Пошук

15.09.2016 16:43  

14 верасня ў гродзенскай парафіі Адшукання Святога Крыжа (пабернардынская) адбылася адпустовая ўрачыстасць.

Вялікі крыж, размешчаны ў галоўным алтары святыні, надае гэтаму сакральнаму будынку веліч і стварае малітоўную атмасферу.

У дзень парафіяльнага адпусту святыню наведалі шматлікія жыхары Гродна, каб ушанаваць дрэва крыжа, стаць перад ім, як Маці Божая Балесная і святы Ян, каб ачысціць свае сэрцы ад шуму, мітусні і штодзённых спраў і пачуць: «Вось Маці твая». Свята Узвышэння Святога Крыжа з'яўляецца нагодай наблізіцца да крыжа і паспрабаваць зразумець яго пасланне.

Урачыстую святую Імшу ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. У гаміліі іерарх разважаў над глыбінёй паслання крыжа, а таксама адзначыў, што часам людзі ўспрымаюць яго як упрыгажэнне, біжутэрыю або як бірульку для ключоў.



«Дзякуючы смерці Езуса Хрыста крыж перастаў быць сімвалам нянавісці, гвалту, жорсткасці і пагарды да чалавека. З моманту смерці Езуса мы глядзім на крыж інакш – як на знак найбольшай любові, прабачэння, міласэрнасці і прымірэння. З моманту смерці Хрыста крыж стаў знакам надзеі, сімвалам перамогі, пасланнем збаўлення і вечнага шчасця», —сказаў біскуп.

Іерарх дадаў, што «ў крыжы Езуса Хрыста прыходзіць да нас Божая любоў — бясконцая, як бясконцым з'яўляецца Бог», і «гэта любоў, якая збаўляе, аздараўляе і ператварае нашыя душы».

«У таямніцы Крыжа Пан Езус глядзіць на нас з любоўю і ўлівае ў нашыя сэрцы ўпэўненасць, што нават у самых вялікіх цярпеннях, у самых цяжкіх выпрабаваннях і ў самых балючых перажываннях мы ніколі не застаемся адны», — адзначыў гродзенскі ардынарый.

На заканчэнне гаміліі біскуп заклікаў прысутных ніколі не сумнявацца ў сэнсе крыжа і ў Тым, Хто быў на ім укрыжаваны дзеля збаўлення людзей.

Падчас Імшы дзве манахіні з Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям'і з Назарэта — с. Галіна Занеўская CSFN i с. Іерэмія Кулікоўская CSFN — дзякавалі Богу за 25 гадоў манаскага жыцця. Гродзенская парафія Адшукання Святога Крыжа была тым месцам, дзе яны распачалі сваю манаскую фармацыю, а плябанія касцёла — месцам іх жыхарства.



Дзеці, моладзь і дарослыя павіншавалі юбілярак, жадаючы, каб яны працягвалі даваць свету сведчанне жывой веры і абвяшчалі іншым патрэбу прысвячэння свайго жыцця Богу.

На заканчэнне Імшы юбіляркі падзякавалі сваім бацькам і родным, а таксама біскупу Аляксандру Кашкевічу і ўсім манахіням з супольнасці назарэтанак за падтрымку і малітву.

Урачыстасць скончылася эўхарыстычнай працэсіяй i спевам гімну «Te Deum».

Паводле grodnensis.by

(AG)

Фота grodnensis.by

Абноўлена 05.06.2017 13:31
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.