Пошук

26.09.2016 00:00  

25 верасня ў в. Пеляса адбылася ўрачыстасць з нагоды ўспаміну апекуна парафіі — святога Ліна. Адметнасцю гэтай парафіі з’яўляецца не толькі размяшчэнне ў памежнай зоне Беларусі з Літвой, але і шматнацыянальнасць мясцовай супольнасці: сярод вернікаў — беларусы, літоўцы і палякі, а парафію абслугоўвае святар з Літвы.

Па запрашэнні пробашча кс. Элія Анатолія Маркаўскаса на свята прыбыў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. Ля брамаў святыні Мітрапаліта сустрэлі прадстаўнікі мясцовай супольнасці з караваем і прывітальнымі словамі на літоўскай і беларускай мовах. Затым іерарх прайшоў у касцёл па дарозе, усцеленай кветкамі.

Выказаўшы падзяку прадстаўнікам беларускіх і літоўскіх уладаў за садзейнічанне развіццю Каталіцкага Касцёла, арцыбіскуп у сваёй гаміліі, якую таксама прамовіў на дзвюх мовах, заклікаў усіх сабраных кіравацца евангельскімі каштоўнасцямі ў наш секулярны час. «Мы перамаглі з несвабодай, але ці пераможам са свабодай?» — адзначыў іерарх, звяртаючы ўвагу на пагрозы сучаснага свету. «Новымі святынямі становяцца стадыёны і супермаркеты, а хрысціянскія каштоўнасці выдаляюцца на перыферыю грамадскага жыцця», — дадаў арцыпастыр.

Мітрапаліт нагадаў, што дзякуючы Каталіцкаму Касцёлу ў Літве і католікам Літвы, якія збераглі святыні і каталіцкую семінарыю ад закрыцця, ён змог стаць святаром, паступіўшы ў Каўнаскую семінарыю.

«Каунаскай семінарыі за сваё святарства ўдзячныя таксама біскупы з Гродна і Навасібірска», — адзначыў Мітрапаліт.

Святы Лін, як нагадаў у сваёй гаміліі арцыпастыр, быў «другім Рымскім Папам, непасрэдным наступнікам святога Пятра». «Ён быў тым пунктам, вакол якога ў часы жорсткіх ганенняў аб’ядноўваліся хрысціяне яшчэ апостальскіх часоў. Падобна Пятру, прыкладам і коштам свайго жыцця ён адказаў Езусу: “Так, Пане, я люблю Цябе”», — дадаў Мітрапаліт і адзначыў, што сваё жыццё ў імя Хрыста і веры аддавалі і нашыя сучаснікі. Адным з іх быў кс. Уладзіслаў Букавінскі, беатыфікацыя якога адбылася ў верасні. Святар пасля прабывання ў савецкіх лагерах адмовіўся ехаць у Польшчу дзеля таго, каб застацца са сваёй паствай у Карагандзе.

«Нашы продкі ў часы пераследу Касцёла сваім хрысціянскім сведчаннем і нават мучаніцкай смерцю пацвердзілі любоў да Езуса. Сёння і мы, радуючыся свабодзе веравызнання і адначасова перажываючы трывожныя часы рэлігійнай абыякавасці, скажам: “Пане, мы любім Цябе”. Любіць жа Бога — азначае жыць Яго вучэннем, памятаць пра тое, што Евангелле дадзена нам не для таго, каб мы яго змянялі, а каб яно змяняла нас», — падкрэсліў арцыпастыр і заклікаў задумацца, да якіх каштоўнасцяў — хрысціянскіх ці секулярных — мы імкнёмся.

Гамілія падчас адпустовай урачыстасці ў парафіі Святога Ліна ў Пелясе.

Пасля святой Імшы і працэсіі з Найсвяцейшым Сакрамэнтам вакол святыні арцыбіскуп благаславіў сабраных. Затым парафіяне і госці накіраваліся на канцэрт, у якім удзельнічалі калектывы мясцовай літоўскай супольнасці і госці з Алітуса.

Святыня ў Пелесе была пабудавана ў пачатку ХХ стагоддзя. У 1962 годзе па рашэнні мясцовых уладаў набажэнствы былі спынены, а будынак выкарыстоўваўся для гаспадарчых патрэб саўгаса. Нанова святыня была адчынена ў 1988 годзе. На сёння набажэнствы тут праводзяцца на трох мовах — літоўскай, польскай, беларускай.

Віктар Хруль
(VGr)

Абноўлена 05.06.2017 13:31
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа