
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі кіруе духавенству і вернікам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі сардэчныя пажаданні з нагоды святаў Божага Нараджэння і Новага 2026 года.
«Хвала на вышынях Богу, а на зямлі спакой людзям добрай волі»
(Лк 2, 14).
Дарагія браты і сёстры!
У час Божага Нараджэння мы ізноў адправімся ў духоўную пілігрымку ў бэтлеемскую пячору, каб знайсці Немаўля, спавітае і пакладзенае ў яслях (пар. Лк 2, 12), каб пабыць там з Найсвяцейшай Паннай Марыяй і святым Юзафам, а таксама з пастухамі ў адарацыі Слова, якое сталася целам і пасялілася між намі (пар. Ян 1, 14).
Час святкавання Божага Нараджэння — гэта час прыняцця любові Бога праз Яго надзвычайны падарунак — нараджэнне Езуса Хрыста, Божага Сына. Бог стаў маленькім Дзіцяткам, каб мы не баяліся Яго. Бог пажадаў прыйсці да нас Немаўляткам, каб мы маглі наблізіцца і прытуліцца да Яго.
Божае Нараджэнне — гэта непаўторнае свята жыцця і надзеі. Таямніца, якую мы перажываем, дапамагае нам адчуць блізкасць Бога. Усіх нас любіць Бог, які з любові да кожнага з нас пажадаў жыць на зямлі: «з намі Бог» (пар. Лк 1, 22).
Браты і сёстры! Давайце ў гэтыя святочныя дні зноў зачаруем сябе прыгажосцю і прастатой веры Марыі, даверам Юзафа і паслухмянасцю бэтлеемскіх пастухоў. Не разумеючы так шмат рэчаў, яны з прастатой і чысцінёй сэрца прынялі Слова, распазналі яго як праўду і дазволілі яму кіравацца сабой: вось што такое праўдзівая вера і давер!
Мае дарагія! Жадаю вам гэтай веры ад усяго сэрца. Няхай яна супакоіць трывожныя дні, умацуе слабое, суцешыць сумнае, прынясе колеры туды, дзе шэрасць, цішыню туды, дзе шум, і супакой туды, дзе вайна!
Да гэтых пажаданняў я далучаю разам з вамі шчырую падзяку за ўсё добрае, што мы зрабілі ў мінулым Юбілейным годзе дзеля добраўпарадкавання нашых сэрцаў і асяроддзя. Асабліва за тое, што засталося незаўважаным, неацэненым або прыменшаным.
Няхай Бог узнагародзіць за здзейсненае дабро, Святая Багародзіца Марыя Будслаўская, Каралева Беларусі, заступіцца за нас, а святыя і благаслаўлёныя зямлі беларускай моляцца за нас!
Свае пажаданні суправаджаю пастырскім благаслаўленнем на Калядныя святы і на кожны дзень Новага 2026 года ад Пана: у імя Айца і Сына, і Духа Святога.
✠ Арцыбіскуп Іосіф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі
Мінск, Божае Нараджэнне 2025 — Новы 2026 год







