмент у яго гістарычны, стогадовы.

«Стол, нібы піяніна з клавішамі і педалямі, а таксама трубы перанеслі з Фары Вітаўта. Шафа для трубаў, якую бачна знізу, — тутэйшая. Такі скошаны ўзор трубаў патрэбны для прыгажосці. На якасць гуку іх форма не ўплывае, але настройваць цяжэй», — тлумачыць Лявон.

«Шкада, што не буду танцаваць»

Лёнік, як ласкава клічуць яго старэйшыя прыхаджанкі, правёў дзяцінства ў вёсцы Кадыш каля Сапоцкіна. Быў познім і адзіным дзіцём у бацькоў. «Адзіны і непаўторны», — жартуе музыка. Гойсаў з суседскімі хлопцамі ў футбол да ночы, сёк бульбу свіням, даіў карову, насіў сена. Палюбіў іграць на акардэоне, дзякуючы настаўніку музычнай школы Яўгену Яськову.

У дзявятым класе пачала балець нага. Паставілі дыягназ: рак косці

«Калі б не ампутавалі нагу, пахавалі б мяне, — узгадвае арганіст. — Калі прыходзіць лекар і гаворыць, што трэба адрэзаць нагу, адразу шок. Але я хутка прывык да мыліцаў. Са шпіталя сам ездзіў на рынак».

Лявон не абвінавачвае Бога ў цяжкасцях: «Мы з Богам сябруем. Ён не мае нічога да маіх праблем. Зразумела, што лётчыкам ці скалалазам я не буду. Але я спакойна прыняў такую сітуацыю. Адзінае, чаго мне шкада, што больш не буду танцаваць. Я раней любіў назіраць за лацінаамерыканскімі або класічнымі танцамі».


Першы пратэз расціраў хлопцу скуру да крыві і хутка зламаўся. Сябры з хора пачалі ў касцёле акцыю па зборы грошаў на польскі пратэз. Спонсар з Польшчы, партнёр адной з гродзенскіх кампаній, прапанаваў кампенсаваць усе выдаткі.

«Тады акурат гэтая фірма набыла машыну для хуткай дапамогі. І нешта мяне прабіла. Навошта мне гэта? Я толькі мучыцца буду, а на яго столькі грошай аддаваць! Лепш няхай падораць “хуткай” яшчэ адну карэту». І ў апошні момант адмовіўся ад падарунка: «Шкада грошай на мяне». «Ніколі аб гэтым не буду шкадаваць. Пасля яшчэ некалькі разоў мне прапаноўвалі пачаць збор сродкаў, але я адмовіўся. Я ніколі не звяртаю ўвагу, што хтосьці з двума нагамі, а я з трыма. Часам нават думаю, чаму на мяне так узіраюцца на вуліцы».

«Маё каханне»

Жонку Ірыну Лявон называе «маё каханне» або за вочы «міністэрства ўнутраных спраў». Яны ажаніліся год таму. Сына каханай Валодзьку мужчына прыняў як свайго.

«Упершыню мы сустрэліся ў касцёле, калі я выходзіў з хораў. Была палова на дзявятую раніцы, восень. У мяне доўгі час хварэла горла. Маё каханне запыталася, ці не прынесці мне часам малінавага варэння і мёду. Я ветліва адмовіўся, я ж горды. І ўсё ж такі яна прынесла. Пасля часам бачыліся, здароўкаліся. Я граў на Імшы песні, якія ёй падабаліся. Неяк яна запрасіла мяне пагаварыць у кавярні. Назаўтра зноў пагаварылі, і яшчэ раз пагаварылі. Праз два месяцы ўзялі шлюб.


Ініцыятыва была за дзяўчынай, але ў каханні першым прызнаўся ён. Прапанову рабіў намёкамі.

«Сядзелі ў кватэры на канапе. Я запытаўся: “А ці можна за цябе выходзіць замуж?” Яна не разгубілася: “Можна, калі асцярожна. Так ты мне прапаноўваеш замуж пайсці?” Так і дагаварыліся. Праўда, думаю, што я не найлепшы чалавек на мужа. Я бедны, як мыш касцёльная. Але Ірына кажа, што вельмі шчаслівая са мной».

Сям’я прагне набыць сваю кватэру, бо цяпер жывуць у здымнай. Лявон пачаў выконваць мару дзяцінства: чытае кнігі па праграмаванні. Пакуль па-за месцам арганіста сябе не ўяўляе. Спрытным рухам уключае тумблеры на аргане, і ці не ў соты раз з-пад яго пальцаў плывуць гукі ўлюбёнага харала Баха Ich ruf zu Dir Herr Jesu Christ.

Марына Харэвіч, газета «Вечерний Гродно»
Фота Сяргея Людкевіча
(VGr)
Абноўлена 05.06.2017 13:31
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.