Пошук

29.12.2025 15:11   Тэкст і фота: удзельнікі экскурсіі / Catholic.by

26 снежня, у дзень Святога Стэфана, першамучаніка, 17 міністрантаў з парафіі святога Міхала Арханёла ў Навагрудку (Гродзенская дыяцэзія) здзейснілі асаблівую духоўна-пазнавальную экскурсію па гістарычным цэнтры Гродна. Мэтай выезду было паглыбленае знаёмства падрастаючага пакалення з каштоўнай рэлігійнай і культурнай спадчынай горада. Асаблівая ўвага была таксама звернута на тэму распазнання юнакамі іх жыццёвага паклікання.

Маршрут экскурсіі ахопліваў гістарычныя каталіцкія святыні:

  • Катэдральны касцёл Святога Францішка Ксавэрыя (Фарны касцёл), які з'яўляецца адным з чатырох у Беларусі з тытулам Малой базылікі. Святыня, пабудаваная Ордэнам езуітаў, была урачыста асвечана ў 1705 годзе ў прысутнасці двух манархаў — рускага цара Пятра I і польскага караля Аўгуста II Моцнага.
  • Касцёл Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі (Пабрыгідскі).
  • Касцёл Узвышэння Святога Крыжа (Пабернардынскі) — найстарэйшы з дзеючых каталіцкіх касцёлаў у Гродне, будаўніцтва якога вялося з канца XVI стагоддзя.
  • Францішканскі касцёл Маці Божай Анёльскай, дзе на працягу некалькіх гадоў у міжваенны перыяд XX стагоддзя служыў святы Максімільян Марыя Кольбэ.

Асаблівым пунктам праграмы стала наведванне Міждыяцэзіяльнай Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, якая размяшчаецца ў мурах былога кляштара бэрнардынаў. Тут яе навучэнцы правялі для міністрантаў адмысловую экскурсію, падчас якой маладыя людзі пазнаёміліся з рытмам навучання і фармацыі будучых святароў. Хлопцы мелі магчымасць у неафіцыйнай абстаноўцы пагутарыць і папіць гарбаты разам з навучэнцамі, што дазволіла ім лепш зразумець жыццё клерыкаў.

«Гэтая экскурсія — наш уклад у духоўнае развіццё моладзі, — падзяліўся адзін са старэйшых міністрантаў, удзельнікаў экскурсіі. — Важна, каб хлопцы не толькі служылі ля алтара, але і разумелі глыбіню нашай веры, пабачылі яе гісторыю, ўвасобленую ў гэтых гістарычных мурах, і ведалі, які шлях праходзяць тыя, хто вырашыў прысвяціць сябе выключнаму служэнню Богу, дзеля выратавання душаў».

Выезд скончыўся ўрачыстай святой Імшой у парафіяльным касцёле святога Арханёла Міхала ў Навагрудку ў свята святога Стэфана, першамучаніка.

Абноўлена 29.12.2025 15:16
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа