Пошук

30.12.2024 18:40   Фота: Таццяна Дуенкава / Catholic.by

29 снежня, у свята Святой Сям’і: Езуса, Марыі і Юзафа, у конкатэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Магілёве адбыўся ўрачысты абрад адкрыцця юбілейнай святыні Святога 2025 года — адной з трох, якія рашэннем Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага ўстаноўлены ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Урачысты абрад і цэлебрацыю святой Імшы ў касцёле, прызначаным адной з юбілейных святыняў, узначаліў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB.

Ва ўрачыстым адкрыцці юбілейнай  святыні ўзялі ўдзел пробашч парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Магілёве ксёндз Уладзімір Русак, ксёндз вікарый Павел Сідарэнка, літургічная служба алтара і мясцовыя вернікі.

У прамоўленай падчас Імшы гаміліі біскуп Яшэўскі засяродзіўся на ролі Святой Сям’і і сям’і наогул у гісторыі збаўлення. Іерарх перадусім адзначыў, што сям’я была ўстаноўлена Богам як супольнасць асобаў і што Сын Божы прыйшлў на гэты свет таксама ў сям’і.

«Езус нарадзіўся з сям’і, каб адкупіць сям’ю, каб паяднаць усё сямейнае жыццё з Богам, таму што сям’я мае вырашальную ролю ў свеце, створаным Богам. Сям’я, заснаваная на сужэнстве паміж мужчынам і жанчынай, з’яўляецца першапачатковым сакрамэнтам, таму што павінна быць дзейсным знакам любові Бога ў свеце, еднасці Асобаў Божых. Калі сям’я квітнее, як задумана Богам, усё астатняе можа заняць належны парадак. Але калі сям’я становіцца асяродкам граху, а не школай асвячэння, наносяцца самыя глыбокія раны. Таму д’ябал заўсёды змагаецца з сем’ямі, ад сям’і Адама і Евы, да сем’яў, у якіх мы выраслі, да рэлігійных сем’яў і да сям’і, якую заснаваў сам Езус са сваёй Нявестай і Целам, Касцёлам», — сказаў біскуп, дадаўшы, што ўсю справу Езуса можна разглядаць як аднаўленне сям’і на належным для яе пршапачатковым месцы, яна стала месцам адкуплення і домам святасці.

«Касцёл мае місію не толькі сведчыць аб праўдзе аб сям’і, абвяшчаць Божую міласэрнасць і заклікаць да змены жыцця — тое, што мы робім і павінны рабіць у эпоху, якая так заблытана адносна чалавечай сексуальнасці, любові, шлюбу і сям’і, у якой адбываецца канцэптуальная атака, якая спрабуе пераасэнсаваць шлюб і сям’ю такім чынам, што Святы Пасад у Арганізацыі Аб’яднаных Нацый увесь час вымушаны абараняць нават слова „сям’я“ (якое мае выразную структуру) ад тых, хто заўсёды спрабуе замяніць слова „сем’і“ (якія, як яны лічаць, можна вызначыць як саюз без мужа, жонкі, маці або бацькі), — але Касцёл таксама пакліканы даваць для сем’яў свету ўзор сямейнай любові і дабрадзейнасці, што дапаможа сем’ям станавіцца святымі сем’ямі. <…>

Касцёл — гэта сям’я хрысціянскіх сем’яў, праз якія павінны панаваць Хрыстовыя дабрадзейнасць. І як маці, Касцёл імкнецца дапамагчы ўсім сваім дзецям навучыцца жыць гэтай дабрадзейнасцю», — падкрэсліў біскуп Яшэўскі, адзначыўшы, што «нашы дысфункцыйныя сем’і маюць патрэбу ў Касцёле, каб ён дапамог ім знайсці ў Хрысце лекі любові, якія могуць дапамагчы сям’і, нягледзячы на ўсе яе ўзлёты і падзенні, функцыянаваць так, як яна павінна: як школа хрысціянскай любові, якая рыхтуе людзей не абавязкова да зямной кар’еры і велічы, але для неба».

Паводле іерарха, Касцёл — гэта «асяроддзе, якое павінна дапамагчы нам, як Дзіця Езус, навучыцца займацца справамі Бога Айца, каб разам з Езусам, Марыяй і Юзафам мы маглі вечна жыць у доме Айца. Але кожны з нас у гэтай сям’і павінен узяць на сябе сваю ролю ў яе ўмацаванні, каб узмоцненая сям’я Касцёла магла ўмацоўваць кожную сям’ю», — сказаў пастыр, заахвоціўшы прысутных чэрпаць неабходную для гэтага ласку з сакрамэнтаў Касцёла, перадусім з Эўхарыстыі. Ён назваў яе «вялікім сямейным святам», для ўдзелу ў якім неабходна захоўваць братнюю еднасць і «прымірыцца з тымі, хто мае нешта супраць нас».

«Езус прыйшоў, каб адкупіць сям’ю, каб адкупіць нашыя сем’і, каб адкупіць сям’ю Касцёла, і менавіта так Ён хоча працягнуць вялікую справу, пачатую ў Святой Сям’і з Бэтлеема і Назарэта.

Разам, наследуючы верную паслухмянасць Найсвяцейшай Маці і Святога Юзафа, мы як сям’я разам кажам „будзь воля Твая“, просячы іх заступніцтва, каб нашыя сем’і, парафія і Касцёл сталі па-сапраўднаму святымі, засяроджанымі на Езусе, якому мы маем такі вялікі прывілей пакланяцца і якога можам прымаць», — сказаў на заканчэнне гаміліі біскуп Аляксандр Яшэўскі.

У свята Святой Сям’і прысутныя ў магілёўскай святыні сужонкі аднавілі свае сужэнскія абяцанні.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа