
3 студзеня ў мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі, маці касцёлаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, прайшло святкаванне 80-годдзя заслужанага іерарха арцыбіскупа эмэрыта Тадэвуша Кандрусевіча. Імшу падзякі за пражытыя гады і плёны шматгадовага служэння Каталіцкаму Касцёлу ўзначаліў сам дастойны юбіляр.
У гэты дзень архікатэдра была запоўненая шматлікімі вернікамі і духавенствам, якія пачалі збірацца задоўга да святой Імшы, каб паглядзець запланаваную прэзентацыю аб жыцці і дзейнасці шаноўнага імянінніка. Экскурс у насычаную біяграфію арцыбіскупа эмэрыта сабраным прадставіў яго асабісты сакратар ксёндз Павел Эйсмант, дырэктар партала catholic.by.
На пачатку малітоўнага набажэнства з нагоды юбілею арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча з уступным словам да прысутных звярнуўся Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Арцыпастыр Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі шчыра прывітаў сабраных іерархаў, святароў, прадстаўнікоў дыпламатычнага корпусу і вернікаў, заахвоціўшы да разважання над таямніцай Уцелаўлёнага Слова і да ўдзячнасці за дар нованароджанага Езуса.
Іерарх адзначыў, што дзень нараджэння яго выбітнага папярэдніка на пасадзе мітрапаліта архідыяцэзіі таксама схіляе да рэфлексіі, успамінаў, да жадання нанова перажыць некаторыя моманты. Прамоўца звярнуўся да сабраных з просьбай памаліцца за дастойнага юбіляра, духоўна падтрымаць яго і прыняць у яго інтэнцыі святую Камунію.
Падзякаваўшы мітрапаліту за ўступнае слова, да прысутных прамовіў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
«Боскі гадзіннік ідзе і не затрымліваецца. Хаця яго не трэба накручваць і ён не патрабуе батарэйкі, тым не менш час яго працы абмежаваны Божай воляй. Мой гадзіннік ідзе ўжо 80 гадоў, і колькі яшчэ будзе ісці, залежыць ад Бога, якому я давяраю свой далейшы лёс»,
— адзначыў імяніннік.
Святую Імшу дастойны юбіляр ахвяраваў як знак падзякі Богу за восемдзясят гадоў жыцця — з просьбай аб Божым благаслаўленні на вызначаную Провідам будучыню. І таксама папрасіў прысутных маліцца ў яго інтэнцыі.
Гамілію да сабраных прамовіў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй.
Заглыбіўшыся ў рэфлексію над плёнамі васьмідзесяці гадоў жыцця і шматгадовага служэння юбіляра, іерарх паразважаў пра семантыку яго імені і сцвердзіў, што яно аказалася прароцкім, — Тадэвуш, паводле розных інтэрпрэтацый з габрэйскай і арамейскай моваў, азначае «адважны, смелы, спрытны, мужны, знаходлівы».
«Насычаная гісторыя жыцця арцыбіскупа Тадэвуша, якая выклікае павагу, удзячнасць і чалавечае ўзрушэнне, належыць, без сумневу, да гісторыі ўсяго Касцёла, і гэта не толькі даты, факты, пасады, але перадусім таямніца паклікання, якую можна зразумець толькі ў святле Божага слова і Божага Провіду. Святая Імша — гэта не працяг афіцыйнай урачыстасці і не сімвалічнае завяршэнне чалавечага святкавання, гэта месца, дзе Касцёл вучыць нас чытаць жыццё не вачыма хронікі, а вачыма веры»,
— адзначыў прамоўца.
Біскуп Уладзімір назваў юбілей заслужанага іерарха «момантам духоўнай праўды», бо гэта нагода стаць перад Богам, які «ад пачатку бачыць канец і нават праз чалавечую слабасць і драматычныя памылкі гісторыі здзяйсняе сваю ціхую, але непахісную волю збаўлення». Паводле прамоўцы, у гэты момант юбілею Касцёл спыняецца, каб убачыць не столькі веліч зробленага, колькі ціхую, настойлівую і трывалую вернасць пакліканню, якая з’яўляецца адметнасцю служэння Тадэвуша Кандрусевіча, гэтак жа як яго духоўная паслухмянасць, якая важнейшая за знешнія поспехі і чалавечыя ацэнкі.
Затым іерарх заахвоціў прысутных заглыбіцца ў духоўную сутнасць біскупскага дэвізу юбіляра Quis ut Deus — «Хто ж як Бог» — і ўбачыць, што для арцыбіскупа Тадэвуша гэта не проста тэалагічная формула, а пастава жыцця, закон сэрца і мера адказнасці.
«Дэвіз гэты стаў у далёкім 1989 годзе прадвеснікам эпахальных зменаў у жыцці Касцёла на нашых землях»,
— адзначыў гродзенскі біскуп, маючы на ўвазе біскупскую сакру паважанага імянінніка ў Базыліцы Святога Пятра ў Рыме з рук Святога Айца Яна Паўла ІІ.
Складанае служэнне арцыпастыра ў няпростыя часы, паводле прамоўцы, было прасторай для дзеяння Божай ласкі, «якая ніколі не асароміць тых, хто давярае Богу да канца».
«Менавіта таму асаблівую вартасць мае служэнне, якое не імкнецца да хуткіх вынікаў, не будуецца на гучных жэстах і не залежыць ад апладысментаў. Гэта служэнне, якое цярпліва закладвае падмурак, ведаючы, што Касцёл будуецца не на эфекце, а на вернасці»,
— адзначыў біскуп Уладзімір, заўважыўшы пры гэтым, што падзей з жыцця і дзейнасці шаноўнага юбіляра, без якіх немагчыма зразумець адраджэнне і сучаснасць Касцёла ў Расіі і Беларусі, хапіла б на напісанне як мінімум манаграфіі.
«Дарагія мае, Евангелле нагадвае нам, што сапраўдны пастыр не пакідае статка ў час выпрабаванняў (пар. Ян 10, 11-15), не адступае, калі шлях становіцца вузкім, і не ўцякае ад адказнасці, калі служэнне патрабуе крыжа. Гэта пастава, якая не заўсёды бачная звонку, але якая заўсёды распазнаецца Богам, бо заставацца з Касцёлам, нават калі гэта азначае маўклівую вытрымку, унутраную самоту і гатоўнасць несці крыж без публічнага прызнання, з’яўляецца адным з найглыбейшых сведчанняў пастырскай любові. Вы ўсё гэта добра ведаеце, Эксцэленцыя!»
— падсумаваў біскуп Гуляй.
Прамоўца канстатаваў, што кожны юбілей паказвае, як хутка мінае час, аднак у выпадку з арцыбіскупам Тадэвушам выхад на пенсію, які адбыўся пяць гадоў таму, — гэта не бяздзеянне і нават не адпачынак, бо яны проста несумяшчальныя з натурай заслужанага іерарха, які па-ранейшаму актыўна ўдзельнічае ў жыцці Касцёла.
«Эксцэленцыя, Вы ўсім свам жыццём паказваеце, што пакліканне не заканчваецца з узростам або зменай абставін. Пакуль б’ецца сэрца пастыра, служэнне працягваецца. Яно пераходзіць у новую фазу — фазу сталасці, малітвы, унутранай прысутнасці, духоўнага сведчання. І сёння мы ўсё гэта бачым: гэта ўжо служэнне не пасадай, а служэнне, я б сказаў, аўтарытэтам духоўнай сталасці. Служэнне, якое ўжо не павінна даказваць сябе. Яно прамаўляе цішынёй, вопытам і вернасцю, якая прайшла праз выпрабаванні і засталася нязломнай»,
— звярнуўся да заслужанага іерарха біскуп Уладзімір і падзякаваў яму ад імя ўсіх прысутных за моцнае сведчанне і жыццё, аддадзенае Богу.
Напрыканцы святой Імшы прагучала шмат віншаванняў у адрас паважанага юбіляра. Віншаванне на італьянскай мове ад Апостальскага нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Іньяцыё Чэффаліа, у якім была выказаная падзяка за «узорны біскупскі шлях», зачытаў сакратар Нунцыятуры мансеньёр Кшыштаф Сэрока.
Ад імя Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі павіншаваў імянінніка яе Старшыня арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, які падзякаваў арцыбіскупу Тадэвушу за прыклад наследавання Пана не толькі праз дасягненні і трыумфы, але і праз хваробу і цярпенне.
Ад імя святароў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі прамовілі ксёндз канонік Пётр Шарко і ксёндз канонік Андрэй Яркавец, выказаўшы захапленне энергічнасцю юбіляра і прыкладам яго нястомнага служэння, які натхняе братоў у святарстве.
Ад грэка-каталіцкай супольнасці павіншаваў заслужанага іерарха Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, які выказаў шчырую падзяку імянінніку за заўсёдную падтрымку католікаў іншых абрадаў.
Ксёндз Андрэй Лысы TChr скіраваў словы віншавання ад імя кансэкраваных асобаў Беларусі, заўважыўшы, што ледзь не ўсе кангрэгацыі, якія служаць у Беларусі, распачалі сваю дзейнасць дзякуючы ініцыятыве арцыбіскупа Кандрусевіча.
Пасля віншаванняў іерархаў і святароў сардэчныя словы пажаданняў выказалі шматлікія свецкія асобы: прадстаўнікі касцёльных рухаў, моладзі і дзяцей Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, вернікі катэдральнай парафіі і роднай парафіі юбіляра ў Адэльску на чале з пробашчам ксяндзом канонікам Віктарам Мыслюком, а таксама вернікі Магілёўскага рэгіёна архідыяцэзіі.
У заключным слове арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч падзякаваў за выказаныя віншаванні і пажаданні, працытаваўшы словы Кнігі псальмаў: «Не нам, Пане, не нам, але імені Твайму дай славу» (Пс 115, 1) — і падкрэсліўшы гэтым, што святкаванне юбілею 80-годдзя ён прысвячае не сабе, але Богу, які паклікаў яго да жыцця і кіраваў ім.
Іерарх-імяніннік выказаў удзячнасць бацькам за дар жыцця і каталіцкае выхаванне, бацькам і святарам за дапамогу ў распазнанні паклікання, прафесарам Гродзенскага педінстытута і Ленінградскага політэхнічнага інстытута, у якіх атрымаў матэматычную і тэхнічную адукацыю, прафесарам і выхавацелям Каўнаскай духоўнай семінарыі, біскупам, святарам і кансэкраваным асобам Расіі і Беларусі і вернікам за малітвы, духоўную падтрымку і салідарнасць у спрыяльныя і складаныя часы.
Пры гэтым ён падзяліўся некаторымі момантамі свайго жыцця, у якіх асаблівым чынам праявілася Божая апека і заступніцтва Багародзіцы. Божы Провід паставіў яго быць першым біскупам у Беларусі і Расіі з заданнем распачаць адраджэнне Касцёла ў гэтых краінах пасля трох пакаленняў ганенняў. Паводле заслужанага іерарха, гэта было складанае заданне, але Бог благаславіў.
Арцыбіскуп Кандрусевіч параўнаў сябе з «бульдозерам, які расчышчаў дарогу ад атэістычных завалаў, каб потым іншыя маглі будаваць аўтастраду, па якой Касцёл будзе весці людзей шляхам збаўлення». Дастойны юбіляр выбачыўся за недахопы і папрасіў падтрымліваць яго малітвай. Заверыў, што, будучы біскупам, хоча і надалей заставацца найперш хрысціянінам, каб быць разам з народам і служыць яму.
Напрыканцы прамовы імяніннік адзначыў, што хоць важнасць падзеі не схіляе да жартаў, аднак, паколькі прадстаўнікі руху «Маці ў малітве» назвалі яго ў сваім віншаванні «біскупам гумару», трэба пацвердзіць гэты статус.
У сваёй звыклай жартаўлівай манеры арцыбіскуп запрасіў прадстаўнікоў моладзі паўдзельнічаць у яго імправізаваным эксперыменце. Хлопец і дзяўчына мусілі памяняцца абуткам і адпаведна прайсціся ў чужым.
Маладыя людзі пацвердзілі гіпотэзу аб тым, што гэта або выклікае дыскамфорт (у выпадку дзяўчыны), або ўвогуле немагчыма (у выпадку хлопца), а аўтар эксперыменту рэзюмаваў па-англійску: «Step in your own shoes» — і пераклаў: «Будзьце ў сваіх пантофлях». У гумарыстычную форму юбіляр, як заўсёды, уклаў глыбокі змест: «Не пераабувайцеся! Не здраджвайце сваёй веры».
Пасля ўдзеленага ўсімі біскупамі благаслаўлення прысутныя святары і іерархі зрабілі супольнае фота з юбілярам.
Выходзячы з касцёла, кожны з прысутных мог атрымаць на памяць аб падзеі абразкі з выявай Езуса, Добрага Пастыра. Удзячныя вернікі і пасля заключнай працэсіі падыходзілі да арцыбіскупа Тадэвуша ў прыватным парадку, каб выказаць словы віншавання, падарыць кветкі, атрымаць аўтограф на зборніку казанняў, што без перабольшання сведчыць пра ўсенародную любоў і пашану да заслужанага пастыра Касцёла.



































































































































