Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, кіруе духавенству, кансэкраваным асобам і свецкім вернікам архідыяцэзіі Пастырскае пасланне на Вялікі пост 2026 года.
Пастырскае пасланне арцыбіскупа Юзафа Станеўскага
Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага
на Вялікі пост 2026 года
«Кайцеся і верце ў Евангелле»
(Мк 1, 15)
Глыбокапаважаныя святары,
дарагія кансэкраваныя асобы,
умілаваныя браты і сёстры!
З ласкі Бога і Яго вялікай міласэрнасці распачынаем перыяд Вялікага посту — час роздуму над нашымі адносінамі да Бога і бліжніх, над усім тым, што перашкаджае нам быць блізка да нашага Збаўцы. Папа Леў XIV у сваім першым Апостальскім пасланні на Вялікі пост зазначае, што падчас гэтага перыяду «Касцёл з матчыным клопатам запрашае нас вярнуць таямніцу Бога ў цэнтр нашага жыцця, каб наша вера зноў набыла запал, а сэрца не згубілася сярод штодзённых трывог і таго, што адцягвае нашу ўвагу» (Леў XIV. Апостальскае пасланне на вялікі пост 2026 г.).
Мае дарагія!
Вялікі пост з'яўляецца «спрыяльным часам» (гл. 2 Кар 6, 2), які дазваляе нам больш поўна адкрыцца на прыняцце Божай ласкі. Менавіта таму, як гаварыў святы Ян Павел ІІ, ён называецца «сакрамэнтальным знакам нашага навяртання» — знакам і дзейсным інструментам радыкальнай перамены жыцця, якую вернікі павінны пастаянна нанова ажыццяўляць.
Крыніцай гэтага незвычайнага Божага дару з'яўляецца пасхальная таямніца, таямніца смерці і ўваскрасення Хрыста, з якой вынікае адкупленне кожнага чалавека, гісторыі і ўсяго сусвету. Традыцыйны абрад пасыпання попелам галоў, сэнс якога тлумачыцца словамі «Кайцеся і верце ў Евангелле» (Мк 1, 15), пэўным чынам адносіцца да гэтай таямніцы цярпення і любові. Сціслы пост, які мы захоўваем у Папяльцовую сераду, таксама адносіцца да гэтай жа таямніцы, каб увайсці на шлях сапраўднага навяртання, у якім з’яднанне з мукай Хрыста ўмацуе нас у барацьбе са злым духам (Ян Павел ІІ. Папяльцовая серада, 28.02.2001).
Сапраўды, кожнаму чалавеку патрэбна навяртанне, бо ўсе мы з-за сваёй слабасці грашым. Калі мы пацікавімся, як практыкавалі веру першыя хрысціяне, то нам, хіба, стане крыху сорамна, бо сучасны чалавек не жадае прызнаваць свае грахі, таму лічыць, што няма патрэбы ні ў яго навяртанні, ні ў малітоўных практыках, ні ў аскезе. Але і мы, тыя, хто практыкуе веру, павінны разумець, што навяртанне ніколі не адбываецца раз і назаўжды, яно з'яўляецца працэсам, унутраным шляхам усяго нашага жыцця. Гэты шлях евангельскага навяртання, вядома, не можа абмяжоўвацца адным канкрэтным часам года: гэта штодзённы шлях, які павінен ахопліваць усё наша жыццё, кожны дзень нашага існавання. Усведамленне сваіх грахоў дазваляе нам называць сябе хрысціянамі. Бо, як сказаў Слуга Божы арцыбіскуп Фултан Шын, «быць грэшнікам — гэта наша няшчасце, але ўсведамляць гэта — наша надзея».
У сваім пасланні Папа Леў XIV заахвочвае нас «прыслухацца да голасу Пана і аднавіць рашэнне ісці за Хрыстом па шляху, які вядзе ў Ерузалем, дзе спаўняецца таямніца Яго мукі, смерці і ўваскрасення», а таксама «дазволіць Богу навучыць нас слухаць гэтак жа, як Ён». Пачуць голас Бога, які прамаўляе праз Евангелле, праз літургію. У гэты перыяд мы можам таксама пачуць Яго на старонках «Пяцікніжжа», якое выдадзена на беларускай мове.
Пастараймася засяродзіцца і суцішыцца, каб праз далікатны і ціхі голас Бога пачуць таксама балесны крык тых, хто церпіць голад і нястачу. Таксама не забываймася наведваць тых, хто ўжо знаходзіцца, як кажуць, «на Божай пасцелі», не толькі пра нашых блізкіх і знаёмых, але і пра тых, пра каго ўсе забыліся, нават родныя, пакінуўшы іх у хоспісах ці ў дамах састарэлых…
Ва ўзгаданым Пасланні Святы Айцец нагадвае таксама пра карысць посту і аскезы, падкрэсліваючы, што «не посціць належным чынам той, хто няздольны харчавацца Божым словам». Пост, піша Пантыфік, «павінен таксама ўключаць іншыя формы самаадрачэння, накіраваныя на тое, каб дапамагчы нам прыняць больш сціплы лад жыцця, паколькі толькі аскетызм робіць моцным і сапраўдным хрысціянскае жыццё». І тут варта прыгадаць святога Францішка з Асізі, аскетычнае жыццё якога з’яўляецца для ўсіх нас непераўзыйдзеным прыкладам. У кастрычніку спаўняецца 800 гадоў з дня смерці гэтага вялікага святога і містыка. Папа Леў XIV устанавіў Год святога Францішка, «каб кожны хрысціянін, ідучы за прыкладам святога з Асізі, сам станавіўся прыкладам святасці жыцця і нястомным сведкам міру».
Умілаваныя! Думаю, варта ў Год юбілею прыслухацца да парадаў гэтага вялікага святога, які гаварыў пра цноты, што выкараняюць заганы. «Дзе ёсць любоў і мудрасць, — гаварыў святы Францішак, — там няма ні страху, ні невуцтва. Дзе ёсць цярплівасць і пакора, там няма ні гневу, ні разгубленасці. Дзе ёсць беднасць з радасцю, там няма ні хцівасці, ні сквапнасці. Дзе ёсць спакой і развага, там няма ні заклапочанасці, ні мітусні. Дзе ёсць боязь Божая, якая ахоўвае свой дом, туды вораг не зможа ўвайсці. Дзе ёсць міласэрнасць і дабрыня, там няма ні празмернасці, ні жорсткасці сэрца...». А пра цноту ўтаймавання цела ён слушна папярэджваў: «Ёсць сярод нас шмат такіх, хто, грэшачы ці зведваючы крыўду, вінавацяць свайго непрыяцеля або бліжняга. Але гэта не так: бо кожны мае ў сабе ўласнага ворага, сваё цела, праз якое грашыць. Таму шчаслівы той слуга (Мц 24, 46), які, маючы ў сабе такога ворага, заўсёды будзе трымаць яго на прывязі і разважліва будзе асабліва асцярожным. Бо пакуль ён так будзе паступаць, ніякі іншы вораг, бачны ці нябачны, не зможа яму нашкодзіць».
На сёлетні Вялікі пост Папа Леў XIV запрашае нас да «канкрэтнай (…) формы ўстрымання, а менавіта да ўстрымання ад слоў, якія ўдараюць і раняць бліжняга». Ён заклікае «раззбройваць мову, адмаўляючыся ад вострых слоў, хуткіх суджэнняў, дрэнных слоў пра тых, хто адсутнічае і не можа абараніць сябе, і пазбягаючы паклёпу. Замест гэтага, — заахвочвае Пантыфік, — давайце паспрабуем навучыцца ўзважваць словы і развіваць ветлівасць: у сям’і, у коле сяброў, на працоўных месцах, у сацыяльных сетках, палітычных дэбатах, сродках камунікацыі, хрысціянскіх супольнасцях. Тады шматлікія словы нянавісці саступяць месца словам надзеі і міру».
За Пантыфікам заклікаю вас, каб перыяд Вялікага посту быў таксама перыядам суцішанасці і ўстрымання ад празмернага карыстання сеткамі і сэлфізму, ад крытыканства і непрыязнасці.
Таксама, гаворачы пра слуханне Божага слова, да якога заклікае нас Святы Айцец, каб, прыслухаўшыся да голасу Пана, «аднавіць рашэнне ісці за Хрыстом па шляху, які вядзе ў Ерузалем, дзе спаўняецца таямніца Яго мукі, смерці і ўваскрасення» (Леў XIV. Апостальскае пасланне на вялікі пост 2026 г.).
Мае дарагія! Нагадваю вам, што адбываецца Агульнабеларуская навэнна «Найдаражэйшая Кроў Хрыста, умацуй нас!» У Вялікім посце прыпадае шосты дзень Навэнны, заклік якога «Кроў Хрыста, надзея ў пакаянні, — выбаў нас». Будзем перапрашаць Бога за грахі супраць жыцця і прасіць аб захаванні хрысціянскіх традыцый у сем’ях. Падчас гэтага перыяду пакаяння пастараемся выпрасіць у Найсвяцейшай Тройцы, каб «Кроў Хрыста пранікла ў кожнага чалавека і ў яго справы, прыносячы ўсім нам, паводле волі Божай, вызваленне, ачышчэнне, аздараўленне і асвячэнне. Няхай заяснее хвала Тваёй Крыві, Пане наш і Збаўца, і аб’явіцца яе моц».
Не забываймася пра міласціну, якой чакаюць тыя, хто ў патрэбе, пра нашу падтрымку. Сёлета каталіцкая дабрачынная арганізацыя Caritas Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі распачынае велікапосную акцыю, скіраваную на дзяцей, пад назвай «Скарбонка дабрыні», мэтай якой з’яўляецца даць дзецям з нашых парафій магчымасць праз канкрэтны добры ўчынак — міласціну — дапамагчы сваім аднагодкам, якія праходзяць рэабілітацыю ў нашым Дзіцячым цэнтры святога Лукі, што ў вёсцы Ляскоўка каля Мінска.
Браты і сёстры. Заахвочваю таксама да малітвы за нашу любую моладзь, якая збярэцца на традыцыйнае велікапоснае чуванне, якое адбудзецца 21 сакавіка ў мінскай архікатэдры Імя Найсвяцейшай Панны Марыі. Запрашаю моладзь да ўдзелу ў гэтым набажэнстве з адмысловай праграмай, падрыхтаванай спецыяльна для вас, каб у Езусе вы знайшлі сэнс жыцця і свайго паклікання. Асабліва паклікання да святарскага і манаскага служэння Богу і нашаму народу.
Мае дарагія.
Заахвочваю, каб мы знаходзілі час з удзячнасцю, суцішыўшыся ад хаосу свету, схіліліся перад Езусам у Найсвяцейшым Сакрамэнце, каб мы змаглі засяродзіцца на таямніцах мукі Хрыста, на Яго бязмежнай любові і Ахвяры дзеля збаўлення кожнага з нас.
Заахвочваю Вас да ўдзелу ў традыцыйных набажэнствах Вялікага посту такіх як «Крыжовы шлях», «Песні жальбы» (асабліва звяртаюся з заклікам да вернікаў Мінскага душпастырскага рэгіёна прыняць удзел у набажэнстве «Песні жальбы», якое кожны дзень Вялікага посту праводзіцца ў тзв. «Стацыйных касцёлах» Мінскага душпастырскага рэгіёна), а таксама ў рэкалекцыях і іншых духоўных практыках.
На пачатку Вялікага посту просім Бога, які «невычэрпныя таямніцы крыжа шматгранна ўвасобіў у жыцці святога Францішка», каб, па прыкладзе пабожнасці гэтага святога, разважаючы пра крыж і муку Хрыста, мы пакорна прымалі ўласнае цярпенне і былі вернымі Яго Евангеллю.
Жадаючы ўсім ласкі Вялікага посту, каб кожны з нас пачуў голас Бога і зведаў сапраўднае навяртанне і аднаўленне, шчырым сэрцам благаслаўляю: у імя Айца і Сына, і Духа Святога. Амэн.
✠ Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі






