Пошук

30.08.2016 22:04  

30 жніўня падчас Імшы ўвечары старажытны касцёл Адшукання Святога Крыжа ў Гродне быў перапоўнены. Гродзенцы прыйшлі памаліцца за свайго шматгадовага пастыра, вартаўніка веры ў горадзе над Нёманам кс. інфулата Міхала Арановіча ў 25-ю гадавіну яго смерці.

Святую Імшу ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. У ёй прынялі ўдзел біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч і дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, шматлікія святары, кансэкраваныя асобы і вернікі.

У гаміліі Мітрапаліт узгадаў біяграфію кс. інфулата Міхала Арановіча і яго дзейнасць на Гродзеншчыне ў савецкія часы ганенняў на Касцёл.

Будучы святар нарадзіўся ў 1907 г. у парафіі ў Рудцы на тэрыторыі сучаснай Драгічынскай дыяцэзіі ў Польшчы. У 1926 г. ён паступіў у духоўную семінарыю ў Вільні і адначасова вучыўся на тэалагічным факультэце Віленскага ўніверсітэта. У 1932 г. атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне з рук Мітрапаліта Віленскага арцыбіскупа Рамана Ялбжыкоўскага. Быў прызначаны вікарыем, а потым пробашчам парафіі ў Каменцы ў Шчучынскім раёне, дзе працаваў да 1938 г. У 1939 г. быў прызначаны вайсковым капеланам і ў тым жа годзе інтэрнаваны ў Літву. У 1941 г. быў ізноў прызначаны пробашчам парафіі ў Каменцы, дзе служыў да 1948 г., калі быў прызначаны капеланам брыгідскага касцёла ў Гродне для сясцёр назарэтанак. Аднак у 1950 г. улады зачынілі гэты касцёл, і кс. Арановіч са смуткам перанёс з яго Найсвяцейшы Сакрамэнт у бернардынскі касцёл, куды быў прызначаны вікарыем. У 1951 г. святар быў арыштаваны і да 1953 г. прабываў у ссылцы ў Кемераўскай вобласці. Вярнуўся ў Гродна і з 1954 г. да самай смерці быў пробашчам бернардынскага касцёла і дэканам Гродзенскім. Таксама выконваў абавязкі Генеральнага вікарыя ў Гродзенскай вобласці. Такім чынам, як адзначыў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, у асобе кс. Міхала Арановіча на Гродзеншчыне захавалася іерархічная ўлада ў часы, калі ў Беларусі не было біскупа.

Гэты святар, як дадаў Мітрапаліт, перажыў цяжкія часы ганенняў. Пасля высылкі з Гродна пробашча фарнага касцёла з 1961 г. ксёндз Арановіч абслугоўваў і гэтую святыню, хаця б некалькі разоў у год, бо ўлады не дазвалялі рэгулярна праводзіць у ім святую Імшу. Вялікай трагедыяй для святара было разбурэнне ў 1961 г. Вітальдавай фары — найстарэйшага касцёла Гродна.

Гэта быў час, калі ў Гродне засталіся толькі два святары — кс. Міхал Арановіч і айцец францішканін Аркадзь Вальтас, пробашч парафіі Маці Божай Анёльскай. Калі апошні памёр, то кс. Арановіч заставаўся адзіным гродзенскім святаром да прызначэння ў 1976 г. пробашчам францішканскай парафіі кс. Юзафа Трубовіча.

Мітрапаліт нагадаў, што, працуючы ў тыя цяжкія часы, кс. Міхал Арановіч патаемна хрысціў, вянчаў, катэхізаваў. За гэта ён быў пераследаваны ўладамі. У 1979 г. Ян Павел II прызначыў яго прэлатам, а ў 1990 г. — інфулатам.

Шмат увагі, дадаў Мітрапаліт, ксёндз Арановіч прысвячаў і апецы над новымі святарамі, клапаціўся аб іх падрыхтоўцы. Напрыклад, сённяшні пробашч парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Лідзе кс. прэлат Вінцэнт Лісоўскі і пробашч маскоўскай катэдры кс. Юзаф Занеўскі, пэўны час не маючы дазволу ўладаў на афіцыйную дзейнасць, знайшлі прытулак у кс. Міхала Арановіча. Пад яго духоўнай апекай доўгія гады былі і сёстры назарэтанкі.

«Сёння трэба сказаць, што ў часы ганенняў Бог паслаў гродзенскім католікам правідэнцыйнага святара, які не наракаў, а толькі працаваў і бараніў Касцёл і клапаціўся аб пакліканнях да святарства, — сказаў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. — За яго руплівасць, малітву і веру ў перамогу дабра над злом Бог аддзячыў яму тым, што ён дачакаўся свабоды веравызнання, прызначэння біскупа, адкрыцця духоўнай семінарыі ў Гродне». Іерарх дадаў, што ў 1990 г. ксёндз Міхал Арановіч са слязьмі перанёс Найсвяцейшы Сакрамэнт у брыгідскі касцёл, з якога ў 1950 г. павінен быў яго вынесці.
 
«Святой памяці кс. інфулат Міхал Арановіч залатымі літарамі ўпісаўся ў гісторыю Касцёла на Гродзеншчыне і ў нашай краіне», — падкрэсліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Мітрапаліт дадаў, што гэты святар «быў нязломным ваяром за веру і правы вернікаў», «сваёй актыўнай і вернай Касцёлу дзейнасцю стаўся сімвалам веры і яе святлом у цемры атэізму». «Такія, як ён і падобныя яму святары, з’яўляюцца касцёльнымі героямі. Яны захавалі веру і перадалі яе новым пакаленням у жудасных абставінах пераследу, — сказаў арцыпастыр. — Без іх не было б нас. Хвала ім на зямлі і, напэўна, міласэрны Бог аддзячыць ім шчасцем вечным».

Кажучы аб тым, што мінула 25 гадоў з часу смерці гэтага заслужанага святара, іерарх адзначыў: «Мы яго ўспамінаем з удзячнасцю і павагай. Яго прыклад павінен заахвоціць нас усіх у новых абставінах свабоды веравызнання і адначасова наступаючага секулярызму і адыходу ад Бога заставацца вернымі свайму хрысціянскаму пакліканню. Яго прыклад як святара павінен таксама стаць новым імпульсам да ахвярнага служэння святароў і да адкрыцця паклікання да святарства».

«Дзякуем табе, ксёндз інфулат Міхал Арановіч! Ты, як арханёл Міхал, бараніў Божую справу на працягу 59 гадоў святарскага служэння, з якіх 43 прыпадае на Гродна. Няхай узнагародай табе будзе краіна вечнага шчасця ў небе», — гэтымі словамі Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч завяршыў гамілію.

(DN), (AG)

Абноўлена 05.06.2017 13:31
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа