
З 30 мая па 4 кастрычніка 2026 года ў 9 месцах Беларусі (Пінск, Лагішын, Ружаны, Пружаны, Мядзведзічы, Іванава, Ліда, Іўе, Парэчча) пройдзе VI фестываль акадэмічнай арганнай музыкі «Ars Magna Organi».
Папярэднія пяць фестываляў адбываліся ў 2019 (29 канцэртаў), 2022 (54 канцэрты), 2023 (33 канцэрты), 2024 (56 канцэртаў) і 2025 (68 канцэртаў) гадах.
Cёлета фестываль будзе складацца з 97 канцэртаў на сямі гістарычных (Пінск, Пружаны, Ружаны, Мядзведзічы, Іўе, Ліда, Парэчча) і адным сучасным (Лагішын) арганах, а таксама з удзелам электрааргана (Іванава), клавесіна (Пружаны і Пінск) і раяля (Пінск, гарадская канцэртная зала).
Уваходна ўсе канцэрты фестывалю вольны.
43 канцэрты для аргана сола і 54 ансамблевых канцэртаў з арганам, клавесінам і раялем будуць размеркаваныя наступным чынам:
Пінск
(катэдральны касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі і Гарадская канцэртная зала, 32 канцэрты)
29 канцэртаў адбудзецца з 30 мая па 4 верасня ў пінскай катэдры (традыцыйнае ядро фестывалю) на другім па велічыні гістарычным аргане Беларусі 1836/1935 года пабудовы. Тут адбудуцца 15 сольных арганных канцэртаў, 11 канцэртаў камерных аркестраў/ансамбляў і 3 паказы нямога кіно, агучанага арганнай музыкай. Акрамя гэтага, тры канцэрты з раялем адбудуцца ў гарадской канцэртнай зале 25-27 жніўня.
Пружаны
(касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі, 21 канцэрт)
З 12 па 21 чэрвеня тут адбудуцца 6 канцэртаў з клавесінам, а з 18 ліпеня па 2 кастрычніка пройдуць 9 сольных і 6 ансамблевых канцэртаў на перавезеным і ўсталяваным сёлета галандскім гістарычным рамантычным аргане 1912 года, інаўгурацыя якога прызначана на 18 ліпеня.
Ружаны
(касцёл Святой Тройцы, 17 канцэртаў)
З 7 чэрвеня па 19 верасня тут адбудуцца 11 сольных і 6 ансамблевых канцэртаў з барочным арганам сярэдзіны XVIII / канца XIX стагоддзяў. Гэта адзіны ў краіне барочны арган, на якім сёлета можна пачуць кацэрты высокай акадэмічнай музыкі.
Мядзведзічы
(касцёл святых Апосталаў Пятра і Паўла, 7 канцэртаў)
З 14 чэрвеня па 30 жніўня тут адбудуцца 5 сольных і 2 ансамблевыя канцэрты з рамантычным арганам 1912 года віленскага майстра Пятра Вайцяховіча.
Ліда
(касцёл Узвышэння Святога Крыжа, 5 канцэртаў)
З 13 чэрвеня па 5 верасня тут адбудуцца 2 сольныя і 3 ансамблевыя канцэрты з арганам 1939 года варшаўскай фабрыкі Адольфа Хомана і Станіслава Язерскага, які з′яўляецца ўзорам арганабудаўніцтва міжваеннага перыяду і апошнім гістарычным арганам, пабудаваным на тэрыторыі Беларусі.
Іўе
(касцёл cвятых апосталаў Пятра і Паўла, 4 канцэрты)
З 28 чэрвеня па 4 кастрычніка тут адбудуцца 1 сольны і 3 ансамблевыя канцэрты з рамантычным арганам 1899 года Фрыдрыха Вайсэнборна.
Лагішын
(касцёл святых Апосталаў Пятра і Паўла, 4 канцэрты)
З 20 чэрвеня па 29 жніўня тут адбудуцца 4 ансамблевыя канцэрты з невялікім сучасным арганам 2008 года.
Парэчча
(касцёл Маці Божай Нястомнай Дапамогі, 4 канцэрты)
З 12 ліпеня па 13 верасня тут адбудуцца 4 ансамблевыя канцэрты з невялікім рамантычным арганам 1925 года фірмы Вацлава Бярнацкага.
Іванава
(касцёл Узвышэння Святога Крыжа, 3 канцэрты)
28 чэрвеня, 9 жніўня і 13 верасня тут адбудуцца 3 ансамблевыя канцэрты з электраарганам.
Новай часткай сёлетняга фестывалю будзе міні-фестываль бязгучнага кіно пад арганную музыку ў жывым выкананні, які будзе прымеркаваны да 800-годдзя з дня смерці святога Францішка Асізскага.
Аўтар і мастацкі кіраўнік фестывалю — Аляксандр Бурдзялёў.
Арганізатарамі фестывалю з’яўляюцца курыя Пінскай дыяцэзіі, Белдзяржфілармонія і выканаўчыя камітэты адпаведных раёнаў і гарадоў.
Падрабязная інфармацыя, праграма і расклад фестывалю на ўсіх пляцоўках ТУТ>>>







